Госпад Ніцьянанда – гэта Госпад Баларама, старэйшы брат Госпада Крышны, які ўвасобіўся ў дзеях Шры Чайтаньі. Ніцянанда ёсць увасабленнем спрадвечнага духоўнага настаўніка, з ласкі якога можна ўбачыць Усявышняга і знайсці любоў да Яго. Ён пачаў у Бенгаліі масавую пропаведзь вучэння Шры Чайтаньі пра супольнае спяванне святога імя Крышны. І дасёння Ніцьянанда застаецца для бенгальцаў самым улюбёным героем, літасцівым збаўцам душаў.
Госпад Ніцьянанда – вечны спадарожнік Чайтаньі Махапрабху, Вярхоўнай Асобы Бога, таму імя Німай (Госпад Чайтанья) вельмі рэдка згадваецца без імя Нітай (Госпад Ніцьянанда). Немажліва зразумець Госпада Чайтанью без міласці Ніцьянанды Прабху, спрадвечнага гуру ўва ўсіх светах і пасярэдніка паміж Вярхоўным Госпадам і Ягонымі адданымі. Ён – другое цела Госпада, якое праяўляецца як Баларама для Шры Крышны, Лакшмана для Шры Рамы і Ніцьянанда Прабху для Чайтаньі Махапрабху.
Усе іншыя формы і ўвасабленні Вярхоўнага Госпада ўзнікаюць з гэтага другога цела. Такім парадкам, Ніцьянанда Прабху – крыніца Санкаршаны, усіх Вішну і Ананты Шэшы. Яго і Адвайту Ачар’ю ўшаноўваюць нароўні з Госпадам Чайтаньем.
Падчас знаходжання на Зямлі Ніцьянанда Прабху быў старэйшы за Чайтанью Махапрабху больш чым на дзесяць гадоў. Ягоная скура такая ж белая, як у Госпада Баларамы. Ягоныя адзенні падобныя букету блакітных лотасаў, а ззянне Ягонага цела перасягае веліч узыходу месяца на заходзе сонца. Ніцьянанда Прабху валодае глыбокім меладычным голасам, які ўвесь час усхваляе Шры Крышну, у руках у Яго чырвоны кій, якім Ён багаслаўляе адданых і прымушае дрыжаць дэманаў. Ён нагэтулькі паглыблены ў любоў да Вярхоўнага Госпада, што заўсёды знаходзіцца ў бесклапотным настроі авадхуты – чалавека, які цалкам вызваліўся ад усіх свецкіх пакут і прыхільнасцяў, і ніхто не ведае, што Ён будзе рабіць у наступнае імгненне.
Ніцьянанда Прабху нарадзіўся ў Экачакры, маленькай вёсачцы ў сучаснай Усходняй Бенгаліі, каля 1474 году. У месцы Ягоных народзінаў пазней быў пабудаваны храм Гарбхашва, у які ў нашыя дні сцякаюцца мільёны паломнікаў. Ягоны бацька Хадай Ойха і маці Падмаваці былі набожнымі брахманамі родам з Мітхілы. Ніцьянанда Прабху нарадзіўся ў спрыяльны трынаццаты дзень месяца Магха (студзень-люты). У дзяцінстве Нітай (так называлі Ніцьянанду, калі ён быў маленькі) любіў разыгрываць падзеі з жыцця Госпада Шры Крышны і Госпада Рамы. Ён рабіў гэта з такім захапленнем, што ўся вёска купалася ў любові Вярхоўнага Госпада.
Улюбёнай гісторыяй Нітая была гісторыя пра Лакшмана, але Ягоная гульня мела падзеі, якія не згадваліся ў Рамаяне. Людзі дзівіліся і задаваліся пытаннем, ці прыдумляў Ён іх сам, ці помніў з мінулых жыццяў. Вёска Экачакра была цалкам ахінута любоўю маленькага Нітая. Ён пражыў у ёй першыя дванаццаць гадоў Свайго зямнога жыцця.
Калі Нітай меў трынаццаць гадоў, знакаміты саньясі (манах-вандроўнік) Лакшміпаці Ціртха быў зачараваны адданасцю і служэннем Нітая і папрасіў Ягоных бацькоў аддаць хлопчыка яму, каб той суправаджаў яго ў падарожжах. Бацькі Нітая, трымаючыся правілаў ведыйскай культуры, не маглі адмовіць на просьбу госьця і неахвотна, але ўсё ж рассталіся з сынам. Спустошаны расстаннем з Нітаем, Хадай Пандыт неўзабаве пайшоў з жыцця.
Нітай суправаджаў Лакшміпаці Ціртху каля дваццаці гадоў, цягам якіх Ён наведаў усе святыя месцы Бенгаліі, гэтак жа як Баларама падчас бітвы на Курукшэтры. Лічыцца, што пазней Нітай атрымаў ініцыяцыю Лакшміпаці Ціртхі.
Таксама Ён меў стасункі з іншым вядомым вучнем Свайго настаўніка – Мадхавендрам Пуры, і хоць яны былі духоўнымі братамі, Нітай ставіўся да Мадхавендры як да духоўнага настаўніка. Мадхавендра Пуры вядомы тым, што абвясціў нектарную праўду мадхур’я-расы (пакланення Вярхоўнаму Госпаду ў настроі думак шлюбнага кахання), якая пазней стала неад’емнай часткай Гаўдыя-вайшнавізму. Сярод іншых паслядоўнікаў Мадхавендры Пуры былі Адвайта Ачар’я і Ішвара Пуры (духоўны настаўнік Чайтаньі Махапрабху).
Ніцьянанда Прабху і Чайтанья Махапрабху сустрэліся ў 1506 годзе, тады Ніцьянада меў трыццаць два гады, а Госпад – дваццаць гадоў. Калі Ніцьянанда Прабху прыбыў на зямлю Надзіі, то схаваўся ў хаце Нанданачар’і, каб узмацніць радасць Іхнай сустрэчы пасля расстання. Ведаючы пра з’яўленне Нітая, Госпад Чайтанья паслаў Харыдаса Тхакура і Шрываса Пандыта адшукаць Яго, але яны не далі рады. Урэшце Чайтанья Махапрабху не змог больш трываць расстанне і Сам адправіўся наўпрост да Ніцьянанды. Экстаз ад Іхнай сустрэчы быў такі трансцэндэнтны, што кожны, хто быў сведкам, трапятаў ад гэтага ўзнёслага досведу. У памяць пра гэту сустрэчу ў Надзіі быў пабудаваны храм Шры Шры Гаўра Ніцьянанда.
Ніцьянанда Прабху быў духоўным настаўнікам і пашыральнікам руху санкіртаны (супольнага спявання імёнаў Крышны) па ўсёй правінцыі Гаўдыя-дэш ва Ўсходняй Індыі. З Ягонай ласкі Рагхунатха дас, адзін з шасці Госвамі, арганізаваў вядомае свята «Данда Махотсава» ў Паніхацці, традыцыю, якая працягваецца і ў нашыя дні. У гэтым праявілася Ягонае служэнне Чайтанью Махапрабху. Ніцьянанда Прабху разліваў Сваю ласку нават на такія палыя душы, як Джагай і Мадхай, выдзіраючы іх з грэшнага жыцця і баронячы ад гневу Госпада Чайтаньі. Напраўду, Ягоная ласка не ведала межаў, і дабраславёныя тыя людзі, якія спазналі нектар Ягоных настаўленняў.
Калі Ніцьянанда Прабху вярнуўся ў Бенгалію на просьбу Чайтаньі Махапрабху, Ён вырашыў з авадхуты стаць грыхастхам (сем’янінам). Ягонымі жонкамі сталі Джахнаві Дэві і Васудха, дочкі Сур’ядаса Саракхелы, які быў братам Гаўрыдаса Пандыта, блізкага сябра Чайтаньі Махапрабху і духоўнага настаўніка знакамітага Ш’ямананды Пандыта. У Ніцьянанды Прабху і Васудхі нарадзіліся сын Вірачандра і дачка Ганга Дэві. Неўзабаве Васудха памерла, і Джахнаві Дэві стала клапаціцца пра дзяцей. Пазней яна дала ініцыяцыю Вірачандру і стала настаўніцай Ш’ямананды Пандыта, Шрываса Пандыта і Нароттама даса Тхакура. Джахнаві Дэві заклала падмурак культуры паважлівага стаўлення да жанчын у вайшнаўскай традыцыі.
Госпад Ніцьянанда скончыў Сваё зямное жыццё, зліўшыся з Боствам Крышны, вядомым як Банкіма Рай, непадалёк ад Экачакры. Вайшнаўскія ачар’і адназначна сцвярджаюць, што тыя, хто спрабуе зразумець Чайтанью Махапрабху без здабыцця міласці Ніцьянанды Прабху, ніколі не дасягнуць поспеху. Мы павінны шчыра маліцца Госпаду Ніцьянанду як адзі-гуру (спрадвечнаму духоўнаму настаўніку), каб дасягнуць лотасавых стоп Шры Чайтаньі Махапрабху. Бытнасць Ніцьянанды Прабху заўсёды адчуваецца адданымі поруч з іхным духоўным настаўнікам, бо гуру ўважаецца за жывую праяву любові і ласкі Ніцьянанды Прабху, а Ягоная шакці (энергія, сіла) даруе адданаму мажлівасць шчыра служыць і адчуваць духоўнае шчасце.