Навошта нам чужое і незразумелае?

img

Адказвае Садху-бхушана дас:

 

На гэтае пытанне не адкажаш кароткім допісам. Калі чалавек напраўду шукае адказ на сваё пытанне «навошта», то менавіта гэтая філасофія, філасофія Ведаў, выкладзеная ў кнігах Шрылы Прабхупады, цалкам адказвае на яго.

Слова «веды» гаворыць само пра сябе. Веды ёсць веды. Яны даюць адказы на такія важныя пытанні як: хто такі чалавек, адкуль я прыйшоў у гэты свет, хто яго стварыў, што адбываецца пасля смерці і які сэнс жыцця. Таксама падрабязна растлумачаныя такія тэмы як: карма і рэінкарнацыя. Вядома, што іншыя святыя пісьмы таксама маюць адказы на гэтыя пытанні. Аднак гэтыя пісьмы ўзніклі ў нейкі перыяд часу альбо былі створаныя людзьмі, якія маюць чатыры заганы: яны схільныя памыляцца, падманваць іншых, упадаць у ілюзію, і яны маюць недасканалыя пачуцці. Веды ж, наадварот, маюць не чалавечае паходжанне. Ніхто не можа вызначыць час, калі яны ўзніклі, і перад тым, як яны былі запісаныя, яны перадаваліся вусна, праз ланцуг духоўных настаўнікаў, першым з якіх быў уласна Сам Госпад Крышна. Веды належаць усяму чалавецтву. Яны не маюць дачынення да якойсці абмежаванай групы людзей, секты ці рэлігіі. Таму кожны чалавек можа скарыстацца імі і зрабіць сваё жыццё дасканалым.

 

Усякага кшталту непаразуменні ды спрэчкі ўзнікаюць толькі на глебе матэрыялістычнага ўспрымання свету і сябе ў ім. Кожны ўважае сябе за цела, забываючы пра душу. Душа не мае ніякага дачынення да розных падзелаў на краіны, нацыі і г.д. І калі мы атаесамляем сябе з целам, якое нарадзілася ў нейкай мясцовасці, мы лічым іншых чужымі і варожымі ў дачыненні да нас. Духоўная культура не грунтуецца на матэрыяльных, часовых падмурках. Духоўная культура павінна аб’ядноўваць і паказваць на найвышэйшую мэту жыцця, а не прывязваць чалавека да грубых пачуццёвых асалод гэтага свету ды дзяліць усіх і ўсё на сваё і чужое.

Душа мае вечную прыроду. Яна ніколі не нараджалася і не ўзнікала. Нараджаецца толькі цела, якое без душы, без жывой іскры, нічога не варта. Калі цела памірае, душа, згодна са сваімі ўчынкамі, пераходзіць пасля смерці з аднаго цела ў іншае. І так бясконца. Цяпер хтосьці нарадзіўся ў адной краіне і ў пэўны час, а ў наступным жыцці народзіцца дзесьці ў іншым месцы, у іншай краіне. І кожны раз для яго штосьці будзе «сваім» і «чужым». А калі чалавек раптам патрапіць ў цела якой-колечы жывёліны, дык і ўвогуле ўсё стане (як пазначана ў пытанні) «незразумелым». Цела – гэта машына, механізм. Запраўдны кіроўца цела – гэта душа, запраўднае «я», пра якую мы амаль што нічога не ведаем.

 

«Бхагавад-гітай» у свой час цікавіліся і нават кіраваліся ў жыцці такія вялікія асобы, як Махатма Гандзі, Леў Талстой, Эйнштэйн, Шапенгаўэр, Юнг, Максіміліян Валошын ды шмат хто іншы. Існуе шмат перакладаў «Бхагавад-гіты» на розныя мовы. Нядаўна нават Барыс Грэбеншчыкоў зрабіў свой пераклад.

У Беларусі «Бхагавад-гіту» на беларускую мову пераклаў вядомы паэт, санскрытолаг Міхаіл Баярын. У ягоным перакладзе кніга мае назву «Багавітава Песня». Пераклад вельмі прыгожы і паказвае глыбіню і магчымасці беларускай мовы ў пытаннях перадавання старажытных тэкстаў.

Многія звычайныя і вядомыя беларусы цікавіліся ў свой час рухам Харэ Крышна і ведыйскай філасофіяй. Напрыклад, Алесь Разанаў у сваіх творах адзначаў гэты момант у сваім жыцці.

 

Вольны, неперадузяты чалавек з цікавасцю будзе ставіцца да чагосьці новага альбо незвычайнага. І часам здараецца так, што адказы на вечныя пытанні можна знайсці ў вельмі нечаканых месцах…

У сваю чаргу запрашаем кожнага да падарожжа ў цудоўны свет ведыйскай літаратуры. Гэта ні да чога нікога не абавязвае, а вось паглыбіць свае веды і пашырыць кругагляд ніколі не дарэмна.

05.05.2022
Навігацыя: