Мантра-мэдытацыя

Для таго, хто жадае знайсьці шчасьце і вызваліцца ад усіх пакутаў і трывогаў, мэдытацыя – вельмі значны аспэкт дзейнасьці.

Мэдытацыя азначае «разумовае сузіраньне», але ў сузіраньня павінен быць аб’ект. Каб пазбавіцца штодзённых трывогаў, якія займаюць вум, чалавек павінен узьняцца над матэрыяльным узроўнем і паспрабаваць зацьвердзіцца на трансцэндэнтным, духоўным узроўні. Зрабіць гэта можна, калі ўвесь час паўтараць імёны Госпада, такім чынам маючы зносіны зь Ім.

Як сьцьвярджаецца ў розных пісаньнях, у Госпада шмат імёнаў: Крышна, Рама, Егова, Алах, Будда і інш. Паўтарэньне імёнаў Госпада аказвае ачышчальнае дзеяньне і дазваляе чалавеку ўзьняцца з матэрыяльнага ўзроўня на духоўны. У Індыі на працягу тысячагодзьдзяў людзі паўтараюць імёны Госпада ў форме мантраў. На санскрыце мана азначае «вум», а трайа – «вызваленьне». Такім чынам, мантра – гэта камбінацыя трансцэндэнтных гукаў, якая вызваляе наш вум ад трывогаў.

Ведычная літаратура вылучае сярод іншых мантраў маха-мантру (вялікую мантру). У «Калі-сантарана-ўпанішад» гаворыцца, што шаснаццаць ейных словаў – Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ, – асабліва рэкамэндуецца паўтараць у Калі-югу, век разладаў, трывогаў і крывадушнасьці, у які мы жывём.

Крышна азначае «ўсепрывабны», Рама – «усеўцешны», а Харэ – гэта зварот да энэргіі адданага служэньня Госпаду. Такім чынам, маха-мантра азначае: «О ўсепрывабны, усеўцешны Госпад, о энэргія Госпада! Прашу, дазволь мне аддана служыць Табе».

Для паўтарэньня Харэ Крышна маха-мантры не існуе строгіх правілаў. Перавага мантра-мэдытацыі ў тым, што ёю можна займацца ўсюды і ў любы час – дома, на працы, у аўтобусе, у мэтро і нават за стырном аўтамабіля.

Ёсьць два віды мантра-мэдытацыі: індывідуальная, калі чалавек чытае мантру на пацерках (джапа), і другая форма, калі ён паўтарае яе за кімсьці (кіртан). Кіртан звычайна суправаджаецца іграньнем на музычных інструмэнтах і пляцканьнем у далоні. Рэкамэндуецца і тая, і другая форма мантра-мэдытацыі – абедзьве дабратворна ўплываюць на чалавека.

Джапа

Для гэтага віду мантра-мэдытацыі патрэбныя толькі кругавыя пацеркі. Іх можна купіць у краме ці зрабіць самім, кіруючыся прыведзенымі ніжэй простымі рэкамэндацыямі:

 

1. Купіце 109 вялікіх круглых драўляных пацерак (калі няма драўляных, на першы час вазьміце любыя іншыя) дыямэтрам ад аднаго да двух сантымэтраў з адтулінамі, каб можна было нанізаць іх на нітку, а таксама ад трох да пяці мэтраў моцнай нэйлёнавай ніткі.

 

2. Адступіце пятнаццаць сантымэтраў ад канца ніткі і завяжыце вузел, потым, нанізваючы па адной пацерцы, пасьля кожнай завязвайце адзінарны ці падвойны вузел, у залежнасьці ад таўшчыні ніткі (мал. 1).

 

3. Нанізаўшы сто восем пацерак, прасуньце абодва канцы ніткі ў апошнюю пацерку (мал. 2).

 

4. Гэтая пацерка называецца пацеркай Крышны, і добра, калі яна большая за астатнія. Прасуньце ў яе абодва канцы ніткі, завяжыце вузел і абрэжце яе непатрэбны астатак. Пацеркі для джапы гатовы.

 

Пачынаючы мантра-мэдытацыю, трымайце пацерку, якая ідзе за пацеркай Крышны, паміж вялікім і сярэднім пальцамі правай рукі (мал. 3) і прамоўце ўсю маха-мантру: Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Потым гэтак жа пераходзьце пальцамі на наступную пацерку і зноў паўтарыце маха-мантру, потым наступную... і так пакуль не паўторыце мантру на кожнай пацерцы і не дойдзеце да пацеркі Крышны.

img

Вы прачыталі адзін «круг» джапы. Чытаньне аднаго круга павінна заняць у вас каля сямі хвілінаў, хаця спачатку можа быць і дзесяць, і больш хвілінаў. Далей, не чытаючы мантры на пацерцы Крышны, трэба павярнуць пацеркі і ісьці па кругу ў адваротным кірунку. Пацеркі – вельмі важная рэч для джапы, бо ўцягваюць пачуцьці ў мэдытацыйны працэс дотыку, што дапамагае лепш засяродзіцца на гуках мантры.

Калі вы далі зарок чытаць пэўную колькасьць кругоў у дзень, каб не заблытацца, вам трэба мець невялікі шнурок з нанізанымі на яго пацеркамі па колькасьці кругоў, якія вы чытаеце штодня. Паміж гэтымі пацеркамі ня трэба завязваць вузлы, а толькі на канцы шнурка, каб пацеркі не саскочылі зь яго. Скончыўшы круг, перасуньце адну зьлічоную пацерку ўніз.

Вы можаце чытаць мантру ў памяшканьні ці на сьвежым паветры, яе можна чытаць так гучна ці так ціха, як вам падабаецца, але досыць гучна, каб было чуваць вам самім. Самае галоўнае – вымаўляйце кожнае слова выразна і ясна. Ваш вум, магчыма, захоча пераключыцца на якія-небудзь іншыя думкі, бо ён неспакойны, няўстойлівы і мітусьлівы. Паспрабуйце засяродзіць усю сваю ўвагу на паўтарэньні Харэ Крышна маха-мантры і ўслухоўвайцеся ў кожнае слова.

Чытаць мантру можна ў любы час дня, але лепш за ўсё – на досьвітку. У ведычнай літаратуры падкрэсьліваецца, што гэта найбольш спрыяльны час для духоўнага ўсьведамленьня. Таксама пажадана паўтараць мантру ў адзін і той жа час дня. Пачніце з паўтарэньня аднаго ці двух кругоў у дзень і паступова павялічвайце іхную колькасьць да шаснаццаці; гэта – рэкамэндаваны мінімум для таго, хто ставіцца да джапа-мэдытацыі сур’ёзна і хоча стаць адданым Госпада Крышны.

Кіртан

У адрозьненьне ад джапы, індывідуальнай мэдытацыі, кіртан уяўляе сабой групавую мэдытацыю. У час кіртана мантру Харэ Крышна сьпяваюць на які-небудзь матыў. Кіртаны можна праводзіць у сябе дома, зь сям’ёй ці сябрамі, у гасьцях ці на прыродзе. Адзін чалавек «вядзе» кіртан – спачатку ён сьпявае мантру Харэ Крышна адзін, а потым усе астатнія паўтараюць яе на той жа матыў. Так зноў і зноў сьпяваецца мантра Харэ Крышна, кіртан працягваецца, і тыя, хто ўдзельнічаюць у ім, усё мацней адчуваюць духоўную асалоду.

Перавага кіртана ў тым, што вы чуеце мантру Харэ Крышна ня толькі тады, калі прамаўляйце яе самі, але і калі яе прамаўляюць іншыя, што дапамагае лепш засяродзіцца на ёй. Сьпяваць мантру можна на любы матыў, суправаджаючы сьпеў ігрой на музычных інструмэнтах, хаця гэта і не абавязкова. Для кіртана падыходзяць традыцыйныя індыйскія інструмэнты – мрыдангі (барабаны) і караталы (ручныя цымбалы), але калі іх няма, можна скарыстаць і іншыя музычныя інструмэнты, такія як піяніна, арган, флейта, гітара і г. д. А можна і проста пляскаць у далоні. Дзеці таксама могуць удзельнічаць у кіртанах, гэта станоўча паўплывае на іхнае духоўнае разьвіцьцё. Так уся сям’я можа зьбірацца ўвечары для супольнага кіртана. Добра праводзіць кіртаны кожны дзень ці як мага часьцей.

Паўтарэньне мантры Харэ Крышна прынясе вам адчуваньне духоўнага ўздыму, прытым гэтае адчуваньне будзе ўвесь час узмацняцца. Вы можаце пераканацца ў гэтым самі. Паспрабуйце паўтараць на працягу некалькіх хвілінаў якое-небудзь іншае слова ці фразу, напрыклад, «Пэпсі-кола», і празь нейкі час вам гэта сьмяротна надакучыць. Аднак гук імя Крышны трансцэндэнтны, і яго хочацца паўтараць зноў і зноў.

У якіх бы ўмовах чалавек ні паўтараў маха-мантру, гэта будзе вельмі дабратворна для ягонага духоўнага разьвіцьця. Тым ня менш вялікія мудрацы і сьвятыя – аўтарытэты ў джапа-мэдытацыі – прапануюць выкарыстоўваць некаторыя прыёмы, якія ўзмацняюць яе ўплыў.

Чым больш чалавек паўтарае мантру Харэ Крышна, тым лягчэй яму будзе кіравацца пералічаным ніжэй прынцыпамі, бо, паўтараючы яе, ён атрымлівае духоўную сілу і разьвівае смак да вышэйшых асалодаў. Калі чалавек пры паўтарэньні маха-мантры пачынае адчуваць духоўную асалоду, яму намнога лягчэй адмовіцца ад благіх звычак, якія перашкаджаюць духоўнаму разьвіцьцю.

 

1. Тым, хто сур’ёзна і шчыра імкнецца да духоўнага разьвіцьця, рэкамэндуецца выконваць чатыры асноўныя прынцыпы:

а) не ўжываць у ежу мяса, рыбу і яйкі;

б) не ўжываць ачмуральныя сродкі (наркотыкі, алкаголь, тытунь і нават каву і гарбату);

в) не гуляць у азартныя гульні і не займацца грашовымі махінацыямі;

г) не ўступаць у полавыя адносіны па-за шлюбам (а ў шлюбе – толькі для зачацьця дзяцей).

Прытрымліваньне гэтых чатырох рэгулявальных прынцыпаў прывядзе да хуткага духоўнага прагрэсу. Грэбаваньне ж імі вельмі абцяжарвае духоўнае разьвіцьцё, узмацняючы прыхільнасьць чалавека да матэрыяльных рэчаў. Аднак джапа-мэдытацыя валодае такой сілай, што спачатку чалавек можа паўтараць мантру Харэ Крышна незалежна ад ягоных жыцьцёвых умоваў, і сама мантра дапаможа яму прасунуцца на гэтым шляху.

 

2. Трэба рэгулярна чытаць творы А.Ч. Бхакціведанты Свамі Прабхупады, асабліва «Бхагавад-гіту» і «Шрымад-Бхагаватам». Слухаючы аповеды пра Крышну, Ягоныя незвычайныя дзеяньні і трансцэндэнтныя забавы, чалавек ачышчае сэрца ад бруду, назапашанага за бясконца доўгі час знаходжаньня ў матэрыяльным сьвеце. Калі рэгулярна слухаць аповеды пра Крышну і духоўны сьвет, дзе Крышна цешыцца вечнымі гульнямі са Сваімі адданымі, можна цалкам спазнаць прыроду душы і зразумець сутнасьць сапраўднай духоўнай дзейнасьці, якая дапаможа вызваліцца з гэтага матэрыяльнага сьвету.

 

3. Каб засьцерагчы сябе ад матэрыяльнае гнюсі, трэба спажываць толькі вэгетарыянскія стравы, спачатку прапанаваныя Вярхоўнаму Госпаду Крышне, і такім чынам адухоўленыя. Забіваючы любую жывую істоту, нават расьліны, чалавек наклікае на сябе кармічныя наступствы гэтых дзеяньняў. Але Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце», што Ён пазбаўляе ад кармічных наступстваў таго, хто прапануе Яму вэгетарыянскую ежу.

 

4. Трэба ахвяраваць плады сваёй дзейнасьці Вярхоўнаму Госпаду Крышне. Калі чалавек працуе дзеля ўласнага задавальненьня, ён зьведвае на сабе кармічныя наступствы сваёй дзейнасьці. Калі ж ён працуе дзеля Крышны, гэта ня толькі вызваляе яго ад кармы, але і абуджае ў ім дрымотную любоў да Крышны. Можна працягваць займацца сваёй звычайнай дзейнасьцю, калі яна не супярэчыць – проста ці ўскосна – чатыром рэгулявальным прынцыпам, памянёным вышэй.

 

5. Чалавек, які сур’ёзна ставіцца да джапа-мэдытацыі, павінен як мага больш мець зносіны з аднадумцамі. Гэта дасьць яму духоўных сілаў і падтрымку. Натуральна, на ўсіх нас уплывае нашае атачэньне. Таму непажадана занадта многа мець зносінаў зь людзьмі, якіх не цікавяць духоўныя пытаньні. Сувязь з тымі, хто імкнецца да духоўнага разьвіцьця, паўтарэньне мантры Харэ Крышна і выкананьне рэгулявальных прынцыпаў, – найлепшы і самы хуткі спосаб вярнуцца дамоў, назад да Бога.

Навігацыя галоўнага мэню