Для таго, каб перайсці беспасярэдне да аналізу паняцця бхакці, цэнтральнага і ключавога паняцця ў навуцы бенгальскіх вайшнаваў, трэба звярнуцца найперш да сістэмы каштоўнасцяў, прынятай у індыйскай традыцыйнай культуры. У аснове гэтай сістэмы ляжыць знаёмае ўжо нам паняцце дхармы. У дадзеным выпадку гэтае паняцце азначае рэлігійную дабратлівасць, набожнасць, праведнасць. У адпаведнасці з традыцыйнымі ўяўленнямі, дхарма забяспечвае чалавеку матэрыяльны росквіт – артху, якая, у сваю чаргу, дае яму магчымасць мець пачуццёвыя асалоды (каму). Прытым, калі дхарма набываецца галоўным чынам у зямным жыцці, то артхай і камай можна цешыцца і ў наступных жыццях, на іншых планетах матэрыяльнага Сусвету, напрыклад, на сварга-лоцы, у каралеўстве Індры. Аднак, у адпаведнасці з вучэннем пра карму, ніякі матэрыяльны росквіт ці задавальненне ня можа доўжыцца вечна. Рана ці позна ім на змену павінна прыйсці пакута. Таму праведнасць дзеля мінучага зямнога шчасця ня можа лічыцца абсалютнай каштоўнасцю. Чалавек, які ўсвядоміў гэта, прыходзіць да адмаўлення дхармы, бачачы ў ёй ніжэйшую ступень рэлігійнасці, адпрэчвае артху і каму і імкнецца да вызвалення (мокшы), да стану свабоды ад любой дзейнасці, як бязбожнай, так і праведнай. У многіх рэлігійных школах Індыі дасканаласцю лічыцца менавіта мокша. Аднак вайшнавізм не прызнае вызвалення вышэйшай каштоўнасцю, лічачы яго проста адмаўленнем, негатыўным паняццем. Найвышэйшая каштоўнасць павінна мець станоўчы канкрэтны змест. Вызваленне павінна быць ня толькі «ад», але і «для», таму ў вайшнаваў гэту ярархію завяршае прэма альбо прыці – стан чыстай любові да Бога. Прэма ёсць таксама і пара-дхарма – дасканалая праведнасць, найвышэйшая рэлігійнасць, у адрозненне ад дхармы, што разумеецца прымітыўна толькі як сродак для дасягнення матэрыяльнага шчасця.
Можна ў дадзеным выпадку разглядаць дхарму, артху і каму як тэзіс, мокшу як антытэзіс і прэму як сінтэз. Таксама як дхарма, артха і кама прэма пазітыўная і напоўнена зместам, а як мокша, яна адмаўляе любы эгаізм і матэрыяльную зацікаўленасць. Таму прэма ёсць іхнае зняцце, гэта якасна зусім іншы ўзровень, яна ня зводзіцца да часовых каштоўнасцяў матэрыяльнага свету, бо належыць да сферы Трансцэндэнтнага.
Каштоўнасцям адпавядаюць шляхі іхнага здабыцця. Першая ступень (дхарма і інш.) дасягаецца шляхам кармы – строгім выкананнем прадпісанага Ведамі грамадскага абавязку, сямейных абавязкаў, абрадаў і рытуалаў, дабрачыннасцю і г. д. Другой ступені (мокша) адпавядае джняна (сюды ўключаецца таксама і ёга) – старанніцтва, розныя медытацыйныя практыкі, вывучэнне філасофіі. І, нарэшце, трэцяй ступені (прэмы) дасягаюць з дапамогай бхакці. Па аналогіі з папярэднім аналізам каштоўнасцяў можна зразумець, што бхакці ёсць найвышэйшым сінтэзам кармы і джняны, які выводзіць, у адрозненне ад іх, у вобласць Трансцэндэнтнага быцця.
Зараз разгледзім больш дэталёва значэнне слова бхакці. У «Санскрыцка-ангельскім слоўніку» М. Маніер-Вільямса даецца некалькі дзясяткаў значэнняў дзеяслоўнага кораня бхадж, ад якога ўтвораны назоўнік жаночага роду бхакці. Значэнні, найбольш блізкія да таго, што традыцыйна разумеецца пад гэтым словам у вайшнавізме – «служыць», «любіць», «шанаваць», а таксама «дзяліць». Няцяжка заўважыць, што яны выражаюць дзеянне, стан і нейкую іхную ўмову. Такім чынам, бхакці ёсць адначасна і любоў да Бога (стан) і адданае служэнне (дзеянне), якія прадугледжваюць наяўнасць суб’екта і аб’екта любові, то бок, таго, хто любіць і таго, каго любяць (умова). Але дадзены аналіз дае толькі схематычнае разуменне, бо даць дакладнае вызначэнне бхакці, якая адносіцца да катэгорыі неспасціжных (ачынцья) існасцяў, немагчыма.
Бхакці – шлях, які вядзе да крышна-прэмы, найвышэйшай дасканаласці. У «Бхагавата-пуране» (1.2.6) гаворыцца: «Найлепшая дзейнасць для чалавека – тая, што прыводзіць яго да адданага служэння Ўсявышняму (бхакці). Бесперапынная і бескарыслівая, яна прыносіць поўнае задавальненне душы». У той час як карма можа прывесці толькі да здабыцця часовых матэрыяльных дабротаў, а джняна – да зразумення безасабовага аспекту Абсалюту, бхакці прыводзіць да Бхагавана – Крышны. Бхакці незалежыць ад кармы і джняны, наадварот, карма і джняна залежаць ад бхакці; без хаця б часцінкі бхакці ня можа быць дасканаласці ў карме і джняне, бо гэтыя шляхі абавязкова павінны ўключаць веру (шраддху), а шраддха – адзін з аспектаў бхакці. Аднак шраддха – толькі пачатковая ейная ступень. Мэтай жа духоўнага шляху павінна быць здабыццё любові (прэмы), а не матэрыяльных дабротаў ці нават вызвалення, таму той, хто валодае верай у Абсалют, у Бога, ці ў багоў, але не імкнецца знайсці крышна-прэму, ня здольны прыйсці да вышэйшай дасканаласці. Па словах Рупы Госвамі («Бхакці-расамрыта-сіндху» 1.1.11), найвышэйшая (уттама) бхакці павінна быць цалкам засяроджана на Крышну і пазбаўлена дамешкаў кармы і джняны. Разам з тым, чыстая бхакці несумнеўна складаецца з ачышчанай кармы і джняны – кармы ў форме актыўнай практычнай дзейнасці, прысвечанай Крышну і джняны ў форме патаемных ведаў пра Крышну.