img

Герой-вайшнаў: Раванары прабху. Перакладнік кніг Шрылы Прабхупады на арабскую мову.

 

Раванары прабху нарадзіўся ў Палестыне, а да ІСККОН далучыўся ў 1973 годзе ў Нямеччыне.

Будучы маладым адданым ён даведаўся пра жаданне Шрылы Прабхупады перакласці Бхагавад-Гіту на арабскую мову і неадкладна прыступіў да гэтага служэння. Праз пару гадоў ён асабіста сустрэўся са Шрылам Прабхупадам у Врындаване пад час адкрыцця храма Крышны-Баларамы ў 1975 годзе.

«Я не мог паверыць, што Прабхупада захацеў сустрэцца са мной, – расказваў ён. – Ззянне, якое ішло ад Прабхупады, заняло мне мову. Я не мог нават слова вымавіць. Я быў цалкам уражаны».

«Чаму ты сядзіш так далёка? – спытаў яго Прабхупада, калі той прыйшоў на даршан. – Падыдзі бліжэй. Сядай побач са мной».

Калі Раванары прабху ўбачыў, што ў руках у Шрылы Прабхупады копія ягонага перакладу, ён быў агаломшаны.

«Пачытай мне пераклад», – папрасіў Шрыла Прабхупада.

«Але Прабхупада, гэта на арабскай мове», – адказаў ён.

 

Як успамінае Раванары Прабху, Шрыла Прабхупада прамовіў увесь арабскі альфабэт і пачаў чытаць урыўкі з перакладу. Раванары прабху правёў усю раніцу ў пакоі Прабхупады, чытаючы ўслых свой пераклад.

Прабхупада ўважліва слухаў, а ў канцы сказаў: «Надрукуй гэты пераклад. Табе трэба таксама навучыцца рабіць транслітарацыю санскрыцкіх вершаў. Надрукуй як мага хутчэй».

 

Пазней, калі ён жыў у Каіры і перакладаў кнігі Прабхупады, ягоны адзіны сын, Ш’ямасундар, захварэў на менінгіт і пакінуў гэты свет у трохгадовым узросце.

Пасля гэтага ён пераехаў у Канаду і пражыў там 16 гадоў, увесь гэты час перакладаючы кнігі Шрылы Прабхупады на арабскую мову.

 

«Я займаўся сезоннай працай: працаваў некалькі месяцаў запар, а потым жыў на гэтыя грошы – сядзеў і перакладаў цягам некалькіх месяцаў, потым ізноў некалькі месяцаў працаваў», – расказваў ён.

1 сакавіка 2018 г. (у дзень Гаўра-Пурнімы) Раванары Прабху пакінуў гэты свет.

 

На сайце www.ravanari.com знаходзяцца ўсе ягоныя пераклады кніг і лекцый Шрылы Прабхупады на арабскую мову.

(пераклад артыкула зроблены паводле сайта vasudeva.ru, друкуецца са скарачэннямі)
Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, красакавік 2023
Навігацыя: