Г’яна – філасофскі пошук Абсалютнае Праўды

Часам здараецца так, што, пражыўшы шмат жыццяў у змаганні ды пагоні па пачуццёвыя задавальненні, чалавек пачынае адчуваць нейкую агіду да такой дзейнасці. Наеўся, як кажуць. Аж да ванітаў)

 

І вось у гэты момант Крышна прыводзіць такога чалавека да шляху г’яны.

 

Што становіць сабой гэтая практыка? Па-першае, гэта аналіз навакольнага свету з дапамогаю логікі, назіранняў і святых пісьмаў. Чалавек утрымлівае свае пачуцці ад кантакту з аб’ектамі пачуццёвай асалоды. Упарадкоўвае ежу і сон, не мае пазашлюбных кантактаў альбо ўвогуле трымаецца цэлібату. Звычайна такі чалавек жыве дзесьці ў самотным месцы і медытуе на адзінага Брахмана. Прыкладна так: а-ў-м....;)

 

Часта такіх людзей яшчэ называюць імперсаналістамі. То бок яны лічаць, што Абсалютная Праўда не ёсць асобаю (персонаю), а ўся разнастайнасць матэрыяльнага свету (як і сам свет) часовая і ілюзорная. І самае галоўнае – імперсаналіст шчыра лічыць, што ён і ёсць Абсалютнай Праўдай, таксама як і ўсе астатнія. Усё ёсць Брахманам, don’t worry be happy:)

 

Шлях г’яна-ёгі – гэта адрачэнне ад матэрыяльнага свету і імкненне да вызвалення (растварэнне ў Брахмане).

 

Але не ўсё так проста. Кожны спосаб мае свае складанасці і перашкоды. Увесь час кантраляваць свае пачуцці вельмі цяжка, бо з сваёй прыроды яны вельмі актыўныя. Больш за тое, душа таксама дзейная. Таму вынікам нават невялікага паслаблення кантролю пачуццяў і розуму будзе неадкладны ўпадак. Тым самым, душа, не атрымаўшы поўнага здавальнення ад зліцця з Абсалютам, зноў вяртаецца ў матэрыяльны свет, і так у чарговы раз пачынаецца ейная дабрачынная альбо якая іншая дзейнасць. Кармічнае кола замкнулася...

Садху-бхушана дас
09.04.2022
Навігацыя: