Адказвае Садху-бхушана дас:
Калі адказваць на гэтае пытанне вельмі сцісла і коратка, то служэнне ўвогуле – гэта натуральная, прыродная, вечная ўласцівасць кожнай жывой істоты. Калі прыглядзецца, дык можна заўважыць, што кожны камусьці так ці іначай служыць: сваёй сям’і, свайму сабаку, сваёй машыне, краіне, нацыі і гэтак далей. І кожны ў гэтым служэнні атрымлівае пэўную асалоду, большую ці меншую. І гэта цалкам натуральна. Але, на вялікі жаль, усе гэтыя аб’екты нашага служэння, па-першае, часовыя (бо рана ці позна сем’і распадаюцца, машына ламаецца, блізкія людзі сыходзяць і г.д.), а па-другое, часта яны не адказваюць на нашае служэнне ўзаемнасцю, і мы вымушаныя адчуваць боль, прыкрасць і да т.п.
Трапіўшы ў матэрыяльны свет, мы замест Вярхоўнай Асобы Бога пачынаем шукаць Яму замену і аддаваць сваю энергію служэння каму заўгодна, але толькі не Яму.
Такім парадкам, калі мы сапраўды ўсвядомім, хто на самай справе ёсць адзіным аб’ектам нашага служэння, ды пачнем шчыра і бескарысліва Яму служыць, то ўсе астатнія аб’екты аўтаматычна будуць здаволеныя. Падобна таму, як садоўнік палівае корань дрэва, які потым сілкуе галіны, лісце і кветкі. Асобна ж паліваць лісце ці галіны не мае сэнсу.
Ведыйскія пісьмы раяць пачынаць адданае служэнне з паўтарэння Харэ Крышна маха-мантры і прапаноўвання плёнаў сваёй дзейнасці Богу. Пачаць можна з прапаноўвання ўсёй сваёй ежы Госпаду. Але пры гэтым трэба пільнавацца рэкамендацый, дадзеных самім Госпадам у Бхагавад-гіце (9.26), дзе Ён кажа, што і як трэба прапаноўваць Яму. Таксама пра гэта можна пачытаць у 9.27, 3.13. Асвячоная ежа (прасад) ачышчае нашае цела і розум, а паўтарэнне мантры ачышчае свядомасць і набліжае яе да свядомасці Крышны, натуральнага стану душы.
Далей, трэба штодня чытаць і абмяркоўваць з адданымі ведыйскія пісьмы, такія як Бхагавад-гіта, Шрымад-Бхагаватам, Нектар адданасці ды інш. Увогуле, кантакты з супольнасцю адданых – гэта найгалоўны чыннік развіцця ў адданым служэнні. Без гэтага нашае служэнне будзе ўяўным, і мы хутка пакінем яго, знойдучы больш прывабны аб’ект для задавальнення сваіх пачуццяў.
Апроч усяго вышэйзгаданага, існуе дзевяць метадаў адданага служэння, выконваючы якія адданы мусіць быць цалкам упэўнены ў тым, што ён абавязкова дасягне лотасавых стоп Госпада Крышны. Пра ўсе дзевяць мы казаць тут не будзем, але памянем тут толькі два першыя: шраванам (слуханне) і кіртанам (паўтарэнне). Важна слухаць дасведчаных адданых, якія ўмацаваліся на шляху адданага служэння. Абавязкова пачніце слухаць лекцыі Шрылы Прабхупады, бо гэта фундамент і аснова. Усё астатняе прыйдзе з цягам часу.
Больш падрабязна пра ўсе згаданыя моманты можна прачытаць ва Уступе да Бхагавад-гіты, у самой Бхагавад-гіце, а таксама ў такіх кнігах, як Нектар адданасці, Нектар настаўленняў ды інш. На сайце gita.by можна спампаваць гэтыя, а таксама іншыя пераклады кніг Шрылы Прабхупады на беларускую мову.
Дзякуй.
Харэ Крышна!