Ён нябачна знаходзіцца ўсюды, ува ўсіх сэрцах, гэтак жа як у дрэве нябачна ўтойваецца агонь. Як Звышдуша, Крышна да ўсіх ставіцца аднолькава і нікога не лічыць Сваім сябрам ці ворагам, роўным Сабе, ніжэй ці вышэй за Сябе. На самай рэчы, у Яго няма ні бацькі, ні маці, ні братоў, ні сваякоў. Ён не мае патрэбы ў сяброўстве і каханні. У адрозненне ад нас, Яму не даводзіцца атрымваць матэрыяльнае цела, нараджацца чалавекам ці з’яўляцца на свет у вышэйшых або ніжэйшых формах жыцця. Звычайныя жывыя істоты змушаныя нараджацца ў матэрыяльным свеце з прычыны рэакцыі на свае мінулыя справы і ўчынкі. Але Крышна прыходзіць у гэты свет з дапамогай Сваёй унутранай энергіі, каб даць заступніцтва тым, хто адданы Яму. Ён не падуладны гунам матэрыяльнай прыроды, аднак, знаходзячыся ў гэтым свеце, Ён на першы погляд паводзіць Сябе як звычайная жывая істота, схільная ўплыву матэрыяльных гун. На самай справе Крышна толькі назірае за тым, што адбываецца ў матэрыяльным свеце. Непадуладны гунам прыроды, Ён стварае, падтрымвае і знішчае матэрыяльны космас.