Яго Боская Міласць А.Ч. Бхакціведанта Свамі Прабхупада

img

Яго Боская Міласць А.Ч. Бхакціведанта Свамі Прабхупада з’явіўся ў гэтым свеце ў 1896 г. у Калькуце (Індыя). Упершыню ён сустрэўся са сваім духоўным настаўнікам Шрылам Бхакцісіддхантам Сарасваці Госвамі ў Калькуце ў 1922 г. Бхакцісіддханту Сарасваці, выдатнаму вучонаму ў галіне рэлігіі і заснавальніку шасцідзесяці чатырох Гаўдыя-матхаў (ведыйскіх таварыстваў), спадабаўся адукаваны малады чалавек, і ён пераканаў яго прысвяціць сваё жыццё пашырэнню Ведаў. Так ён стаўся духоўным настаўнікам Шрылы Прабхупады, які праз адзінаццаць гадоў прыняў ад яго фармальнае пасвячэнне ў вучні.

Пры першай іхнай сустрэчы Шрыла Бхакцісіддханта Сарасваці Тхакур папрасіў Шрылу Прабхупаду распаўсюджваць Веды на англійскай мове. У наступныя гады Шрыла Прабхупада многа дапамагаў у дзейнасці Гаўдыя-матхаў, напісаў каментары да «Бхагавад-гіты» і ў 1944 г. пачаў выпускаць часопіс «Бэк ту Годхэд» («Назад да Бога»), які выходзіў раз на два тыдні па-англійску. Цяпер ягоныя вучні працягваюць друкаваць часопіс больш як на трыццаці мовах свету.

У 1947 г. Таварыства Гаўдыя-вайшнаваў, аддаючы даніну філасофскім спазнанням Шрылы Прабхупады і ягонай адданасці Богу, прысвоіла яму тытул «Бхакціведанта». У 1950 г. у веку пяцідзесяці чатырох гадоў Шрыла Прабхупада адышоў ад сямейнага жыцця, прыняўшы ванапрастху, каб прысвяціць увесь свой час навуковым заняткам і літаратурнай працы. Ён пасяліўся ў святым горадзе Врындаване, дзе жыў у вельмі сціплай атмасферы ў знакамітым храме Радхі-Дамадары. Цягам некалькіх гадоў Шрыла Прабхупада быў цалкам паглынуты навуковымі і літаратурнымі заняткамі. У 1959 г. ён зрокся свету, прыняўшы саньясу. Акурат у храме Радхі-Дамадары Шрыла Прабхупада пачаў працу над сваім шэдэўрам – шматтамовым перакладам і каментарамі да «Шрымад-Бхагаватам» («Бхагавата-пураны»), класічнага філасофскага твора на санскрыце, які складаецца з васямнаццаці тысяч вершаў. Тамсама ён напісаў невялікую кнігу «Лёгкаe падарожжа да іншых планет».

У 1965 г., апублікаваўшы першыя тры тамы «Шрымад-Бхагаватам», Шрыла Прабхупада адправіўся ў ЗША, каб выканаць місію, ускладзеную на яго духоўным настаўнікам. У наступныя гады ён выпусціў больш за шэсцьдзясят тамоў перакладаў, каментароў і аглядных нарысаў індыйскіх класічных прац з філасофіі і рэлігіі.

У верасні 1965 г., калі Шрыла Прабхупада на транспартным судне прыбыў у Нью-Ёрк, ён не меў практычна ніякіх сродкаў. Пражыўшы ў ЗША амаль год і пераадолеўшы нямала перашкод, у ліпені 1966 г. ён заснаваў Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны (ІСККОН). Да таго моманту, як 14 лістапада 1977 г. Шрыла Прабхупада пакінуў гэты свет, таварыства, заснаванае ім, вырасла ў усясветную канфедэрацыю, якая складалася з больш як ста ашрамаў, школ, храмаў, інстытутаў і сельскагаспадарчых грамад.

У 1968 г. Шрыла Прабхупада заснаваў у ЗША першую эксперыментальную ведыйскую сельскагаспадарчую грамаду. Натхнёныя поспехам гэтага распачынання, ягоныя вучні з той пары стварылі шмат падобных камун у Злучаных Штатах і за іхнымі межамі.

У 1972 г. ён увёў на Захадзе ведыйскую сістэму пачатковай і сярэдняй адукацыі, заснаваўшы ў Даласе гурукулу. Паслядоўнікі Шрылы Прабхупады, кіруючыся ягонымі настаўленнямі, арганізавалі школы для дзяцей па ўсім свеце. Два галоўныя цэнтры адукацыйнае сістэмы ІСККОН знаходзяцца цяпер у Врындаване і Маяпуры (Індыя).

Апроч таго, Шрыла Прабхупада быў натхняльнікам пабудовы вялікіх міжнародных культурных цэнтраў у Індыі. Вакол цэнтра ў Шрыдхаме Маяпуры (Заходняя Бенгалія) запланаваная пабудова духоўнага горада; ажыццяўленне гэтага грандыёзнага праекта зойме некалькі дзясяткаў гадоў. У Врындаване пабудаваныя велічны храм Крышны-Баларамы і гатэль для паломнікаў з усяго свету. Буйныя культурніцкія і адукацыйныя цэнтры ІСККОН знаходзяцца ў Бамбеі і многіх іншых вялікіх гарадах Індыі.

Аднак самае важнае з таго, што Шрыла Прабхупада пакінуў людзям, – гэта ягоныя кнігі. Высока ацэненыя навукоўцамі за іхную аўтарытэтнасць, глыбіню і яснасць выкладання, яны служаць падручнікамі ў многіх каледжах і ўніверсітэтах. Ягоныя працы перакладзеныя больш чым на семдзесят пяць моў свету. «Бхакціведанта Бук Траст» (выдавецтва, заснаванае ім у 1972 г.) ёсць самым вялікім выдавецтвам у свеце, якое публікуе творы з індыйскай філасофіі і рэлігіі.

Нягледзячы на свой сталы век, Шрыла Прабхупада аб’ехаў вакол свету чатырнаццаць разоў, чытаючы лекцыі на ўсіх пяці кантынентах. І хаця ён быў вельмі заняты, ён ніколі не пераставаў пісаць кнігі. Творы Шрылы Прабхупады – гэта сапраўдная энцыклапедыя ведыйскай філасофіі, рэлігіі, літаратуры і культуры.

img
Навігацыя: