7. Навука пра Бога. Аватары

У прадмове да «Говінда-бхаш’і» Баладэва Відзьябхушана пералічвае пяць катэгорыяў, якія разглядаюцца вайшнаўскай метафізікай: 1) Ішвара ці Бхагаван (Бог); 2) джыватма (жывая істота); 3) пракрыці (матэрыяльная прырода); 4) кала (час) і 5) карма (дзейнасць). Паступова мы закранём усе гэтыя катэгорыі.

 

Джыва Госвамі ў сваіх «Сандарбхах» разглядае шэсць абсалютных уласцівасцяў Бога. Гэта айшвар’я (багацце), вір’я (сіла), яшас (слава), шры (прыгажосць), джняна (веданне) і вайраг’я (безуважнасць). Шанкара лічыў, што прызнаючы якасці ў Абсалюта, мы прыпісваем Яму імя і форму (нама-рупу) і тым самым пазбаўляем Яго быцця, бо імя і форма могуць быць уласцівыя толькі няісным аб’ектам ілюзорнага матэрыяльнага свету. Аднак вайшнаўскія мысляры, згаджаючыся з тым, што Абсалют бяз’якасны (ніргуна) у сэнсе адсутнасці ў Яго матэрыяльных уласцівасцяў, у той жа час сцвярджаюць, што Ён споўнены якасцяў (сагуна) духоўных, якія ў адрозненне ад матэрыяльных дасканалыя і вечныя. У пацверджанне яны прыводзяць тэксты Ўпанішадаў, якія можна расцэньваць як сведчанне наяўнасці якасцяў у Вышэйшай рэальнасці, а таксама апісанні якасцяў Бога і Ягонага выгляду, што ў мностве сустракаюцца ў Пуранах, «Махабхараце», у «Панчаратры» і г. д.

 

Нічым не абмежаваны і невычэрпны, Бхагаван здольны з’яўляцца ў розным абліччы і валодае мноствам атрыбутаў. Ягонае цела, у адрозненне ад целаў насельнікаў матэрыяльнага свету, вельмі прыгожае і дасканалае, яно нібыта выткана з Вечнага Быцця, Абсалютнага Ведання і Асалоды. Апроч таго, існуе адна адменная якасць Бхагавана, якая перадаецца прэдыкатам ліла-мая («паглынуты гульнёй»), што паказвае на дынамічнасць Бога, адсутнасць у ім маркотнай нязменнасці і статыкі. Бхагаван увесь час здзяйсняе незразумелыя для чалавека дзеі. Гэтыя дзеі не абумоўлены нічым вонкавым, прычына іх толькі ў Ім самім, Ён робіць гэта проста дзеля ўласнага задавальнення. Гульня Бхагавана прыносіць асалоду таксама і ўсім Ягоным спадарожнікам, якія пастаянна знаходзяцца разам з Ім.

 

Для таго, каб з’явіць людзям Сябе і Свае гульні і тым самым напомніць ім пра Сябе і абудзіць у іх любоў, Бхагаван час ад часу з’яўляецца ў матэрыяльным свеце. Пры гэтым Ён кожны раз прыходзіць у новым абліччы і здзяйсняе якія-небудзь асаблівыя дзеі. Было б няправільна, як гэта часта робіцца, называць гэтыя з’яўленні Бога ўцелаўленнямі, бо ў разуменні індыйскіх мысляроў Бог ніколі не ахінаецца целам, Ягонае цела абсалютна духоўнае. Для гэтага выкарыстоўваецца слова аватара – «сыходжанне» (ад санскр. дзеяслова аватры – «спускацца»). У «Бхагавата-пуране» згадваецца больш за дваццаць розных аватараў. Сярод іх Рама, герой «Рамаяны», чалавекалеў Нрысімхадэў, мудрэц Капіла, Буда, і г. д. Падобна актору, які змяняе маскі і касцюмы, Бог паўстае ў розных абліччах, застаючыся заўсёды адным і тым жа. Зазвычай, аватары сыходзяць для выканання асаблівых функцыяў, напрыклад, пуруша-аватары ствараюць і падтрымваюць матэрыяльны свет, гуна-аватары кіруюць гунамі – модусамі матэрыяльнай энэргіі, а юга-аватары з’яўляюцца ў свет у розныя эпохі для таго, каб абвясціць юга-дхарму, прызначаны для дадзенай эпохі рэлігійны шлях. Шры Чайтанью, з’яўленне якога прадказваецца ў «Бхагавата-пуране» (Дванаццатая Скандха), у «Махабхараце» («Шры-вішну-сахасра-нама-стотра») і іншых тэкстах, таксама лічаць юга-аватарам. У адпаведнасці з прароцтвам «Бхагавата-пураны», місія Шры Чайтаньі палягала ў тым, каб даць людзям Калі-югі, эпохі, ў якую мы жывём, шлях услаўлення і спявання імя Бога.

Крышна і Вішну

У адрозненне ад Рамануджы і Мадхвы, якія лічылі Вішну спрадвечнай іпастассю Бога і крыніцай усіх аватараў, Шры Чайтанья, а за ім Джыва Госвамі і Баладэва Відзьябхушана адводзяць гэту ролю Крышну. У гэтым адна з галоўных асаблівасцяў бенгальскага вайшнавізму. За абгрунтаваннем такой перавагі бенгальскія мысляры звяртаюцца да «Бхагавата-пураны». На аснове змешчаных у ёй шматлікіх апісанняў Бхагавана яны робяць наступную выснову: Бог адзіны, аднак усе Ягоныя ўласцівасці і атрыбуты могуць быць падзелены на дзве катэгорыі: айшвар’я (веліч, магутнасць) і мадхур’я (пяшчота, саладосць). Большасць апісанняў вобразу Вішну ў святых тэкстах падыходзяць пад катэгорыю айшвар’я, паколькі Ён паўстае ў іх звычайна як Валадар і Ўсёмагутны, які ўражвае Сваёй веліччу. Усё, што гаворыцца пра Крышну, наадварот, хутчэй адносіцца да мадхур’і. Крышна «Бхагавата-пураны» – юная далікатная асоба, споўненая мяккасці і дабрыні. У адрозненне ад Вішну, Крышна не заняты нічым грандыёзным, Ён проста цешыцца Сваімі гульнямі. Вішну – Творца свету і гаспадар усіх істотаў, Крышна ж ня мае ніякіх справаў са светам станаўлення і нікім не загадвае. Сутнасць айшвар’і можна выказаць словамі «Бог вялікі», сутнасць мадхур’і – «Бог ёсць любоў», ці, выкарыстоўваючы іншую сістэму паняткаў, можна сказаць, што айшвар’я і мадхур’я азначаюць у дачыненні да Бога адпаведна Ягонае «быццё-для-іншага» і «быццё-ў-сабе-і-для-сябе».

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022
Навігацыя: