4. Бхакцівінода Тхакур. Адраджэнне руху Шры Чайтаньі

Заняпад руху ў 18-19 стст.

Прыкладна з сярэдзіны 18 ст. рух пачынае згасаць. Збольшага гэта адбываецца з-за раскольніцкіх тэндэнцыяў, якія пачынаюць праяўляць паслядоўнікі некаторых містычных культаў, якія дзякуючы пропаведзі сацыяльнай роўнасці далучыліся да руху, але не адмовіліся цалкам ад сваіх магічных і аргіястычных практыкаў. Узнікае мноства разнастайных кірункаў, у якіх першапачатковае вучэнне Шры Чайтаньі паўстае ў моцна змененым выглядзе. Удзельнікі гэтых наватворных групаў адмаўляюцца ад строгіх маральных нормаў, прынятых у руху Чайтаньі. Такія групы – неда, баўла, дарбеша, гаўранга-нагары і інш. атрымалі агульную назву сахаджыя. З іншага боку, пад уплывам брахманскай артадоксіі, якая адпачатку была незадаволена вольным стаўленнем паслядоўнікаў Шры Чайтаньі да каставых забаронаў, але разам з тым дзякуючы шматлікасці і папулярнасці руху была няздольная адкрыта перашкодзіць гэтаму, у асяроддзі вайшнаваў таксама пачынаюць утварацца адмысловыя касты. Так з’яўляюцца джаці-госаі – «спадчынныя» вайшнавы, якія вядуць свой род ад якога-небудзь буйнога духоўнага аўтарытэту мінулага, і якія валодаюць храмамі і перадаюць у спадчыну права служэння ў іх. Такая «каставасць» цалкам супярэчыць універсалісцкаму характару першапачатковага руху. У выніку ўсіх гэтых хістанняў да сярэдзіны 19 стагоддзя застаецца зусім няшмат тых, хто па-ранейшаму захоўвае адданасць традыцыі Шры Чайтаньі і працягвае кіравацца Ягонымі запаведзямі. Такія адданыя паслядоўнікі амаль не займаюцца прапаведніцкай дзейнасцю і зазвычай вядуць самотны лад жыцця.

Новы ўздым пад канец 19 – пачатку 20 ст. Бхакцівінода Тхакур

Адраджэнне руху Шры Чайтаньі пачынаецца ў другой палове 19 стагоддзя. Яго звязваюць з імем выбітнага мысляра, паэта і прапаведніка Бхакцівіноды Тхакура (1838-1914).

 

Бхакцівінода Тхакур, які паходзіў з багатай бенгальскай сям’і, спалучаў у сабе традыцыйную адукаванасць і выхаванне з выдатнымі ведамі еўрапейскай культуры. Разам з санскрытам і роднай бенгалі ён вольна валодаў іншымі індыйскімі мовамі – хіндзі, орыя і ўрду, а таксама персідскай і ангельскай. Пасля сканчэння Калькуцкага ўніверсітэта Бхакцівінода служыць на розных пасадах у ангельскай каланіяльнай адміністрацыі. Ужо ў сярэднім узросце, пад уплывам свайго дзеда, ён пачынае адчуваць цікавасць да вучэння Шры Чайтаньі. Адкрыўшы для сябе гэту вобласць духоўнага жыцця, Бхакцівінода робіцца вайшнавам і пачынае грунтоўна вывучаць традыцыйную святую літаратуру. Бачачы, у якім заняпадзе знаходзіцца рух вайшнаваў, ён ставіць сабе мэту адрадзіць яго, каб выканаць місію Шры Чайтаньі. Для гэтага Бхакцівінода пачынае актыўную прапаведніцкую дзейнасць. Ён упершыню выдае друкарскім спосабам шматлікія старажытныя і сярэднявечныя тэксты. Пачынаюць выходзіць вайшнаўскія часопісы. Дзякуючы актыўнай дзейнасці Бхакцівіноды аднаўляецца пропаведзь ў гарадах і вёсках Бенгаліі і Арысы. Разам з аднадумцамі ён арганізуе «Вішва-вайшнава-раджа-сабху» – «Супольнасць усіх вайшнаваў». Бхакцівінода Тхакур піша кнігі па вайшнаўскай філасофіі ня толькі на санскрыце і бенгалі, але і па ангельску, што спрыяе ўзросту папулярнасці вайшнавізму. Гэта прыцягвае ўвагу адукаваных колаў Індыі і нават ангельцаў. Хата Бхакцівіноды ў Навадвіпе і храм, які ён заснаваў непадалёк, у месцы народзінаў Шры Чайтаньі, робяцца месцам паломніцтва. У сталым веку Бхакцівінода Тхакур адыходзіць ад справаў і жыве як стараннік.

Бхакцісіддханта Сарасваці. «Гаўдыя Матх»

Пасля смерці Бхакцівіноды Тхакура ягоную справу працягвае сын – Бхакцісіддханта Сарасваці (1874-1936). Як і ягоны бацька, Бхакцісіддханта быў вельмі адукаваным чалавекам свайго часу. Ужо ў маладосці яму абяцаюць вялікую навуковую кар’еру, але Бхакцісіддханта прымае рашэнне цалкам прысвяціць сябе духоўнай дзейнасці. Атрымаўшы дыкшу ад Гаўракішоры Даса Бабаджы, вучня Бхакцівіноды, ён узмоцнена рыхтуе сябе да жыцця прапаведніка. Бхакцісіддханта Сарасваці дапамагае бацьку ў выдавецкай справе, а пасля ягонай смерці робіцца саньясі і цалкам прымае на сябе ягоную місію. Ён разгортвае пропаведзь яшчэ шырэй. Зараз яна вядзецца ня толькі ў Бенгаліі і Арысе, але і ўва ўсіх іншых індыйскіх штатах. У буйных гарадах і традыцыйных рэлігійных цэнтрах Індыі Бхакцісіддханта і ягоныя вучні засноўваюць храмы і ашрамы. Падобна бацьку, ён піша кнігі па вайшнавізме і займаецца выдавецкай дзейнасцю.

 

Бхакцісіддханта Сарасваці ўпершыню пасылае сваіх вучняў-саньясі прапаведаваць у Еўропу – у Англію і Нямеччыну. У дваццатыя гады мінулага (ХХ) стагоддзя Бхакцісіддханта Сарасваці стварае ўсеіндыйскі рэлігійны рух «Гаўдыя Матх», які, праўда, праіснаваў як адзіная арганізацыя нядоўга – у трыццатыя гады пасля смерці Бхакцісіддханты «Гаўдыя Матх» распаўся на асобныя невялікія «матхі», місіі, якія ў Індыі і некаторых іншых краінах існуюць і дасёння. Няўдача, якая напаткала «Гаўдыя Матх», прыводзіць да чарговага зніжэння прапаведніцкай актыўнасці паслядоўнікаў Шры Чайтаньі. Аднак у шасцідзясятых гадах у развіцці руху настае новы этап. Гэтым разам ён выходзіць ужо на сусветную арэну.

Бхакціведанта Свамі Прабхупада. Супольніцтва свядомасці Крышны

Бхакціведанта Свамі Прабхупада (Шрыла Прабхупада) нарадзіўся ў Калькуце ў 1896 г. Ягоныя бацькі былі вайшнавамі. Напачатку дваццатых гадоў Шрыла Прабхупада далучаецца да прыхільнікаў Гандзі, але неўзабаве, сустрэўшы Бхакцісіддханту Сарасваці, свайго будучага гуру, пакідае палітычную дзейнасць. Незадоўга да смерці Бхакцісіддханты Шрыла Прабхупада атрымвае ад яго наказ – перакладаць на ангельскую мову вайшнаўскую літаратуру і прапаведаваць вучэнне Шры Чайтаньі на Захадзе. Аднак выканаць гэты наказ у Шрылы Прабхупады атрымоўваецца не адразу. Шмат гадоў ён рыхтуецца да сваёй будучай місіі, старанна вывучаючы вайшнаўскую духоўную літаратуру і толькі ў 1965 г., ужо ў сталым веку, адпраўляецца ў ЗША. У 1966 г. ён рэгіструе ў Нью-Ёрку першую сусветную вайшнаўскую арганізацыю – Міжнароднае супольніцтва свядомасці Крышны (International Society for Krishna Consciousness).

 

Першымі паслядоўнікамі Шрылы Прабхупады і першымі ўдзельнікамі заснаванага ім супольніцтва робяцца хіпі, маладыя людзі, якія расчараваліся ў каштоўнасцях капіталістычнага грамадства. Хіпі скептычна ставяцца да заходняй культуры, іх прыцягвае экзотыка Ўсходу. Шмат хто з іх сумяшчае звычайнае ў іхным асяроддзі ўжыванне наркотыкаў з заняткамі ёгай і медытацыяй. Аднак іхныя ўяўленні пра індыйскую духоўнасць вельмі скажоныя, а пра Шры Чайтанью яны зусім нічога ня ведаюць. Шрыла Прабхупада бачыць, што гэтыя маладыя людзі зусім няздольныя шанаваць чый-небудзь аўтарытэт і выслухваць якія-небудзь павучанні. Таму ён абірае іншы шлях да іхных сэрцаў, традыцыйны, зрэшты, для прапаведнікаў бхакці. Кіруючыся прыкладам Шры Чайтаньі, Шрыла Прабхупада збірае вакол сябе сваіх новых сяброў, якім проста падабаецца памузыкаваць, і спявае разам з імі маха-мантру (Харэ Крышна Харэ Крышна Крышна Крышна Харэ Харэ/ Харэ Рама Харэ Рама Рама Рама Харэ Харэ). Неўзабаве некаторыя з іх адмаўляюцца ад благіх звычак і сур’ёзна вырашаюць змяніць жыццё, устаўшы на шлях бхакці.

 

Паступова, разам з рэгулярнымі спяваннямі імёнаў Бога, Шрыла Прабхупада ўводзіць сярод сваіх вучняў і іншыя элементы вайшнаўскай духоўнай культуры. Яны чытаюць разам з ім «Бхагавата-пурану» і «Гіту», а ён тлумачыць ім сэнс прачытанага, паказваючы, якую сувязь маюць гэтыя старажытныя тэксты з жыццём сучаснага чалавека. Паступова колькасць паслядоўнікаў Шрылы Прабхупады расце, адкрываюцца першыя вайшнаўскія храмы на Захадзе – спачатку ў Нью-Ёрку, потым у Сан-Францыска і іншых гарадах ЗША, а потым і за межамі Амерыкі – у Еўропе, Аўстраліі, Афрыцы. У 1971 годзе Шрыла Прабхупада наведвае Савецкі Саюз. Хоць пра адкрытую пропаведзь ня можа быць і гаворкі, пасля візіту Шрылы Прабхупады з’яўляецца першы рускі вайшнаў – Анатоль Піняеў (Ананта Шанці), які, рызыкуючы сваёй свабодай, пачынае прапаведаваць вучэнне Шры Чайтаньі ў Маскве і іншых гарадах СССР. Так супольніцтва свядомасці Крышны з’явілася і ў Беларусі.

 

Свае апошнія гады Шрыла Прабхупада праводзіць у пастаянных прапаведніцкіх падарожжах, пры гэтым ён адначасна кіруе створаным ім супольніцтвам і працуе над каментарамі да «Бхагавата-пураны» і «Шры Чайтанья-чарытамрыты». У 1977 г. ён адыходзіць з гэтага свету, пакінуўшы пасля сябе ўжо ня проста релігійнае супольніцтва, а шырокі рух, які ўключае храмы, ашрамы, навучальныя ўстановы, выдавецтвы і сельскагаспадарчыя грамады практычна ўва ўсіх краінах свету.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022
Навігацыя: