Ганга Дашара, Ганга Пуджа

img

Ганга Дашара, Ганга Пуджа – свята, прысвечанае пакланенню святой рацэ Ганзе. Гэта дзень з’яўлення Маці Гангі, дзень, калі святая рака зышла з нябёсаў на Зямлю.

 

Багіня Ганга – дачка караля гор Хімаваты і ягонай жонкі Мены. Ганга прыходзіцца сястрой багіні Парваці (жонцы Шывы).

 

Ганга – імя святой і самай вядомай ракі. Пабожная рака Ганга сама па сабе храм. Ганга – «Рака Чысціні, ведаў, адзінства і прасвятлення», дадзеная нам Творцам. Веды перамагаюць цемру і невуцтва. «Дашара» перакладаецца як «ачышчальная ад дзесяці асноўных грахоў».

 

Паводле пуранаў, Ганга выцякае з вялікага пальца левай нагі Вішну, спачатку яна плыла толькі па небу, але потым зышла на зямлю, каб амыць прах Ягоных продкаў – шасцідзесяці тысяч сыноў Сагары.

 

Традыцыя пакланення Ганзе налічвае некалькі тысяч гадоў. Паводле старажытных святых пісьмаў, такіх як «Шрымад-Бхагаватам», Ганга – гэта не проста рака, а энергія вялікай ракі Віраджа, якая падзяляе матэрыяльны і духоўны светы.

 

Ганга Дашара – дзень для ачышчэння ўнутранага «Я». У гэты дзень Святая рака сходзіць з нябёсаў на Зямлю, каб змыць нашыя грахі. Гэта час, калі Прырода спрыяе нам, даючы мажлівасць зрабіць жыццё больш чыстым.

img

Паводле традыцыі праводзіцца адмысловая Пуджа (малітва, цырымонія): мноства людзей збіраецца на беразе гэтага цудоўнага патоку любові, а святары бліжэйшых храмаў ступаюць па калена ў ваду і падносяць Ганзе вялізныя свяцільні з алейнымі кнатамі. Затым людзі кідаюць у ваду кветкі і гірлянды і ўзносяць свае малітвы Ганзе Дэві (багіні ракі).

 

Ганга Пуджа – ачышчальны рытуал, які знішчае негатыўныя рэакцыі многіх нашых грахоў, праганяе цемру невуцтва, прыносіць святло і чысціню ў нашае жыццё.

Падрыхтавана – чэрвень 2024
Навігацыя: