Шры Рама і лодачнік Кеват

img

Падчас выгнання Госпад Шры Рамачандра разам з Шрымаці Сітай-дэві і Лакшманам дабраліся да Гангі паблізу Шрынгаверапура. Тут падарожнікі сустрэліся з Гухам, каралём нішадаў. Дачуўшыся пра выгнаннікаў, Гуха прыбыў да месца іхнага адпачынку на беразе Гангі ў суправаджэнні сваіх дарадцаў і сваякоў, каб выказаць ім пашану і прапанаваць сваю дапамогу.

 

Госпад Шры Рамачандра і Ягоныя спадарожнікі мусілі перасекчы Гангу, і Гуха прапанаваў Госпаду паслугі сваіх лодачнікаў. Адзін з ягоных лодачнікаў ужо высаджваў людзей на супрацьлеглым беразе, таму Гуха сказаў іншаму лодачніку, Кевату, перавезці боскіх асобаў па той бок маці Гангі.

 

Падвёўшы сваю лодку да месца, дзе чакалі падарожнікі, лодачнік Кеват сышоў з яе і з вялікай адданасцю зрабіў намаскар Госпаду Раму (намаскар – адпаведны паклон). Кеват быў шчырым адданым Госпада. Ён пачынаў і заканчваў свае дні малітвамі да Госпада Рамы, і на працягу дня ён заўсёды гаварыў пра славу Госпада.

 

Кеват спытаў Гуху, ці можа ён спачатку абмыць ногі Госпаду, перш чым Той узыйдзе ў лодку. Гуха ж сказаў зрабіць гэта пасля таго, як Кеват пасадзіць Госпада ў лодку. Але Кеват быў непахісны і прасіў Гуху даць абмыць ногі Госпаду перад тым, як сесці ў лодку. Гуха крыху раззлаваўся за ягоную ўпартасць і нават хацеў пакараць яго. Тады Кеват надумаў паясніць сваю просьбу самому Госпаду Раму. «Госпадзе, мой сціплы даход лодачніка ледзь дазваляе мне звесці канцы з канцамі ў жыцці, і я не магу дазволіць сабе мець больш лодак. Таму дазволь, калі ласка, змыць пыл з Тваіх ног, перш чым Ты сядзеш у маю лодку».

 

Госпад Рама ўсміхаўся, паглядаючы на ​​Сіту-дэві, і маўчаў. Кеват працягваў: «Госпадзе, я чуў, што пыл з Тваіх ног пакрыў камень у лесе, і той стаўся жанчынаю. Мая лодка зробленая з некалькіх кавалкаў дрэва, і калі пыл Тваіх ног упадзе на маю лодку, я баюся, што лодка абернецца ў некалькі жанчын адпаведна кожнаму кавалку… Дакладна, што я больш не змагу паклапаціцца пра якіх-небудзь іншых чальцоў сям’і. Вось чаму я прашу вымыць ды ачысціць ногі ад пылу, да таго як сесці ў лодку. Калі ласка, будзь зычлівы да мяне».

 

Госпад Рама цаніў ягоную чыстую і нявінную веру.

 

Абмыўшы Госпаду ногі, Кеват паклаў рукі на зямлю і папрасіў Госпада спачатку ступіць яму на руку, перад тым як сесці ў лодку. Такім парадкам ён змыў усе свае грахі, дакрануўшыся да ног Госпада.

 

Потым Кеват пераправіў падарожнікаў цераз раку. Як толькі яны выйшлі з лодкі, Шрымаці Сіта-дэві неадкладна зняла пярсцёнак са свайго пальца і перадала яго Госпаду Раму, падаўшы Госпаду знак перадаць пярсцёнак лодачніку.

 

Госпад Рама: Вось, брат, гэта ўсё, што мы можам заплаціць табе за твае добрыя паслугі. Калі ласка, прымі гэта!

 

Кеват (ківаючы галавою): Не, мой Госпад! Я не магу прыняць гэта ад Цябе.

 

Госпад Рама: Чаму?

 

Кеват: Таму што людзі адной прафесіі не бяруць плату за свае паслугі. Цырульнік ніколі не бярэ аплату, калі робіць стрыжку іншаму цырульніку. Нават дхобі (мужчына-прачка) ніколі не спаганяе грошы з сабрата па пранню.

 

Госпад Рама: Брат, як мы з табою можам быць адной прафесіі? Ты лодачнік, а я...

 

Кеват: Госпадзе, мы абодва робім адну і тую ж справу. Я перапраўляю людзей з гэтага берага Гангі на другі. Ты перапраўляеш людзей у іхным падарожжы жыцця цераз акіян самсары (акіян нарадзінаў і смерці). Як я магу прыняць ад Цябе аплату? Прабху! Я нічога не жадаю. Але, калі ласка, калі сёння я пераправіў Цябе цераз гэтую раку, калі надыдзе мой час, перавядзі мяне цераз акіян матэрыяльнага існавання (сансаар саагар). Гэта было б Тваёй адплатаю мне.

 

Госпад быў нагэтулькі ўражаны гэтай адданай просьбай Кевата, што працягнуў рукі і абняў лодачніка. Пазней, дзякуючы толькі гэтай маленькай паслузе Вярхоўнаму Госпаду, спрактыкаваны паромнік быў вызвалены ад цыкла нарадзінаў і смерці. Ён таксама прасіў у Госпада бясконцай адданасці лотасавым стопам Рамы. Госпад Рама сказаў Кевату, што ад сённяшняга дня яму не трэба зноў нараджацца, і дараваў Кевату – мукці, вызваленне з матэрыяльнага свету.

Крыніца: bhagavatam-katha.com
Пераклад: лістапад, 2022
Навігацыя: