Законы прыроды дзейнічаюць дасканала, і абысці іх немажліва, хоць людзі і не разумеюць гэтага. Прынцып «жыццё за жыццё» абвяшчаецца ў «Ману-самхіце», і ён выконваецца ўва ўсім свеце.
Падобна гэтаму, існуюць іншыя законы, якія абвяшчаюць, што чалавек нясе адказнасць нават за забойства мурашкі. Раз мы не здольныя нікога стварыць, мы не маем права адбіраць жыццё ў кагосьці, і такім парадкам, прыдуманыя людзьмі законы, якія праводзяць адрозненне паміж забойствам чалавека і забойствам жывёліны, вельмі далёкія ад дасканаласці.
Законы, якія ствараюцца людзьмі, заўсёды недасканалыя, чаго нельга сказаць пра законы Бога. Згодна з законамі Бога, забойства жывёліны такі ж грэх, як і забойства чалавека. Тыя, хто кажа, што забойства жывёлы меней грэшнае, спрабуюць выдумаць свае ўласныя законы. Адзін з дзесяці біблейскіх запаветаў абвяшчае: «Не забі». Гэты закон дасканалы, але, інтэрпрэтуючы яго па-свойму, людзі перакручваюць ягоны сэнс: «Я не стану забіваць людзей, затое буду забіваць жывёлу». Так людзі ашукваюць саміх сябе і выракаюць на пакуты як сябе, так і іншых. Якія б апраўданні сваім учынкам яны ні прыдумлялі, законы Бога вынесуць ім прысуд.