Паміж вучэннем Госпада Чайтаньі, якое выкладаецца тут, і вучэннем Госпада Крышны ў «Бхагавад-гіце» няма ніякай розніцы. Вучэнне Госпада Чайтаньі гэта практычнае ўвасабленне вучэння Госпада Крышны. Апошняе настаўленне Госпада Крышны ў «Бхагавад-гіце» палягае ў тым, што кожны павінен аддацца Яму, Госпаду Крышну. Крышна абяцае ўзяць на Сябе непасрэдны клопат пра душу, якая аддалася Яму. Госпад, Вярхоўная Асоба Бога, і так клапоціцца пра падтрыманне гэтага стварэння з дапамогай Сваёй поўнай экспансіі, Кшырадакашаі Вішну, аднак, Ён не робіць гэтага наўпроста Сам. Але калі Госпад кажа, што Ён паклапоціцца пра Свайго чыстага адданага, Ён напраўду бярэ на Сябе ўсе непасрэдныя клопаты пра яго. Чысты адданы – гэта душа, якая заўсёды і ўва ўсім спадзяецца на Госпада, падобна таму, як дзіцё спадзяецца на сваіх бацькоў, а жывёліна на свайго гаспадара.
У працэсе аддання сябе на Ягоную волю варта:
1) прымаць тое, што спрыяльна для выканання адданага служэння;
2) адпрэчваць усё тое, што неспрыяльна для гэтага;
3) цвёрда верыць у абарону Госпада;
4) адчуваць сваю поўную залежнасць ад літасці Госпада;
5) не мець якіх-кольвек інтарэсаў, не звязаных з інтарэсамі Госпада;
6) заўсёды быць рахманым і пакорлівым.
Госпад патрабуе, каб чалавек аддаваўся Яму, выконваючы гэтыя шэсць наказаў, але неразумныя так званыя навукоўцы гэтага свету няправільна разумеюць гэтыя патрабаванні і пераконваюць асноўныя масы людзей адпрэчыць іх. Падводзячы вынік дзявятай часткі «Бхагавад-гіты», Госпад Крышна проста кажа: «Заўсёды займай свой розум думкамі пра Мяне, стань Маім адданым, выказвай Мне павагу, падаючы ніцма перада Мной, і пакланяйся Мне. Так, цалкам занураны ў Мяне, ты, без сумневу, прыйдзеш да Мяне» (Б.-г., 9.34). Але адукаваныя дэманы ўводзяць у зман асноўныя масы людзей, скіроўваючы іх да безасабовай, непраяўленай, вечнай, ненароджанай праўды, а не да Асобы Бога. Філосафы-імперсаналісты (маявадзі) не прызнаюць, што найвышэйшым аспектам Абсалютнай Праўды ёсць Вярхоўная Асоба Бога. Той, хто хоча спазнаць сонца ўва ўсёй поўнасці, спачатку павінен заняцца сонечным святлом, потым вывучыць нябеснае цела, якое завецца Сонцам, і канец канцоў трапіўшы на гэту планету, ён можа сустрэцца з паноўным боствам Сонца. Праз брак ведаў філосафы маявадзі не могуць пайсці далей ззяння Брахмана, якое можна прыраўнаць да сонечнага ззяння. Упанішады пацвярджаюць, што чалавек павінен пранікнуць за асляпляльнае ззянне Брахмана, і толькі пасля гэтага ён зможа ўбачыць сапраўднае аблічча Асобы Бога.
Таму Госпад Чайтанья вучыць непасрэднаму пакланенню Госпаду Крышну, які з’явіўся як прыёмны сын караля Враджа. Ён таксама падводзіць нас да думкі, што мясцовасць, вядомая як Врындаван, у існасці, тое ж самае, што Госпад Крышна, бо паміж імем, якасцямі, формай, гульнямі, атачэннем і атрыбутамі Госпада Крышны і Самім Госпадам Крышнам няма ніякай розніцы. Такая абсалютная прырода Абсалютнай Праўды.
Госпад Чайтанья вызначыў таксама форму пакланення на найвышэйшай ступені дасканаласці. Гэта метад, які практыкавалі дзяўчаты Враджа. Гэтыя дзяўчаты (гопі ці пастушкі) проста кахалі Крышну без жадання мець для сябе праз гэта якую-колечы матэрыяльную ці духоўную выгаду. Чайтанья таксама казаў пра «Шрымад-Бхагаватам» як пра бездакорны аповед, які змяшчае духоўныя веды, і адзначаў, што найвышэйшай мэтай чалавечага жыцця ёсць дасягненне чыстай любові да Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога.
Вучэнне Госпада Чайтаньі нічым не адрозніваецца ад таго, чаму вучыў Госпад Капіла, першы, хто апісаў сістэму санкх’я-ёгі, філасофскую сістэму санкх’і. Гэта аўтарытэтная сістэма ёгі рэкамендуе медытацыю на трансцэндэнтную форму Госпада. Не можа быць і гаворкі пра тое, каб медытаваць на штосьці пустое ці безасабовае. На трансцэндэнтную форму Госпада Вішну можна медытаваць нават не выконваючы статычных пастаў. Гэта медытацыя называецца дасканалым самадхі. Праўдзівасць гэтага дасканалага самадхі пацвярджаецца пад канец шостай часткі «Бхагавад-гіты», дзе Госпад Крышна кажа: «З усіх ёгаў той, хто з вялікай верай заўсёды знаходзіцца ўва Мне і пакланяецца Мне, займаючыся трансцэндэнтным любоўным служэннем, мацней за ўсіх злучаны са Мной у ёзе і перасягае ўсіх» (Б.-г., 6.47).
Госпад Чайтанья вучыў людзей філасофіі санкх’і ў варыянце ачынцья-бхедабхеда-татвы, якая сцвярджае, што Вярхоўны Госпад адзіны са Сваім стварэннем і ў той жа час адрозны ад яго. Госпад Чайтанья вучыў гэтай філасофіі праз спеў і паўтарэнне святога імя Госпада. Ён вучыў, што святое імя Госпада ёсць гукавым увасабленнем Госпада, і таму, што Госпад ёсць абсалютнае цэлае, паміж Ягоным імем і Ягонай трансцэндэнтнай формай няма ніякай розніцы. Такім парадкам, з дапамогай паўтарэння святога імя Госпада чалавек можа наўпроста мець стасункі з Вярхоўным Госпадам праз гукавую вібрацыю. Той, хто практыкуе гэту гукавую вібрацыю, праходзіць праз тры стадыі развіцця: стадыю абраз, стадыю ачышчэння і трансцэндэнтную стадыю. На стадыі абраз у чалавека можа захоўвацца жаданне ўсіх відаў матэрыяльнага шчасця, але на другой стадыі ён ачышчаецца ад матэрыяльнага апаганьвання. Прыйшоўшы да трансцэндэнтнай стадыі, чалавек дасягае самага жаданага стану – стадыі любові да Бога. Госпад Чайтанья вучыў, што гэта ёсць найвышэйшая ступень дасканаласці, якой можа дасягнуць чалавек.
Практыка ёгі, у існасці, прызначана для кантролю над пачуццямі. Галоўным фактарам, які ажыццяўляе кантроль над пачуццямі, ёсць розум, таму перадусім трэба імкнуцца кантраляваць свой розум, займаючы яго ў свядомасці Крышны. Грубая дзейнасць розуму выяўляецца праз вонкавыя пачуцці. Яна выяўляецца або ў набыцці ведаў, або ў дзейнасці пачуццяў згодна з жаданнямі чалавека. Тонкая дзейнасць розуму складаецца з разважанняў, адчуванняў і жаданняў. Чалавек або апаганены, або чысты ў залежнасці ад ягонай свядомасці. Калі розум чалавека сканцэнтраваны на Крышну (Ягоным імені, якасцях, форме, гульнях, атачэнні і атрыбутах), усё, што б ён ні рабіў на тонкім ці грубым плане, ёсць дабро. Метад ачышчэння свядомасці, які рэкамендуецца ў «Бхагавад-гіце», гэта сканцэнтраванне розуму на Крышну пры дапамозе: абмеркавання Ягоных трансцэндэнтных дзеяў; мыцця Ягонага храма; наведвання Ягонага храма; сузірання прыгожай трансцэндэнтнай формы Госпада, аздобленай належным чынам; слухання Ягонай трансцэндэнтнай славы; ужывання ежы, прапанаванай Яму; стасункаў з Ягонымі адданымі; удыхання водару лісця туласі і кветак, прапанаваных Яму; удзел у дзейнасці, якая здзяйсняецца ў імя Госпада, і інш. Ніхто не ў стане спыніць дзейнасць розуму і пачуццяў, але можна ачысціць гэту дзейнасць, змяніўшы сваю свядомасць. Гэта змена паказана ў «Бхагавад-гіце», калі Крышна кажа Арджуну пра веданне ёгі, з дапамогай якога чалавек можа дзейнічаць без кармічных наступстваў. «О сын Прытхі, дзеючы такім розумам, ты можаш вызваліцца ад нявольніцтва дзейнасці» (Б.-г., 2.39). Пэўныя акалічнасці такія, як хвароба і іншае, часам абмяжоўваюць чалавека ў ягоных пачуццёвых асалодах, але гэта не тое, што наказвае «Бхагавад-гіта». Не ведаючы сапраўднага метаду, з дапамогай якога можна панаваць над сваім розумам і пачуццямі, не вельмі разумныя людзі або спрабуюць сілай спыніць дзейнасць розуму і пачуццяў, або саступаюць ім і знікаюць сярод хваль пачуццёвых асалод.
Рэгулявальныя прынцыпы і правілы ёгі, розныя статычныя паставы і дыхальныя практыкаванні, выкананыя з мэтай адцягнуць пачуцці ад аб’ектаў пачуццяў, прызначаны для тых, хто занадта паглынуты целавай канцэпцыяй жыцця. Разумны чалавек, які знаходзіцца ў свядомасці Крышны, не спрабуе сілком утрымаць пачуцці ад дзейнасці. Наадварот, ён займае свае пачуцці ў служэнні Крышну. Дзіцё немагчыма ўтрымаць ад свавольстваў, прымусіўшы яго нічога не рабіць, але яго лёгка можна ўтрымаць ад свавольства, калі заняць яго дзейнасцю вышэйшага парадку. Вымушанае стрыманне пачуццёвай дзейнасці з дапамогай васьмі прынцыпаў ёгі рэкамендуецца для людзей, якія стаяць на ніжэйшых ступенях развіцця. Больш высокаразвітыя людзі, займаючыся дзейнасцю вышэйшага парадку ў свядомасці Крышны, натуральным чынам адыходзяць ад матэрыяльнай дзейнасці ніжэйшага парадку.
Так вучыць Госпад Чайтанья навуцы свядомасці Крышны. Гэтая навука абсалютная. Людзі, якія займаюцца сухімі абстрактнымі філасофскімі разважаннямі, спрабуюць пазбавіцца матэрыяльных прыхільнасцяў, але звычайна пры гэтым высвятляецца, што розум даволі моцны, каб можна было ім кіраваць, і ён ізноў уцягвае чалавека ў пачуццёвую дзейнасць. Чалавек у свядомасці Крышны не ідзе на такую рызыку. Належыць заняць свой розум і пачуцці ў свядомасці Крышны, і Госпад Чайтанья вучыць таму, як практычна ажыццявіць гэта.
Да прыняцця саньясы (адрачэння) Госпад Чайтанья насіў імя Вішвамбхара. Словам вішвамбхара называюць таго, хто падтрымлівае і захоўвае ўвесь сусвет і ўзначальвае ўсе жывыя істоты. І гэты захавальнік і кіраўнік усіх жывых істот з’явіўся як Госпад Шры Крышна Чайтанья, каб даць чалавецтву гэтае ўзнёслае вучэнне. Госпад Чайтанья ідэальны настаўнік таго, у чым больш усяго мае патрэбу чалавек. Ён шчодра даруе любоў да Крышны. Ён ёмішча ўсяе дабрыні і поспеху. Як пацвярджаюць «Шрымад-Бхагаватам», «Бхагавад-гіта», «Махабхарата» і Упанішады, Ён ёсць Вярхоўнай Асобай Бога, Самім Крышнам, і Ён ёсць аб’ектам пакланення для кожнага ў гэты век нязгод. Кожны можа далучыцца да Ягонага руху санкіртаны. Дзеля гэтага не трэба валодаць ніякімі асаблівымі якасцямі. Проста паступаючы ў адпаведнасці з Ягоным вучэннем, кожны зможа стаць дасканалым чалавекам. Той, хто дастаткова ўдачлівы, каб прывабіцца Ягонымі якасцямі, пэўна дасягне поспеху і выканае місію свайго жыцця. Інакш кажучы, з ласкі Госпада Чайтаньі ўсе тыя, хто хоча здабыць духоўнае існаванне, могуць вельмі проста вызваліцца з кіпцюроў маі. І гэтае вучэнне, выкладзенае ў дадзенай кнізе, не адрозніваецца ад Самога Госпада.
Абумоўленая душа, змешчаная ў матэрыяльнае цела, піша ўсё новыя і новыя старонкі гісторыі рознымі відамі матэрыяльнай дзейнасці. Вучэнне Госпада Чайтаньі можа дапамагчы чалавечаму грамадству спыніць гэту марную і тленную дзейнасць. З дапамогай гэтага вучэння чалавецтва можа ўзвысіцца да найвышэйшай ступені духоўнай дзейнасці. Духоўная дзейнасць, фактычна, пачынаецца пасля вызвалення з матэрыяльнага нявольніцтва. І гэта вольная дзейнасць у свядомасці Крышны ёсць мэтай чалавечай дасканаласці. Падманны прэстыж, які чалавек набывае ў сваіх патугах панаваць над матэрыяльнай прыродай, прывідны. У вучэнні Госпада Чайтаньі можна знайсці веды, якія нясуць святло, і з дапамогай гэтых ведаў можна дасканаліцца ў духоўным жыцці.
Усе так ці інакш вымушаны цешыцца вынікамі сваёй дзейнасці ці пакутаваць ад іх; ніхто не ў стане перашкодзіць законам матэрыяльнай прыроды, якія кіруюць гэтым. І пакуль чалавек займаецца кармічнай дзейнасцю, ён безумоўна асуджаны на няўдачу ў сваіх спробах дасягнуць канчатковай мэты жыцця. Я шчыра спадзяюся, што, зразумеўшы вучэнне Госпада Чайтаньі, чалавечае грамадства знойдзе новы досвед духоўнага жыцця, які адкрые перад ім поле дзейнасці чыстай душы.