1. Вайшнавізм: вучэнне і практыка

img

Вайшнавізм – гэта тэістычнае філасофска-рэлігійнае вучэнне, галоўная рыса якога – пакланенне Вішну як Вярхоўнай Асобе Бога. Іншымі словамі, вайшнавізм – тое ж самае, што і вішнуізм, адно з дзвюх асноўных плыняў індуізму. Тэрмін «вайшнавізм» утвораны ад слова вайшнавы (санскр. «якія належаць Вішну», «якія маюць дачыненне да Вішну»), саманазвы паслядоўнікаў гэтага вучэння, і прыняты ў індалагічнай літаратуры на англійскай мове. У дадзеным нарысе гаворка будзе ісці пра бенгальскі вайшнавізм, г. зн. пра той кірунак вайшнавізму, паслядоўнікі якога прызнаюць Крышну вярхоўнай іпастассю Бога, а Вішну адводзяць другарадную ролю і ўважаюць за адно з увасабленняў Крышны (пра гэта адрозненне яшчэ будзе сказана). Таму бенгальскіх вайшнаваў называюць таксама крышнаітамі. Аднак мы ўсё-такі будзем карыстацца тэрмінам вайшнавы, а не крышнаіты, па-першае, таму што сучасныя крышнаіты самі называюць сябе вайшнавамі, а па-другое, таму, што слова «крышнаіты» ўжываецца ў нас звычайна з некаторым негатыўным адценнем.

 

Асноватворцам бенгальскага вайшнавізму быў найвялікшы індыйскі рэлігійны прапаведнік і рэфарматар Шры Чайтанья (1486-1533), які абвяшчаў роўнасць усіх людзей перад Богам і лічыў, што ўніверсальным духоўным шляхам для ўсіх людзей, незалежна ад іхнага веравызнання, паходжання і нацыянальнасці, ёсць бхакці, шлях любові і адданасці Богу. Дзякуючы такому ўніверсалізму менавіта бенгальскі вайшнавізм у адрозненне ад усіх роднасных яму традыцыйных плыняў індуізму змог выйсці за межы Індыі і ўкараніцца на чужой яму, здавалася б, заходняй глебе.

 

Рух сучасных паслядоўнікаў Шры Чайтаньі, які называюць «рухам свядомасці Крышны» (Hare Krishna Movement), існуе цяпер практычна ўва ўсіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Цяперашнія крышнаіты-вайшнавы – спадчыннікі багатай духоўнай традыцыі, хоць, вядома, нельга сказаць, што вайшнаўская культура ўсімі імі цалкам увабрана і асвоена. Працэс гэтага асваення, а таксама пошук вайшнавізмам свайго месца ў заходняй і беларускай культуры працягваецца.

 

У звязку з гэтым трэба дадаць, што ўсякія сцверджанні пра тое, што вайшнавізм ці крышнаізм мае заходняе паходжанне і не звязаны з запраўднай традыцыяй індуізму, зусім не абгрунтаваныя, бо сярод усіх індуісцкіх рэлігійных рухаў, якія існуюць за межамі Індыі, уласна бенгальскі вайшнавізм становіць сабой самую што ні на ёсць традыцыйную рэлігію Індыі. Вядома, гэта жывая традыцыя, таму яна змяняецца і развіваецца ў часе і прасторы. За часам сучаснага грамадства вайшнавізм зведаў пэўныя змены, аднак захаваў пры гэтым свае асноўныя складнікі – развітую філасофска-тэалагічную базу, увесь комплекс абрадавых, малітоўных і медытацыйных практык, традыцыйны тып дачыненняў і нават нейкі асаблівы невымоўны дух, асаблівы настрой, якім адрозніваюцца і, паводле сведчанняў відавочцаў, заўсёды адрозніваліся грамады бенгальскіх вайшнаваў у Індыі. Усё гэта зрабілася мажлівым дзякуючы таму, што захавалася духоўная пераемнасць, якая злучае разам мінулае і сучаснасць рэлігійнай традыцыі.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: