Дзень з’яўлення Шрымаці Сіта Дэві
Роўна праз месяц пасля з’яўлення Шры Рамы адзначаецца дзень з’яўлення Ягонае жонкі, багіні Сіты, увасаблення самой Багіні Лакшмі!
Гэты дзень таксама вядомы як Сіта Навамі і Сіта Джаянці.
З’яўленне багіні Сіты адзначаецца ў Навамі Цітхі падчас Гаўра Пакшы (дзявятыя суткі росту Месяца) месяца Мадхусудан (Вайшакха). Сіта Дэві, увасабленне багіні ўдачы, Лакшмі Дэві, ёсць вечнаю жонкаю Госпада Рамачандры.
У легендарным эпасе «Рамаяна» расказваецца гісторыя жыцця і дзеяў Госпада Рамы, але не толькі Яго самога, а ў цесным звязку з Ягонай адзінай вернай пабожнай жонкай Сітай. Паводле ведыйскіх канонаў Шрымаці Сіта Дэві ўважаецца за ўзор цнатлівай, вернай, мудрай жонкі. Замужнія жанчыны трымаюцца посту ў дзень Сіта Навамі і моляцца, каб дамагчыся доўгага жыцця сваіх мужоў.
Шрымаці Сіта Дэві таксама вядомая як Джанакі, бо яна была прыёмнаю дачкою караля Джанакі з Мітхілы. Таму гэты дзень таксама вядомы як Джанакі Навамі. Паводле індыйскае міфалогіі, калі кароль Джанака араў зямлю, каб здзейсніць яг’ю, ён знайшоў у залатой шкатулцы дзяўчынку. Узараная зямля называецца Сіта, і таму кароль Джанака назваў дзяўчынку Сітаю.
Джай Шры Сіта Рам!!!