У восьмай песні Шрымад-Бхагаватам апавядаецца пра тое, як Госпад Ваманадэва з’явіўся на свет, і як Ён адправіўся да месца ахвярапрынашэння, якое праводзіў Махараджа Балі (кароль з дынастыі дэманаў-дайцьяў, вялікі адданы Госпада). Махараджа Балі ветліва прыняў Ваманадэву і сказаў, што гатовы падараваць Яму ўсё, што Ён пажадае.
Госпад Ваманадэва з’явіўся ў гэтым свеце з улоння Адзіці, трымаючы ў руках ракавіну, дыск, булаву і лотас. Ён меў цела цёмнага колеру і быў апрануты ў жоўтыя адзенні. Госпад Вішну з’явіўся ў спрыяльны час: у дзень Шравана-двадашы, калі ўзышла зорка Абхіджыт. Тым часам ува ўсіх трох светах (у тым ліку на вышэйшых планетах, у касмічнай прасторы і тут, на Зямлі) паўбагі, каровы, брахманы ды нават поры году ўсцешыліся з’яўленню Госпада і напоўніліся шчасцем. З той пары гэты спрыяльны дзень называюць віджая.
Ягоныя бацькі Каш’япа і Адзіці былі моцна ўражаныя, калі Сам Госпад, Вярхоўная Асоба, чыё цела мае прыроду сат-чыт-ананды, з'явіўся ім як сын. Спачатку Госпад паўстаў перад імі, а пасля Ён прыняў аблічча карліка (Ваманы). Вялікія мудрацы радасна сустрэлі гэтую падзею і на чале з Каш’япам Муні правялі абрад з нагоды нарадзінаў Ваманадэвы. Калі на Госпада Ваману ўрачыста надзявалі святы шнур, Яму прынеслі ўшанаванні бог Сонца, Брыхаспаці, багіня Зямлі, бог райскіх планет, Ягоная маці, Госпад Брахма, Кувэра, Саптарышы (сем мудрацоў) ды іншыя.
Пасля гэтага Госпад Ваманадэва адправіўся туды, дзе брахманы з дынастыі Бхрыгу праводзілі ахвярапрынашэнне. Гэта было на полі Бхрыгукаччха, на паўночным беразе ракі Нармады. Убраны ў аленевую шкуру, з поясам з чароту (мунджа) і святым шнуром, з дандай у руках, парасонам і збаном (камандалу), Госпад Ваманадэва прыйшоў туды, дзе Махараджа Балі здзяйсняў яг’ю.
Боскае ззянне Госпада Ваманадэвы зацямніла хараство ўсіх сабраных там жрацоў, і яны, устаўшы са сваіх месцаў, узнеслі Яму малітвы. Сам Госпад Шыва прымае на сваю галаву воды Гангі, якія бяруць пачатак ад вялікага пальца на назе Ваманадэвы. Таму і Махараджа Балі, абмыўшы Госпаду стопы, адразу абрасіў гэтай вадой сваю галаву і адчуў, што яму ды ягоным продкам выпала велізарная ўдача.
Потым Махараджа Балі пацікавіўся, ці не мае Госпад Ваманадэва патрэбы ў чым-небудзь, і сказаў, што гатовы даць Яму грошы, каштоўнасці – усё, што Ён пажадае.
Урывак з Шрымад-Бхагаватам:
Махараджа Юдхіштхіра спытаў Госпада: «О Джанардана, калі ласка, раскажы мне, як Ты ўтаймаваў Балі Махараджу. Будзь літасцівы да мяне і адкажы на гэтае пытанне».
Усявышні Госпад адказаў: «О Юдхіштхіра, леў сярод каралёў, Я з радасцю апішу табе гісторыю, слуханне якой прадухіляе ўсе наступствы грахоў.
Некалі ў Трэта-югу жыў кароль на імя Балі; ён нарадзіўся ў сям’і дэманаў, але быў вельмі адданы Мне. Ён праспяваў Мне шмат ведыйскіх гімнаў і, каб задаволіць Мяне, здзейсніў рытуал хома. Ён шанаваў двойчынароджаных брахманаў, заахвочваючы іх да выканання штодзённых ахвярапрынашэнняў. Балі ваяваў з Індрам і перамог яго ў бітве. Балі завалодаў усім нябесным каралеўствам, якое Я даў Індру, таму Індра і ўсе іншыя паўбагі, а таксама многія вялікія святыя прыйшлі да Мяне і паскардзіліся на Балі Махараджу. Схіліўшы галовы да зямлі і ўзнёсшы святыя малітвы з Ведаў, яны, разам са сваім духоўным настаўнікам Брыхаспаці, ушанавалі Мяне. І я пагадзіўся з’явіцца дзеля іхнага дабра як карлік Ваманадэва – Маё пятае ўвасабленне».
Кароль Юдхіштхіра спытаў: «О Госпад, як змог Ты ў целе карліка зрынуць такога магутнага дэмана? Калі ласка, дакладна паясні гэта, бо я Твой шчыры адданы».
Усявышні Госпад, Шры Крышна, сказаў: «Я быў брахманам, хоць і карлікам, і папрасіў у Балі Махараджы міласціну ў выглядзе зямлі. Я сказаў: «О Балі, калі ласка, ахвяруй Мне ўсяго толькі тры крокі зямлі». Без доўгіх разваг Балі пагадзіўся задаволіць Маю просьбу. Але калі ён паабяцаў даць Мне зямлю, Маё цела павялічылася да гіганцкае трансцэндэнтнае формы. Я пакрыў усю зямлю Сваімі стопамі, усю Бхуварлоку – Сваімі сцёгнамі, Сваргалоку (нябесныя планеты) – станам, Махарлоку – жыватом, Джаналоку – грудзьмі, Тапалоку – шыяй, а Сацьялоку – галавой і тварам. Я пакрыў усё матэрыяльнае стварэнне. Усе планеты сусвету, разам з Сонцам і Месяцам, былі аточаныя Маёй гіганцкай формай. Бачачы гэтую Маю дзівосную гульню, усе паўбагі, уключна з Індрам і Шэшам, каралём змеяў, заспявалі ведыйскія гімны ды ўзнеслі Мне малітвы. Потым Я ўзяў Балі за руку і сказаў яму: «О, бязгрэшны, Я пакрыў усю зямлю адным крокам і ўсе нябесныя планеты другім. Куды ж Мне зрабіць трэці крок, каб адмераць абяцаную Мне зямлю?» Выслухаўшы гэта, Балі Махараджа ўпаў ніцма і прапанаваў Мне сваю галаву. О Юдхіштхіра, Я паставіў стопы на ягоную галаву, а пасля саслаў яго аж да падземнае Паталалокі. І ўсё ж бачачы ягоную пакорлівасць, Я застаўся вельмі задаволены, таму сказаў Балі, што з гэтага часу назаўжды застануся ў ягоным палацы. Потым, у Парыварціні Экадашы светлае паловы месяца Бхадра, Балі, сын Вірочаны, усталяваў у сваёй сядзібе Маё мурці.
Цытаты з Шрымад-Бхагаватам:
Чалавек павінен здавольвацца тым, што даруе яму провід, бо нездаволенасць ніколі не прыносіць шчасця. Хто не ўтаймаваў сваіх пачуццяў, той не будзе шчаслівы, нават стаўшыся гаспадаром трох светаў.
Госпад Вамана, Шрымад-Бхагаватам (8.19:24)
Няма нічога больш грэшнага, чым хлусня. Таму маці-Зямля сказала аднойчы: «Я магу вытрымаць усякі цяжар, апроч чалавека, які маніць».
Кароль Балі, Шрымад-Бхагаватам (8.20:4)
Ты, о Госпад, больш чым хто-кольвек жадаеш нам, дэманам, дабра і таму дзеля нашай жа карысці бярэш на Сябе ролю ворага дэманаў. А як мы заўсёды імкнёмся да славы і пашаны, Ты, караючы нас, дапамагаеш нам убачыць праўдзівы шлях.
Кароль Балі, Шрымад-Бхагаватам (8.22:5)
Што мне матэрыяльнае цела, якое пад канец жыцця няўхільна расстаецца са сваім уладальнікам? Які толк ад усіх сямейнікаў, якія, нібы рабаўнікі, адымаюць у чалавека грошы, прызначаныя для служэння Богу? Які толк ад жонкі? Яна толькі служыць прычынай усё большай матэрыяльнай абумоўленасці. І які толк ад сям’і, хаты, краіны ды роду? Праз прыхільнасць да іх чалавек марнуе каштоўныя сілы, падараваныя яму ў гэтым жыцці.
Кароль Балі, Шрымад-Бхагаватам (8.22:9)
Дарагі Брахма, праз матэрыяльнае багацце неразумны чалавек дурнее і робіцца вар’ятам. Ён перастае шанаваць каго б там ні было ў трох светах і адмаўляецца прызнаваць нават Маю ўладу. Каб даць такому чалавеку асаблівую ласку, Я перш-наперш адбіраю ў яго ўсё.
Госпад Вамана, Шрымад-Бхагаватам (8.22:24)
Стан караля Балі быў аналагічным стану валадара ўсяго свету. Аднак, маючы ўсе гэтыя багацці, маючы такую неабмежаваную ўладу ў сусвеце, у хвіліну поўнага краху ў сваім жыцці, ён усё ж застаўся адданы свайму слову. Госпад ашукаў Балі, адабраўшы ў яго на падставе трох крокаў усё ягонае каралеўства. Госпад пазбавіў Балі ўсіх матэрыяльных даброт і даў мажлівасць выбару, як паступіць у гэтай складанай сітуацыі: выканаць сваё абяцанне Госпаду, ці падмануць. І да апошняга моманту кароль застаўся верны свайму выбару і сваёй прыхільнасці да Госпада, таму, нават страціўшы ўсе тры светы, адпрэчыўшы свайго духоўнага настаўніка, якому Балі быў абавязаны жыццём, адпрэчыўшы ўсіх сваіх патужнікаў ды блізкіх, зганьбаваны і зрынуты – Махараджа Балі ўсё ж застаўся адданым Госпаду. І Госпад узнагародзіў караля Балі такімі дарункамі, якіх не могуць дасягнуць нават паўбагі на райскіх планетах.
Слава, слава Госпаду Ваманадэву!