Для людзей, якія звыкліся думаць, што ўсё, што кажуць сучасныя навукоўцы, правераная і даказаная ісьціна, гэта кніга будзе вялікай нечаканасьцю. «Жыцьцё паходзіць з жыцьця» ўяўляе сабою сэрыю дыялёгаў, дзе ў імправізаванай манэры падпадаюць крытычнаму разбору некаторыя з шырока распаўсюджаных тэорыяў, прадузятасьцяў і мэтадаў сучаснай навукі. У гэтых дыялёгах адзін зь найвялікшых філёзафаў і навукоўцаў нашага часу Яго Боская Міласьць А.Ч. Бхакціведанта Свамі Прабхупада агаляе ўтоеныя і ні на чым не заснаваныя дапушчэньні, якія ляжаць у аснове папулярных у наш час уяўленьняў пра паходжаньне і сэнс жыцьця.
Гэта кніга складзена з запісаў размоваў, якія Шрыла Прабхупада вёў падчас ранішніх прагулак зь некаторымі са сваіх вучняў у 1973 годзе ў навакольлі Лос-Анджэлеса. Пытаньні, зьвязаныя з навукай, падчас гэтых прагулак Шрыла Прабхупада абмяркоўваў, звычайна, з адным са сваіх вучняў, доктарам Тудамам Сінгхам. Хімік-арганік па прафэсыі, д-р Сінгх у наш час кіруе Інстытутам Бхакціведанты – міжнародным цэнтрам паглыбленых дасьледаваньняў у вобласьці прыродазнаўчых навук, філязофіі і тэалёгіі.
У якім бы кутку зямнога шара ні апынаўся Шрыла Прабхупада, кожны дзень уранку, калі ў паветры разьлітыя прахалода і цішыня, захутаўшыся ў цёплы чадар, ён ішоў на працяглую прагулку, падзяляючы гэтыя інтымныя моманты свайго жыцьця зь невялікай групай вучняў і пасьлядоўнікаў. Часам у гэтыя ранішнія гадзіны ён моўчкі цешыўся навакольнай прыродай і амаль не гаварыў зь імі. Але бывалі дні, калі ён казаў шмат і з захапленьнем, на самыя розныя тэмы. У гэтых гутарках ён дэманстраваў, што філязофскі аналіз зусім не абавязкова павінен быць нудным і мудрагелістым, што ён можа быць вострым, як скальпэль, дазваляючы пранікаць у глыб кожнае сфэры жыцьця. Спалучэньне глыбокага розуму, духоўнай праніклівасьці і незвычайнага досьціпу, уласьцівых Шрылу Прабхупаду, рабіла ягоны аналіз яркім і бязьлітасным, агаляючы тое, што звычайна ўтоена ад вачэй павярхоўнага назіральніка. Падчас размоваў са сваімі вучнямі, ён то кідаў ім выклік, то заахвочваў іх, уражваў сваёй эрудыцыяй і вучыў іх, клапатліва вядучы да глыбейшага разуменьня рэчаіснасьці.
Шрыла Прабхупада (1896-1977) вядомы ва ўсім сьвеце як пісьменьнік, навуковец і духоўны настаўнік, а таксама як пасланец вялікай культуры Індыі, які ўпершыню адкрыў яе для многіх людзей Захаду. У кнізе «Жыцьцё паходзіць з жыцьця» Шрыла Прабхупада выступае ў ролі філёзафа і грамадзкага крытыка. Зь філязофскай строгасьцю і абяззбройвальнай шчырасьцю ён агаляе ня толькі мэтадалягічную недасканаласьць сучаснай навукі і ейную глыбока замаскаваную староннасьць, але і неправераныя (і якія не паддаюцца праверцы) адвольныя дапушчэньні, якія навукоўцы выдаюць даверлівай публіцы за строга даказаныя факты. Так Шрыла Прабхупада разьвейвае туман матэрыялістычных і нігілістычных мітаў, які пад маркай навукі засьцілае вочы сучасным людзям.