З сваёй прыроды ўсе мы ёсць слугамі, таму, адмаўляючыся служыць Крышну, мы пачынаем служыць маі. Але ў кожным разе мы застаёмся слугамі. Хто стане сцвярджаць, што ён сам сабе гаспадар і нікому не служыць? Усе мы служым сваёй сям’і, грамадству, краіне, справе, фірме, урэшце, сваёй машыне – каму і чаму заўгодна. Калі чалавеку зусім няма каму служыць, ён заводзіць сабаку ці ката і пачынае служыць ім. Чаму гэта адбываецца? Таму што імкненне да служэння закладзена ў прыродзе жывой істоты. Мы інстынктыўна шукаем аб’ект служэння, але не ведаем, каму павінны служыць, каб наша служэнне прыносіла нам шчасце. Служыць трэба толькі Крышну. Аднак, бытуючы ў матэрыяльным свеце, мы, замест таго каб служыць Крышну, робімся слугамі ўласных жаданняў, і таму служэнне не прыносіць нам здавальнення.