Кожны чалавек імкнецца да таго, каб стаць шчаслівым. Кожны чалавек імкнецца да таго, каб любіць і быць любімым. Усё жыццё чалавека пабудавана на тым, каб знайсці шчасце і ўзаемную любоў. Дзеля гэтага ён робіць розныя ўчынкі і мае розныя стасункі. Але нягледзячы на ўсе гэтыя спробы знайсці шчасце і любоў, чалавека зноў і зноў пераследуюць расчараванні. Ён расчароўваецца ў людзях, расчароўваецца ў стасунках, расчароўваецца ў навакольным свеце.
Чым жа выклікана гэтае імкненне да здабыцця шчасця? Чым выклікана патрэба ў любові? Чым выклікана тое расчараванне, якое прыходзіць да чалавека, калі яму не ўдаецца рэалізаваць патрэбу любіць і быць любімым?
Патрэба любіць закладзена ў кожнай жывой істоце. Няможна жыць, нікога не любячы. Чалавек увесь час імкнецца да таго, каб знайсці любоў. Ён жадае любіць і жадае, каб яго любілі таксама. Адзінае, чаго нам нестае, гэта ведаў пра тое, на каго трэба скіраваць сваю любоў.
Калі мы прыходзім у гэты свет, нас вучаць любіць сваю краіну, ці сям’ю, ці самога сябе. І мы лічым, што гэтыя веды праўдзівыя. Але калі гэтыя веды ёсць дакладнымі, дык чаму ж тады яны прыносяць у выніку расчараванне? Чаму ж мы, хоць і жывём у адпаведнасці з гэтымі ведамі, але так і не робімся шчаслівымі? Гэта можа паказваць толькі на тое, што тыя ўяўленні пра любоў і шчасце, якія існуюць у сучасным грамадстве, застаюцца памылковымі. Таму чалавек ідзе дарогай жыцця, спрабуючы знайсці любоў, але так яе і не знаходзіць, і ў выніку расчароўваецца.
Уся праблема палягае ў тым, што мы нічога не ведаем, ды ў прынцыпе не асабліва і хочам ведаць, пра крыніцу любові. Мы ўважаем сябе за спараджэнне матэрыі, і адпрэчваем нашу духоўную існасць. Кожная жывая істота працята свядомасцю. Мы ўсе ўсведамляем, што мы жывыя. Мы бачым навакольны свет, які дзейнічае паводле пэўных законаў, дзень змяняе ноч, змяняюцца поры году, чалавек нараджаецца, старэе, хварэе і памірае. Ніхто не здольны паўплываць на гэта. Ніхто не здольны спыніць час. І калі існуюць усе гэтыя законы, значыць павінен быць нехта, хто іх стварыў. Павінен быць нехта, хто стварыў нас і навакольны свет. Гэтым стваральнікам, а таксама і крыніцай любові ёсць Госпад. Але мы зацята працягваем ігнараваць гэты факт, і працягваем шукаць любоў у ілюзорных, не натуральных рэчах.
Госпад любіць усіх і заўсёды, не зважаючы ні на што. Што б мы не рабілі і чым бы не займаліся, як бы мы не ставіліся да Госпада: адмаўлялі Ягонае існаванне, вялі грэшную дзейнасць ці клялі Яго, нягледзячы на гэта, Госпад усе роўна любіць нас і ўсяляк пра нас клапоціцца. У сэрцах тых людзей, якія пачынаюць бачыць клопат Госпада, з’яўляецца падзяка. І яны імкнуцца адказваць на любоў Госпада сваёй любоўю, і праз гэта знаходзяць сапраўдную любоў і шчасце.
Мы можам лёгка ў гэтым пераканацца, калі паглядзім на тых людзей, якім удалося аднавіць згубленыя стасункі з Госпадам. Кожная рэлігійная традыцыя мае святых, якія на сваім жывым прыкладзе паказваюць іншым гэты досвед здабыцця любові і шчасця. Параўнаўшы гэтыя два досведы, досвед матэрыялістычнага грамадства і досвед святых, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, разумны чалавек прыйдзе да высновы, што толькі праз служэнне Богу можна знайсці сапраўдную любоў і шчасце.
Дык няхай завершыцца ваша дарога жыцця найвышэйшым дарункам, які толькі мае гэты свет – аднаўленнем згубленых стасункаў з Госпадам у бескарыслівым любоўным адданым служэнні Яму.