Інтэрв'ю з Я. С. Бхакці Віг’янам Госвамі.
Значэнні метафізічных тэрмінаў:
Бог і Абсалютная Праўда – класічнае вызначэнне Абсалютнай Праўды: «крыніца ўсяго існага, ягоная апора і прычына канчальнага знішчэння»; у дадзеным артыкуле абодва гэтыя тэрміны (Бог і Абсалютная Праўда) выкарыстоўваюцца як сінонімы – маецца на ўвазе, што найвышэйшым праяўленнем Абсалютнай Праўды ёсць Бог – Асоба.
Гуны матэрыяльнай прыроды – літаральна слова гуна азначае «вяроўка» ці «якасць». Тры фундаментальныя пачаткі матэрыяльнага стварэння: даброць, жарсць і невуцтва. Нібы тры ніткі трох асноўных колераў, яны сплятаюцца адна з адной, спараджаючы разнастайныя формы існавання, умовы жыцця, узроўні развіцця свядомасці і эвалюцыі. У працэсе стварэння свету гуны граюць ролю вядучых фактараў станаўлення тых ці іншых элементаў матэрыі.
Духоўны і матэрыяльны светы – у Ведах прымаецца рэальнасць і таго, і другога. Духоўны свет бязмежны і адзіны; ягоная прырода характарызуецца трыма якасцямі: вечнасцю, веданнем і асалодай. Матэрыяльны свет абмежаваны (г. зн. вымерны); ён складаецца з трох гун, якія трансфармуюцца ў пяць грубых пачаткаў і тры тонкія: грубыя – эфір (прастора), паветра, агонь, вада і зямля; тонкія – розум, інтэлект, падманнае эга.
Абумоўленая душа – так называюцца душы, якія патрапілі ў матэрыяльны свет са свету духоўнага і прыстасаваліся да ўмоваў матэрыяльнага быцця.
Органы пачуццяў – пяць органаў спазнання (вушы, скурнае покрыва, вочы, нос і язык) і пяць органаў дзеяння (рукі, ногі, язык як орган камунікацыі, полавыя органы і органы, праз якія выводзяцца прадукты жыццядзейнасці).
Эга – 1) уласцівая духу здольнасць усведамляць сваё існаванне. Адрозніваюць сапраўднае і падманнае эга; 2) спрадвечная свядомасць Бога, спраецыяваная на матэрыю.
Першаэлементы (пачаткі) прыроды – умоўна званыя эфірам, паветрам, агнём і г. д., гэтыя элементы становяць сабою пэўныя станы матэрыі. Не блытаць са звычайным паветрам ці вадой.
Энергія – Веды вызначаюць энергію, як «існасць прычыны, скіраваную да выніку, то бок да вонкавай праявы прычыны». Энергія адначасна адзіная са сваёй крыніцай і ў той жа час адрозная ад яе. Гэта можна зразумець на прыкладзе сонца і сонечных промняў. Промні – вонкавая праява існасці сонца. Сонца без промняў – не сонца, але ў той жа час сонечныя промні адрозныя ад самога сонца.
Пытанне: Што Веды кажуць пра з’яўленне гэтага свету?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Вам не здаецца дзіўным, што людзі часта задумваюцца, як паўстаў свет і спрабуюць знайсці адказ на гэтае пытанне з дапамогай сучаснай навукі, але практычна ніхто не ставіць перад сабой пытання: чаму паўстаў гэты свет? Без адказу на пытанне «чаму» немагчыма слушна адказаць на пытанне «як». У існасці, чалавек жыве на Зямлі толькі дзеля таго, каб знайсці прычыну ўсіх прычын, таму першым пытаннем, якое задае кожнае дзіцё, ёсць пытанне «чаму». З гэтага пытання пачынаецца чалавечае жыццё. Таму, калі дазволіце, адкажу на вашае пытанне ў кантэксце значна важнейшага, на мой погляд, пытання: «Чаму быў створаны гэты свет?» Інакш кажучы, навошта дасканаламу Богу спатрэбілася ствараць загадзя недасканалы свет?
Пытанне: З чаго пачнём?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Ля вытокаў стварэння павінны стаяць розум, воля, жаданне – інакш кажучы, Бог-асоба. У ведыйскай традыцыі Бога называюць Крышнам, маючы на ўвазе Бога-асобу з Ягонымі энергіямі. Бог мінус Ягоныя энергіі ператвараецца ў абстрактны, імперсанальны Абсалют, гэтак жа, як сонца мінус ягоная энергія ператворыцца ў бясцелавую «канцэпцыю сонца». Сонца ж з ягонымі энергіямі складаецца з гор, рэк, акіянаў, аблокаў, то бок усё, спароджанае ягонай энергіяй.
Зразумець Бога як асобу – значыць зразумець энергіі Бога, альбо тое, якім чынам Бог дзее. Шрыдхара Свамі, вялікі філосаф XII стагоддзя, вызначае энергію (шакці) як «унутраную прыроду [існага], звернутую да дзеяння». У ведыйскіх пісьмах гаворыцца пра тры асноўныя энергіі Бога: унутраную, вонкавую і памежную. Унутраная энергія выяўляе аспекты быцця, недаступныя нашаму ўспрыманню, – духоўны свет і беспасярэдняе атачэнне Бога. Гэта галоўная частка стварэння, і яна такая ж дасканалая, як і сам Бог, бо ў ёй усё знаходзіцца ў гармоніі з Богам і Ягонай воляй. У іншых рэлігійных традыцыях гэту частку стварэння часам называюць раем. Вонкавая энергія Бога праяўляецца як матэрыяльны свет, у якім жывём і дзейнічаем мы з вамі. Душа ж – спараджэнне трэцяй, памежнай энергіі Бога. Памежнасць ейнага стану палягае ў тым, што душа можа жыць як у духоўным свеце, так і ў матэрыяльным.
Гэта можна зразумець на простым прыкладзе. У чалавека можа быць дзве кватэры, але ў адной ён жыве сам са сваімі блізкімі, і ў ёй усё ўладкавана згодна з ягоным жаданнем, а іншую ён здае ўнаймы, і арандатары прыстасоўваюць яе пад сябе. Духоўны свет – гэта дом Бога, дзе Ён жыве Сам са Сваім найбліжэйшым атачэннем, а матэрыяльны свет здадзены Ім у арэнду абумоўленым істотам, душам, што пажадалі жыць асобна ад Яго. Такім парадкам, усё стварэнне складаецца з унутранай энергіі Бога, Ягонай вонкавай энергіі, жывых істот і, уласна, Самога Бога ў Ягоных бясконца разнастайных формах і праяўленнях.
Прыроду матэрыяльнага свету апісвае навука, якая на санскрыце называецца санкх’я. Санкх’я – гэта нешта накшталт старажытнага правобраза хіміі. Яна аналізуе і раздзяляе матэрыяльны свет на элементарныя складнікі. Слова санкх’я літаральна значыць «вылічэнне». Заснавальнік гэтай навукі – мудрэц Капіла, які жыў у старадаўнія часы. У нейкім сэнсе санкх’я – гэта дадатак да ёгі. Калі ёга – гэта практыка, з дапамогай якой душа можа выблытацца з палону матэрыяльнай энергіі, то санкх’я – гэта тэорыя, якая тлумачыць прычыну знаходжання душы ў валадарстве матэрыяльнай энергіі і апісвае прыроду ейнай дзейнасці тут. Гэта навука разбірае матэрыяльны свет на элементы і такім парадкам дапамагае таму, хто вывучае яе, пазбавіцца прыхільнасці да гэтага свету.
Душа, якая патрапіла ў свет матэрыі і атаясніла сябе з матэрыяй, спрабуе цешыцца бясконцай разнастайнасцю, якую бачыць перад сабой. Гэта разнастайнасць вабіць яе да сябе, абяцае ёй шчасце і такім парадкам занявольвае душу, прымушаючы забыцца пра сваю вечную духоўную прыроду. Залежнасць душы ад матэрыяльных асалод падобна да ўсякай іншай наркатычнай залежнасці, яна такая ж ілюзорная і бясплодная. Санкх’я ж бязлітасна разбірае гэты свет на складнікі і паказвае, што тут няма нічога асабліва прывабнага.
Гэта можна зразумець, параўнаўшы матэрыяльны свет з калейдаскопам. Дзеці могуць гадзінамі разглядаць, як змяняюцца малюнкі, але ў нейкі момант у іх з’яўляецца жаданне зразумець, як яны ўзнікаюць. Я, помніцца, сам з велізарнай цікавасцю і неаднойчы трыбушыў кардонавую трубачку калейдаскопа, і кожны раз мяне ахоплівала расчараванне, таму што адзінае, што я знаходзіў усярэдзіне гэтай дзіўнай цацкі, была купка каламутных аскепкаў шкла. Падобна гэтаму, матэрыяльны Сусвет зачароўвае нас, дзівячы ўсё новымі і новымі праявамі разнастайнасці і прапануючы нам без канца цешыцца гэтай разнастайнасцю. Але, як толькі з дапамогай філасофіі санкх’і мы «растрыбушым» гэты свет, то ўбачым, што ў аснове ўсёй гэтай разнастайнасці, на першы погляд жывой, ляжаць усяго толькі некалькі маркотных матэрыяльных элементаў, якія самі па сабе не жывыя.
Пытанне: Што ж робіць гэты свет такім прывабным?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Філасофія санкх’і пачынаецца з вельмі важнага пастулата: свет трымаецца на самім Богу. На самай рэчы нас вабіць Бог, які ёсць сама іста жыцця, і нават матэрыяльны свет здаецца нам такім прывабным толькі таму, што за ім стаіць Бог. Свет здаецца нам жывым менавіта таму, што ў аснове яго ляжыць духоўная энергія Бога. На санскрыце адно з галоўных імёнаў Бога – Вішну, што азначае «ўсюдыісны». Санскрыцкі корань віш, ад якога ўтвараецца гэта слова, значыць «уваходзіць». Паводле Ведаў, Бог увайшоў у кожны атам Сусвету, і ўвесь Сусвет трымаецца на духоўнай сіле Ягонай энергіі. У зборніку тысячы імёнаў Бога з «Махабхараты» першым стаіць імя «Вішва», што значыць «Сусвет».
Нідзе ў святых пісьмах не гаворыцца, што матэрыяльны Сусвет ёсць штосьці загадзя бруднае ці грэшнае (ўражанне, якое можа ўзнікнуць у чалавека, які супрацьстаўляе стварэнне Творцу). Наадварот, Сусвет – гэта даступны нам спосаб сустрэцца з Богам. Энергія Бога можа раскрыць нам Бога, і тая ж энергія можа схаваць Яго ад нас. Як прыклад можна прывесці воблака, спароджанае энергіяй сонца. Сонца выпарае ваду, вада збіраецца ў выглядзе воблака ў небе. Вывучаючы прыроду аблокаў, можна зразумець, якім чынам дзейнічае энергія сонца, але, з іншага боку, аблокі хаваюць ад нас сонца. Таксама і матэрыяльная энергія Бога можа засланіць Бога ад бачання абумоўленай душы, а можа, наадварот, дапамагчы ёй зразумець Яго.
Пытанне: Наколькі я разумею, гэта падводзіць нас да адказу на пастаўленае ў самым пачатку пытанне: навошта створаны свет?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Так. У гэтых дзвюх функцыях вонкавай, матэрыяльнай энергіі Бога – ейнай здольнасці раскрываць Бога і хаваць Яго – і складаецца адказ на пытанне «Навошта Бог стварыў недасканалы матэрыяльны свет?» Першая мэта матэрыяльнага стварэння – даць магчымасць душы не бачыць Бога, забыцца пра Яго, не адчуваць Ягонай бытнасці. Увесь матэрыяльны свет – гэта вялікая матрыца, у якой душы цешацца віртуальнымі матэрыяльнымі задавальненнямі і ілюзіяй улады над матэрыяй. Так матэрыяльны свет дапамагае абумоўленай душы забыцца пра Бога, хавае ад яе Бога, даючы ёй магчымасць адчуць сябе незалежнай.
Псіхалогія абумоўленай душы чымсьці нагадвае псіхалогію дзіцяці. Дакладней, дзеці больш ярка і шчыра выяўляюць тое, што ўласціва ўсім абумоўленым душам. Часам дзеці залазяць пад коўдру, каб адчуць сябе вольнымі ад нагляду дарослых. Ілюзія незалежнасці, якую яны адчуваюць, залезшы пад коўдру, прымушае іх шалець, крычаць і рабіць іншыя глупствы. Вонкавая энергія Бога – нешта накшталт коўдры, якую Бог даў абумоўленым душам, якія пажадалі незалежнасці ад Яго. Калі дзецям здаецца, што дарослыя не бачаць іх, яны пачынаюць рабіць усё, што хочуць. Прыкладна тое ж самае адбываецца і з абумоўленымі душамі. Пакінутыя на саміх сабе, сам-насам з матэрыяльнай энергіяй Бога, людзі шалеюць і спрабуюць цешыцца матэрыяльнай энергіяй, заадно робячы мноства глупстваў. Менавіта таму матэрыяльны свет, хоць і ёсць стварэннем дасканалага Бога, поўны недасканаласцяў.
Пытанне: Усё адно ўзнікае заканамернае пытанне – калі Бог стварыў матэрыяльны свет для асалоды абумоўленых душаў, для таго, каб яны цешыліся жыццём і ўяўлялі сябе валадарамі гэтага свету, то чаму ў гэтым свеце столькі пакут?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Пакуты – заканамерны вынік памылковасці пачатнай перадумовы, якая прывяла душу ў гэты свет – жадання цешыцца незалежна ад Бога. Душа ніколі не можа стаць незалежнай, гэта супярэчыць самой ейнай прыродзе. Таму энергія Бога мае іншую, значна важнейшую функцыю, другая мэта матэрыяльнага стварэння – дапамагчы абумоўленай душы ўспомніць пра Бога і аднавіць свае стасункі з Ім. Пакуты – гэта, з аднаго боку, вынік глупстваў, зробленых абумоўленай душой, якая ўявіла, што Бога няма. Але пакуты таксама працверажаюць душу, даюць ёй магчымасць зразумець, што за ўсім стаіць Бог, і што Ягонае вялікае жаданне палягае ў тым, каб душа перастала прыкідацца незалежнай, усвядоміла сваю поўную залежнасць ад Яго і вярнулася да Яго, аднавіўшы сваю пашкоджаную знаходжаннем у валадарстве матэрыі духоўную прыроду.
Пытанне: Але калі Бог дасканалы, то чаму Ён не стварыў дасканалай душы, якой не ўпадзе на думку адвярнуцца ад Яго?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Перадусім варта зразумець, што душа ніколі не была створана. Яна – энергія Бога, і таму такая ж спрадвечная, як і сам Бог. На самай рэчы, душа з сваёй прыроды дасканалая, але дасканаласць немагчымая без свабоды. Свядомасць – найвялікшы дарунак Бога – прадугледжвае свабоду, і гэта свабода выяўляецца ў свабодзе выбару душы. Душа можа абіраць, у якой энергіі яна будзе шукаць прыстанне: у духоўнай, то бок у стасунках з Богам, прызнаўшы Ягонае існаванне і сваю залежнасць ад Бога, ці ў матэрыяльнай, якая дае ёй ілюзію незалежнасці ад Бога.
Матэрыяльны свет, у існасці, ёсць працягам незалежнасці, якой надзелена душа. Ён павінен існаваць дзеля таго, каб у душы заставалася права выбару. Калі б душа заўсёды бачыла толькі поўную духоўную рэальнасць, то яна не магла б адчуць сябе незалежнай ад Бога і, такім чынам, страціла б свабоду. Таму існуе вонкавая энергія, якая называецца матэрыяльным светам і якая засланяе ўсюдыіснага Бога ад тых душаў, што ўявілі сябе незалежнымі.
Пытанне: Наўрад ці нехта ў гэтым свеце пачуваецца незалежным. Нават калі мы не залежым ад Бога, мы залежым ад велізарнай колькасці людзей…
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Так! Таму што драбнюткая душа ні пры якіх акалічнасцях не можа быць абсалютна незалежнай. Нам заўсёды хтосьці патрэбен. Душа няпоўная з самой сваёй прыроды. Аднак памылковае жаданне стаць незалежным мае кожны. Усе тут паўстаюць супраць сваёй залежнасці – дзеці бунтуюць супраць сваіх бацькоў, жонкі – супраць мужоў, слугі – супраць гаспадароў. Жаданне незалежнасці, якім бы неразумным яно ні было, мае кожны. Напрыклад, ірацыянальная прага ўлады, якой апантаныя многія людзі ў гэтым свеце, што гэта такое, як не тое ж дакучлівае жаданне незалежнасці?
Уся гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя роспачных спроб знайсці незалежнасць, спроб, якія ўвесь час сканчаліся крахам. У наш час людзі спрабуюць стаць цалкам незалежнымі ад Бога з дапамогай навукі. Уся сучасная цывілізацыя заснавана на гэтым жаданні. І чалавек як быццам дасягнуў дастаткова вялікіх поспехаў у сваіх спробах даказаць сваю незалежнасць ад Бога з дапамогай розных штучных сродкаў. Але гэтыя спробы прывялі чалавецтва на мяжу глабальнай катастрофы, якая ўрэшце вымусіць людзей прызнаць сваю залежнасць ад найвышэйшае волі Бога. І экалагічны крызіс, глабальнае пацяпленне, крызіс перавытворчасці і інш. – усё гэта толькі першыя ластаўкі сістэмнага крызісу, да якога прывяла хібная ўсталёўка чалавека на незалежнасць.
Пытанне: Інакш кажучы, Бог стварыў матэрыяльны свет, каб душа магла рэалізаваць сваё права на «незалежнасць» ад Яго. Атрымліваецца, што душа ўскосна таксама датычная да ўзнікнення свету?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Уласна так. І толькі таму матэрыяльны свет – стварэнне дасканалага Бога – недасканалы: у ягонай аснове ляжыць памылковае жаданне душы знайсці незалежнасць.
Пытанне: Як усё ж Веды апісваюць гэты працэс?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: У галоўным святым пісьме нашай традыцыі, «Шрымад-Бхагаватам», мудрэц Капіла дэталёва апісвае працэс узнікнення матэрыяльнага свету. Трэба адразу абмовіцца, што пры гэтым ён аперуе нязвыклымі для сучасных людзей катэгорыямі. Карціна стварэння свету ў ягоным апісанні паўстае як ланцуг рэакцый, ці актаў узаемадзеяння розных першаэлементаў, аднак пад элементамі маюцца на ўвазе, вядома, не элементы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, а зусім іншыя – танчэйшыя – метафізічныя катэгорыі. Таму, каб зразумець гэты механізм, трэба адмовіцца ад звыклых стэрэатыпаў. Пры гэтым трэба помніць, што апісаны працэс, якім бы дзіўным ён нам ні здаваўся, ёсць зашыфраваным практычным кіраўніцтвам для людзей, якія займаюцца містычнай ёгай. Паварочваючы яго (гэты працэс) назад, ёгі вызваляюць душу з палону матэрыі. Усе катэгорыі, якімі аперуе санкх’я, таксама ляжаць у аснове іншых ужытковых ведыйскіх дысцыплін, такіх як астралогія ці аюрведа. Іншымі словамі, гэта «тэорыя», у адрозненне ад усіх іншых тэорый узнікнення свету, шматкроць пацверджана на практыцы.
У Ведах гаворыцца пра два галоўныя этапы стварэння сусвету. Адзін называецца сарга, ці «першае стварэнне». На гэтым этапе ўзнікаюць першаэлементы, «цаглінкі», з якіх потым будуецца матэрыяльны свет. Другі – гэта вісарга, «другараднае стварэнне», калі ствараюцца планеты, сузор’і, космас і ўзнікаюць розныя віды жывых істот. Сёння мы кранемся толькі першай часткі, а менавіта ўзнікнення першаэлементаў, «цаглінак» стварэння, якія ляжаць у аснове ўсяго, што мы бачым.
Паводле «Бхагаватам», матэрыяльны свет з’яўляецца ў выніку ўзаемадзеяння двух пачаткаў: актыўнага – Бога, і пасыўнага – матэрыяльнай энергіі Бога. Матэрыялісты лічаць, што ўсё ёсць спараджэннем матэрыяльнай энергіі, але сама па сабе энергія інэртная і, значыць, няздольная штосьці спарадзіць, як жанчына не здольная зачаць дзіцё без удзелу мужчыны. Таксама як і пры зачацці дзіцяці, роля актыўнага, мужчынскага пачатку, ці Бога, палягае толькі ў наданні пачатковага імпульсу. Пасля гэтага штуршка ўсе іншыя працэсы адбываюцца самі ва ўлонні матэрыяльнай прыроды – Бог як быццам недатычны да іх. Але каб працэс стварэння пачаўся, пасіўная матэрыяльная энергія павінна быць прыведзена ў рух Богам.
Пытанне: А як з’явілася сама матэрыяльная энергія?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Матэрыяльная энергія, як і ўсе іншыя энергіі, ёсць часткай Абсалютнай Праўды, Бога. Яна такая ж першасная, як і сам Бог, то бок ніколі не была «створана», і ўсе ж, будучы энергіяй, яна займае падначаленае (другараднае) ў адносінах да Бога месца. Абсалютная Праўда, паводле вызначэння, складаецца з усяго. Інакш кажучы, яна павінна складацца з чагосьці вонкавага ў адносінах да яе і чагосьці ўнутранага ў адносінах да яе.
Нельга сказаць, што ў нейкі момант Богу прыйшла ў галаву бліскучая ідэя: стварыць матэрыяльны свет і абумоўленыя душы, якія будуць мучыцца ў ім. Не. І душа, і матэрыяльная энергія існуюць заўсёды. Яны – частка Абсалютнай Праўды. Аднак душа вечная, а матэрыяльны сусвет, хоць і існуе вечна, праходзіць праз цыклічна паўторныя фазы стварэння і разбурэння, таму гаворыцца пра «стварэнне» матэрыяльнага свету.
У «Шрымад-Бхагаватам» і іншых ведыйскіх пісьмах сцвярджаецца, што да пачатку чарговага цыкла стварэння матэрыяльная энергія Бога знаходзіцца ў непраяўленым стане. Давайце параўнаем гэтае сцвярджэнне з першымі словамі «Кнігі Быцця»: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданню, і Дух Божы лунаў над вадою». Дазволю сабе неартадаксальнае тлумачэнне гэтага ўрыўка з пункта гледжання ўяўленняў, апісаных у Ведах. Пад «небам» і «зямлёю» цалкам могуць мецца на ўвазе духоўны і матэрыяльны светы. На санскрыце духоўны свет называецца парав’ёма, што значыць «найвышэйшае неба». А «нейтральная паласа», якая праходзіць паміж духоўным і матэрыяльным светамі, называецца Карана-самудрай, ці «Прычынным акіянам». Бог у вобразе Маха-Вішну ляжыць на «водах» гэтага акіяна («…і Дух Божы лунаў над вадою»). Адтуль ён кідае погляд на «бязвыглядную (нябачную) зямлю» – дрымотную, недыферэнцыяваную, непраяўленую матэрыяльную энергію.
Непраяўленая матэрыяльная энергія, паводле пісьмаў, становіць сабою тры гуны матэрыяльнай прыроды ў ідэальна раўнаважным, і таму ў пасіўным, непраяўленым, стане. Тры гуны: саттва, раджас і тамас – гэта тонкія пра-элементы, матэрыяльныя адлюстраванні спрадвечных духоўных якасцяў сат, чыт і ананды – вечнасці, ведання і асалоды. Упанішады параўноўваюць іх з трыма ніткамі: жоўтай, чырвонай і сіняй. Тры колеры, змешваючыся між сабой у розных прапорцыях, спараджаюць бясконцую разнастайнасць колераў і адценняў, але, калі яны ідэальна ўраўнаважваюць адзін аднаго, з’яўляецца нябачны белы колер – аналаг непраяўленага стану гун.
Пытанне: Такім парадкам, матэрыя спіць. Чаму яна ўсё-такі прачынаецца? Што замінае ёй спаць далей? Што выводзіць яе з гэтага стану?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Погляд Бога, інакш кажучы, Ягонае жаданне даць магчымасць душам рэалізаваць сябе. Погляд Бога на матэрыяльную энергію, насычаны творчай сілай, ёсць першым і самым галоўным этапам стварэння, які запускае ўсе іншыя працэсы. «Айтарэя-ўпанішад» апісвае стварэнне свету ўсяго чатырма словамі: са айкшата локан утсрыджах – «Ён зірнуў і з’явіліся светы». У «Бхагавад-гіце» таксама гаворыцца, што матэрыяльная энергія дзейнічае «пад наглядам» Бога.
На самай рэчы погляд, які выводзіць з раўнавагі матэрыяльную энергію, – гэта асаблівая сіла, якую мы, людзі, называем часам. У матэрыяльным свеце ўсё змяняецца, і фактар часу, які вызначае гэтыя змены, ёсць ні што іншае, як насычаны творчай сілай погляд Бога. Час ёсць праяўленнем волі Бога ў матэрыяльным свеце. Сымбалічна ён адлюстроўваецца ў выглядзе дыска, які імкліва круціцца ў руках Вішну. І таму мудрэц Капіла кажа, што час – прычына страху ў сэрцах усіх жывых істот. Кладучы ўсяму канец, час напамінае жывым істотам пра Бога.
Такім парадкам, погляд Бога рухае матэрыяльную энергію. Адначасова гэты погляд уводзіць ва ўлонне матэрыяльнай прыроды абумоўленыя душы з іхнай нерэалізаванай кармай, якія драмалі ў целе Маха-Вішну з часу папярэдняга цыкла стварэння. Гэты працэс, як мы ўжо казалі, параўноўваецца з апладненнем улоння жанчыны.
З пракрыці з’яўляецца зіхатлівая махат-таттва, касмічны розум – спараджэнне чыстай саттвы («даброці»). Непраяўлены, бясформавы, цёмны стан матэрыяльнай энергіі раптам асвечваецца асляпляльным святлом свядомасці, якая была ўпырснута ў яе поглядам Бога. Мімаволі напрошваецца параўнанне з вялікім выбухам, пра які кажуць сучасныя навукоўцы, ці з біблейскім «…і стала святло». У гэты момант у матэрыяльнай энергіі з’яўляецца эга, ці ўсведамленне свайго быцця. Каб зразумець, які сэнс укладаецца ў гэту катэгорыю, трэба помніць, што мікракосмас (чалавек) створаны паводле той жа схемы, што і макракосмас – Сусвет.
Прывядзём яшчэ адзін прыклад са штодзённага досведу. Разбурэнні, якія перыядычна здараюцца ў матэрыяльным свеце, параўноўваюць з занурэннем чалавека ў сон. У глыбокім сне душа перастае адчуваць саму сябе і сваё ўласнае існаванне. І цела, якое мы прывыклі атаясамляць з самім сабой, у гэты момант усё адно што не існуе – яно знаходзіцца ў неактыўным, сонным стане. У такім жа сонным стане ў прамежках паміж стварэннямі матэрыяльнага свету знаходзіцца ўся матэрыяльная энергія. Але раніцай, прачнуўшыся, мы зноў успамінаем пра тое, што «я існую». Самы першы пробліск свядомасці перад абуджэннем, калі мы яшчэ не атаяснілі сябе з целам і ўласцівымі яму жаданнямі, але ўжо ўспомнілі пра сябе, – мікракасмічны аналаг махат-таттвы – усведамлення, адлюстраванага ў матэрыяльнай энергіі.
У нашым целе махат-таттва праяўляецца як чытта, свядомасць як такая. Інакш кажучы, ясны, спакойны стан свядомасці, вольны ад пакут і жаданняў, у якім чалавек самаадвольна помніць пра Бога, стан, да якога прыходзяць святыя ўсіх рэлігій і традыцый – гэта праяўленне ў нашым целе махат-таттвы, сусветнага розуму.
Далей, махат-таттва, якая падахвочваецца часам, ці воляй Бога, дае пачатак аханкары, падманнаму эгу. Падманнае эга, надзеленае трыма энергіямі: энергіяй спазнання, творчай энергіяй і рэчыўнай энергіяй, праяўляецца ў трох формах, якія называюцца падманным эга ў саттва-гуне, падманным эга ў раджа-гуне і падманным эга ў тама-гуне. Падманнае эга ў саттва-гуне спараджае розум (манас), падманнае эга ў раджа-гуне спараджае здольнасць да адрознівання (інтэлект, ці на санскрыце буддхі) і органы пачуццяў, а падманнае эга ў тама-гуне спараджае аб’екты пачуццёвага ўспрымання і грубыя матэрыяльныя элементы.
Чатыры тонкія элементы, чытта (махат-таттва), аханкара, манас і буддхі, разам на мікракасмічным узроўні складаюць тое, што называецца ўнутраным органам пачуццяў (антах-каранай). У існасці, тут апісана структура абумоўленай свядомасці з ейнымі чатырма аспектамі, якія дазваляюць душы ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Гэта складаны механізм, адмысловы інтэрфэйс, з дапамогай якога нязменная, духоўная з прыроды душа ўзаемадзейнічае са светам матэрыі і такім парадкам атрымлівае магчымасць цешыцца гэтым светам.
Пытанне: А можна растлумачыць гэта на даступным прыкладзе?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Напрыклад, калі мы чуем гук, спачатку ён рэгіструецца чыттай як нейкае адчуванне. Потым буддхі, ўспрымальная здольнасць, якая апэруе нашымі органамі пачуццяў, дазваляе нам зразумець, што гэта за гук, і аднесці яго да нейкай ужо знаёмай нам катэгорыі. Пасля гэтага манас, «розум», абапіраючыся на мінулы досвед, вызначае, падабаецца нам гэты гук ці не падабаецца, і спараджае жаданне слухаць яго далей ці, наадварот, ухіліцца яго, а аханкара, падманнае эга, суадносіць яго з намі, як бы робіць гэты гук часткай майго «я» (напрыклад, чалавек пачынае ганарыцца тым, што яму ўдалося трапіць на канцэрт знакамітага музыканта).
Пытанне: Такім парадкам, атрымліваецца, што свядомасць, адлюстраваная ў матэрыі, уступіўшы ва ўзаемадзеянне з матэрыяльнымі гунамі, прыняла формы, адпаведна, падманнага эга, розуму (манаса) і здольнасці да ўспрымання (інтэлекту, ці буддхі). Што адбываецца далей?
Я. С. Бхакцi Вiг’яна Госвамi: Мы ўжо казалі пра тры віды энергіі, якімі надзелена падманнае эга. Г’яна-шакці, ці энергія спазнання, якая падахвочваецца часам, спараджае прота-дэватаў, правобразы тонкіх сіл прыроды, што кіруюць органамі пачуццяў. Крыя-шакці, творчая энергія, пад уплывам часу спараджае органы пачуццяў. А драв’я-шакці, рэчыўная энергія, спараджае тонкія аб’екты ўспрымання і пяць грубых першаэлементаў – носьбітаў аб’ектаў успрымання. Першым з’яўляецца гук, які спараджае эфір, альбо матэрыяльную прастору. Інакш кажучы, усе папярэднія этапы стварэння адбываліся па-за матэрыяльнай прасторай. Прастора, ці эфір – гэта сцэна, на якой разгортваюцца ўсе наступныя падзеі ў матэрыяльным свеце. У адпаведнасці з ведыйскай філасофіяй, прастора – зусім не інэртная пустэча. Прастора – гэта пэўны матэрыяльны элемент, які на санскрыце мае назву акаша. Гэтаксама, чатыры іншыя першаэлементы, ці стыхіі, не трэба блытаць з тым, што мы звычайна разумеем пад паветрам, агнём, вадой ці зямлёй. Гэтыя пяць элементаў ёсць пяццю станамі, у якіх можа знаходзіцца матэрыя: хвалепадобны (у выглядзе вібрацыі ў эфіры), газападобны, плазмавы, вадкі і цвёрды.
Так адзін за адным узнікаюць дваццаць пяць галоўных элементаў стварэння. Першы элемент – гэта час, потым узнікаюць чатыры аспекты свядомасці, потым пяць спазнавальных органаў пачуццяў і пяць дзейных органаў пачуццяў, пяць тонкіх і пяць грубых элементаў.
З гэтага апісання робіцца ясна, што гаворка ідзе не пра матэрыяльныя, фізічныя элементы, а пра метафізічныя катэгорыі, так бы мовіць, прота-элементы, ці якасныя характарыстыкі матэрыі, якія ўзнікаюць да стварэння самой матэрыі. Гэтыя якасці ёсць той тонкай матрыцай, на грунце якой узнікае даступная нашаму ўспрыманню рэальнасць ва ўсёй ейнай разнастайнасці. Ні гуны, ні час, ні прастора, не кажучы ўжо пра розум ці інтэлект, немагчыма вылучыць, разгледзець пад мікраскопам ці памацаць. Але гэта не адмаўляе іхнага існавання.
Як мы ўжо казалі, на падставе гэтай канцэпцыі паўстала мноства ўжытковых дысцыплін (ёга, аюрведыйская медыцына, астралогія, васту-архітэктура), дзейснасць якіх даказана на практыцы. Больш за тое, хоць усе гэтыя ўяўленні могуць здацца сучаснаму чалавеку нязвыклымі, таму што, на першы погляд, супярэчаць усяму, чаму нас вучылі ў школе, на самай рэчы сучасная навука толькі-толькі пачынае падыходзіць да неабходнасці ўвядзення гэтых канцэпцый для поўнага апісання рэальнасці. Напрыклад, сучасная квантавая фізіка выявіла хвалевую прыроду ўсіх матэрыяльных аб’ектаў, хоць мудрэц Капіла казаў пра гэта тысячы гадоў таму назад, калі паясняў, што першым матэрыяльным элементам ёсць гук, ці хваля.
Яшчэ адзін прыклад: тэорыя самаарганізацыі матэрыі Нобелеўскага лаўрэата І. Прыгожына, у існасці, пастулюе існаванне ў матэрыі такіх характарыстык, як розум. Хто ведае, можа, якому будучаму навукоўцу прысудзяць Нобелеўскую прэмію за тэорыю пра існаванне Найвышэйшага Розуму, які стварыў увесь гэты дзіўны механізм? Зрэшты, Бог дзеля таго і стварыў матэрыяльны свет, каб заўсёды заставацца тут «недаказанай гіпотэзай».