Пра аўтара

Сатсварупа дас Госвамі нарадзіўся 6 сьнежня 1939 года. У ліпені 1966 года ён сустрэўся зь Яго Боскай Міласьцю А.Ч. Бхакціведантам Свамі Прабхупадам, а ў верасьні таго ж года атрымаў ад яго пасьвячэньне. Цягам пэўнага часу Сатсварупа дас Госвамі пісаў артыкулы для «Бэк ту Годхэд», часопіса Руху Харэ Крышна, а потым стаў ягоным галоўным рэдактарам. У жніўні 1967 года ён адправіўся ў Бостан, каб стварыць там першы цэнтар ІСККОН. Сатсварупа дас Госвамі ўваходзіў у першы склад Джы-бі-сі, кіроўнага воргана ІСККОН, створанага Шрылам Прабхупадам у 1970 годзе. Да 1971 года ён узначальваў бостанскае аддзяленьне ІСККОН, а потым пераехаў у Далас, дзе стаў дырэктарам гурукулы, першай дзіцячай школы ІСККОН.

У траўні 1972 года, у дзень зьяўленьня Госпада Нрысімхадэвы, Яго Боская Міласьць Шрыла Прабхупада даў яму саньясу, і ён стаў падарожнічаць па Злучаных Штатах, даючы лекцыі ў коледжах і ўнівэрсытэтах. У студзені 1974 года па просьбе Шрылы Прабхупады ён стаў ягоным асабістым сакратаром і суправаджаў яго ў падарожжах па Індыі і Эўропе. У 1976 годзе ён выдаў кнігу «Нарысы ведычнай літаратуры», кароткі агляд філязофіі Ведаў, якую ў якасьці навучальнага дапаможніка выкарыстоўваюць цяпер у многіх унівэрсытэтах сьвету. У 1977 годзе Шрыла Прабхупада надзяліў яго паўнамоцтвамі даваць ініцыяцыі. Разам з выкананьнем абавязкаў сакратара Джы-бі-сі і гуру, Сатсварупа дас Госвамі напісаў шмат кніг, у тым ліку «Шрыла Прабхупада ліламрыту» ў шасьці тамах і гэту кнігу, «Прабхупада».

Навігацыя галоўнага мэню