Частка 5

Карма-ёга – дзейнасьць у сьвядомасьці Крышны

ВЕРШ 5.1

Арджуна сказаў: О Крышна, спачатку Ты загадаў мне адмовіцца ад дзейнасьці, а затым даў параду дзейнічаць у адданым служэньні. Прашу Цябе, скажы прама, што для мяне будзе лепш?

 

ВЕРШ 5.2

Вярхоўны Госпад сказаў: І адмова ад дзейнасьці, і дзейнасьць у адданым служэньні вядуць чалавека да вызваленьня. І ўсё ж дзейнічаць у адданым служэньні лепш, чым адмовіцца ад дзейнасьці.

 

ВЕРШ 5.3

Таго, хто ня грэбуе пладамі сваёй працы, але й не імкнецца да іх, лічаць навекі зрокшымся сьвету. Пераадолеўшы ўплыў дваістасьці, такі чалавек лёгка скідае кайданы матэрыяльнага рабства і атрымлівае поўнае вызваленьне, о магутнарукі Арджуна.

 

ВЕРШ 5.4

Толькі невукі могуць казаць, што адданае служэньне [карма-ёга] адрозьніваецца ад аналітычнага вывучэньня матэрыяльнага сьвету [санкх’я]. Сапраўды мудрыя сьцьвярджаюць, што той, хто не адхіляючыся ідзе адным з гэтых шляхоў, дасягае мэты абодвух.

 

ВЕРШ 5.5

Той, хто ведае, што мэты санкх’і можна таксама дасягнуць з дапамогай адданага служэньня, і разумее, што аналітычнае вывучэньне сьвету й адданае служэньне раўназначныя, бачыць сапраўднае становішча рэчаў.

 

ВЕРШ 5.6

Адмова ад дзейнасьці сама па сабе, без адданага служэньня Госпаду, нікому не прынясе шчасьця. Але ўдумлівы чалавек, які прысьвяціў сябе адданаму служэньню, можа без прамаруджваньня дасягнуць Усявышняга.

 

ВЕРШ 5.7

Той, хто заняты адданым служэньнем, хто чысты душой і ўтаймаваў свой вум і пачуцьці, той дарагі ўсім, і ўсе дарагія яму. Хоць такі чалавек заўсёды паглынуты дзейнасьцю, ён ніколі не бывае зьвязаны яе наступствамі.

 

ВЕРШЫ 5.8-9

Калі чалавек, які валодае боскай сьвядомасьцю, бачыць, чуе, датыкаецца, адчувае пахі, есьць, ходзіць, сьпіць або дыхае, ён заўсёды ведае, што сам ён нічога ня робіць. Яму вядома, што, калі ён гутарыць, спаражняе кішачнік або напаўняе страўнік, расплюшчвае або заплюшчвае вочы, гэта проста матэрыяльныя пачуцьці ўзаемадзейнічаюць з аб’ектамі ўспрыманьня, але сам ён не датычны да ўсяго гэтага.

 

ВЕРШ 5.10

Падобна таму як вада ня змочвае ліст лотаса, грэх ніколі не засмучае таго, хто выконвае свой доўг без прыхільнасьці да пладоў сваёй працы, ахвяруючы іх Вярхоўнаму Госпаду.

 

ВЕРШ 5.11

Адмовіўшыся ад усіх прыхільнасьцяў, ёгі дазваляюць дзейнічаць свайму целу, вуму, розуму і нават пачуцьцям толькі дзеля самаачышчэньня.

 

ВЕРШ 5.12

Душа, непахісна адданая Мне, знаходзіць сапраўдны мір і спакой, бо аддае Мне ўсе плады сваёй працы. Таму, хто не знаходзіцца ў еднасьці з Усявышнім, хто кіруецца жаданьнем атрымліваць асалоду ад пладоў сваёй працы, прыгатавана рабства.

 

ВЕРШ 5.13

Калі ўвасобленая жывая істота, навучыўшыся валодаць сабой, адракаецца ў вуме ад усякай дзейнасьці, яна шчасьліва жыве ў горадзе зь дзевяцьцю брамамі [матэрыяльным целе], не зьдзяйсьняючы дзеяньняў і не становячыся іхнай прычынай.

 

ВЕРШ 5.14

Увасоблены дух, гаспадар горада-цела, не ўчыняе дзеяньняў, не падахвочвае іншых да дзейнасьці і не стварае яе пладоў. Усё гэта робяць гуны матэрыяльнай прыроды.

 

ВЕРШ 5.15

Вярхоўны Госпад не адказвае за грэшныя й праведныя ўчынкі жывых істотаў. Увасобленыя ў целе істоты знаходзяцца пад уладай ілюзіі, таму што іхнае сапраўднае веданьне схавана невуцтвам.

 

ВЕРШ 5.16

Але калі жывая істота атрымлівае веданьне, сьвятло гэтага веданьня расьсейвае цемру недасьведчанасьці і адкрывае ёй сапраўдную прыроду рэчаў, падобна таму як сонца, падымаючыся над гарызонтам, азарае ўсё вакол.

 

ВЕРШ 5.17

Калі вум, розум, вера і спадзяваньні цалкам скіраваны на Ўсявышняга, чалавек, дзякуючы дасканаламу веданьню, зжывае ўсю гнюсь граху, і тады перад ім адкрываецца шлях да вызваленьня.

 

ВЕРШ 5.18

Пакорлівыя мудрацы, якія валодаюць сапраўдным веданьнем, аднолькава глядзяць на вучонага й выхаванага брахмана, карову, слана, сабаку й сабакаеда [недатыкальнага].

 

ВЕРШ 5.19

Тыя, хто заўсёды ўраўнаважаныя і непрадузятыя, ужо адолелі народзіны і сьмерць. Стаўшы бездакорнымі, як Брахман, яны знаходзяцца ў Брахмане.

 

ВЕРШ 5.20

Хто не радуецца прыемным падзеям і не засмучаецца з-за непрыемнасьцяў, хто валодае непахісным розумам, хто ня схільны ўплыву ілюзіі і абазнаны ў навуцы пра Бога, той ужо дасягнуў духоўнага быцьця.

 

ВЕРШ 5.21

Такога чалавека, вольнага ад мірскіх прыхільнасьцяў, ня вабяць матэрыяльныя, пачуцьцёвыя асалоды: ён заўсёды пагружаны ў транс і чэрпае радасьць у сабе. Так чалавек, які спасьціг сваё сапраўднае «я» і заўсёды засяроджаны на Ўсявышнім, цешыцца бязьмежным шчасьцем.

 

ВЕРШ 5.22

Разумны чалавек цураецца задавальненьняў, народжаных ад судотыку матэрыяльных пачуцьцяў з аб’ектамі ўспрыманьня, бо такія задавальненьні зьяўляюцца крыніцай пакутаў. Усе матэрыяльныя задавальненьні, о сын Куньці, маюць пачатак і канец, таму мудрэц ніколі ня цешыцца імі.

 

ВЕРШ 5.23

Калі чалавек у сваім цяперашнім целе навучыўся стрымліваць пазывы матэрыяльных пачуцьцяў і ўтаймоўваць свае жаданьні і гнеў, значыць, ён ужо дасягнуў дасканаласьці і знайшоў сапраўднае шчасьце ў гэтым сьвеце.

 

ВЕРШ 5.24

Той, хто чэрпае шчасьце, асалоду й бадзёрасьць духу ў самім сабе і чые памкненьні скіраваны ўнутр, сапраўды дасканалы ёг-містык. Ён атрымлівае вызваленьне і ўрэшце прыходзіць да Ўсявышняга.

 

ВЕРШ 5.25

Тыя, хто выйшлі з-пад уплыву дваістасьці, спароджанай сумневамі, і скіравалі вум унутр, хто ачысьціліся ад гнюсі граху і заўсёды рупяцца пра выгоду ўсіх істотаў, атрымліваюць вызваленьне й спасьцігаюць Вышэйшую Ісьціну.

 

ВЕРШ 5.26

Тыя, хто вызваліліся ад гневу і ўсіх матэрыяльных жаданьняў, усьвядомілі сваё сапраўднае «я», утаймавалі вум і нястомна імкнуцца да дасканаласьці, вельмі хутка атрымаюць вызваленьне, спасьцігнуўшы Вышэйшую Ісьціну.

 

ВЕРШЫ 5.27-28

Цалкам адмовіўшыся ад аб’ектаў пачуцьцёвага ўспрыманьня, засяродзіўшы позірк на міжброўі, ураўнаважыўшы ў ноздрах удых і выдых і спыніўшы дыханьне, ёг, які імкнецца да вызваленьня, утаймоўвае такім чынам свой вум, пачуцьці і розум і зжывае жаданьні, страх і гнеў. Той, хто заўсёды знаходзіцца ў такім стане, безумоўна, вызваленая душа.

 

ВЕРШ 5.29

Чалавек, які цалкам усьвядоміў, што Я той адзіны, хто цешыцца ўсімі ахвярапрынашэньнямі і хто зьяўляецца вышэйшай мэтай усіх аскезаў, што Я – вярхоўны валадар усіх плянэтаў і напаўбагоў, а таксама сябар і дабрадзей усіх істотаў, пазбаўляецца ад матэрыяльных пакутаў і атрымлівае поўнае супакаеньне.

Навігацыя галоўнага мэню