Аюрведа вучыць, што здароўе прасцей падтрымліваць, чымся папраўляць. Зарука здаровага жыцця паводле аюрведы палягае ў паўнавартасным вегетарыянскім харчаванні, целавай і душэўнай чысціні, дабрыні і веры ў Бога. «Прымаючы лекі, помні пра Бога», раіць старажытны медычны трактат.
Аюрведа, традыцыйная сістэма лекавання, заснаваная на ўжыванні прыродных сродкаў, нават больш старажытная, чым кітайская медыцына. Асновы аюрведыйскай навукі былі выкладзены ў «Атхарваведзе» яшчэ пяцьдзясят стагоддзяў назад. Паводле паданняў, аюрведыйская навука, створаная Дханвантары – адным з увасабленняў Вішну, змяшчае дэталёвае апісанне складанай методыкі лячэння.
Гэта навука была сістэматызавана 2500 гадоў назад мудрацамі Чаракам і Сушрутам, якіх уважаюць за бацькоў-заснавальнікаў старажытнай медыцыны. Сушрута, родапачынальнік аюрведыйскай хірургіі, выканаў такія складаныя аперацыі, як кесарава сячэнне. Працы Чаракі і Сушруты «Чарака-самхіта» і «Сушрута-самхіта» не страцілі актуальнасці і дасёння. Гэтыя кнігі па медыцыне высока шануюцца, бо іхныя аўтары – старажытныя ведыйскія лекары, былі містыкамі, прасветленымі мудрацамі (рышы), здольнымі разумець унутраны механізм чалавечага цела дзякуючы праніклівасці, дасягнутай з дапамогай медытацыі. Каб пераканацца, наколькі вялікімі былі дасягненні ведыйскай медыцыны, дастаткова параўнаць іх з адкрыццямі сучаснай медыцыны (ў ведыйскіх трактатах, напрыклад, дэталёва апісана памесячнае развіццё зародка).
Аюрведа змяшчае шырокія веды ў розных дысцыплінах: ад педыятрыі, акушэрства, гінекалогіі, тэрапіі і оталарынгалогіі да пластычнай хірургіі, пратэзавання і анэстэзіалогіі. Аюрведа паясняе розныя псіхафізычныя станы чалавека дзеяннем трох дош (сіл): вата (паветра, ці ветру), піта (агню, ці жоўці) і капха (зямлі, ці флегмы). Чалавечы арганізм залежыць ад таго, якая з гэтых сілаў пераважае. Хваробы, сцвярджае аюрведа, узнікаюць праз тое, што парушаецца гарманічнае спалучэнне жыццёвых энергій, то бо чалавек захворвае, калі вяршынствуе «няправільная» доша.
Паводле аюрведы, здароўе можна вярнуць, калі прывесці ў патрэбную раўнавагу дошы. Гэтага можна дасягнуць, калі: прыняць правільны рэжым, гігіену і парадак харчавання; перамяніць варункі навакольнага асяроддзя і склад сваіх думак. Пэўная дыета і лекаванне травамі ёсць важнымі складнікамі аюрведыйскай навукі, і для кожнага чалавека яны вызначаюцца ў залежнасці ад ягонага тыпу целаскладу або канстытуцыі.