Прадмова да 2-й рэдакцыі «Бхагавад-гіты як яна ёсць»

img

Праца над перакладам «Бхагавад-гіты як яна ёсць» доўжылася амаль тры гады. Больш паглыбленае вывучэнне пытання паказала памылковасць і адарванасць ад сучасных рэалій пачатнай ідэі кіравацца нормамі, якія былі выкарыстаныя ў першых беларускамоўных перакладах кніг Шрылы Прабхупады. Пры гэтым відавочна, што нават другая рэдакцыя Гіты яшчэ не ёсць дасканалай на сто адсоткаў. І таму зразумела, што надрукаваць «Песню Бога» па-беларуску пакуль не выпадае. Тым не менш, энтузіязм ад гэтага факта не павінен змяншацца. Заручыўшыся аптымізмам і разуменнем патрэбнасці гэтай справы, мусім рухацца далей.

 

Зразумела, што развіццё свядомасці Крышны не залежыць ні ад мовы, ні ад месца жыхарства, ні ад іншых матэрыяльных варункаў. Але перакладам «Бхагавад-гіты як яна ёсць» закладаецца падмурак для будучых беларускамоўных шукальнікаў праўды, якія, несумненна, будуць далучацца і да руху Харэ Крышна ў тым ліку. Прывабіўшыся дасканаласцю і прыгажосцю вучэння Госпада Чайтаньі, яны змогуць знайсці адпаведную літаратуру па-беларуску. Пасланне Госпада Крышны даруе кожнаму шанец дасягнуць найвышэйшае мэты жыцця, на якой бы мове ён ні размаўляў.

 

Шрыла Прабхупада хацеў, каб ягоныя кнігі былі перакладзеныя на ўсе мовы свету. На ўсе, значыць на ўсе, у тым ліку і на беларускую. Упэўненыя, пераклады на беларускую мову кніг па навуцы свядомасці Крышны прыносяць Шрылу Прабхупаду велізарнае задавальненне, нават калі гэтыя пераклады не прафесійныя і зробленыя на голым энтузіязме.

 

Таму, калі ласка, далучайцеся да праекта перакладу кніг Прабхупады на беларускую мову. Гэтая справа годная, карысная і патрэбная. А працы хопіць усім!

29.11.2022
Навігацыя: