ТЭКСТ 4

ददाति प्रतिगृह्णाति गुह्यमाख्याति पृच्छति ।
भुङ्क्ते भोजयते चैव षड्विधं प्रीतिलक्षणम् ॥ ४ ॥
дадаці пратыгрыхнаці
гухйам акхйаці прыччхаці
бхунктэ бходжайатэ чайва
шад-відхам прыці-лакшанам

Паслоўны пераклад

дадаці — ахвяруе; пратыгрыхнаці — прымае зваротныя ахвяраваньні; гухйам — патаемныя тэмы; акхйаці — тлумачыць; прыччхаці — пытаецца; бхунктэ — есьць; бхаджайатэ — корміць; ча — таксама; эва — абавязкова; шат-відхам — шэсьць тыпаў; прыці — любові; лакшанам — праяваў.

Пераклад

Прыносіць дары і прымаць дары, павяраць свае думкі і пытацца пра патаемнае, прымаць прасад і частаваць прасадам – такія шэсьць праяваў любові, якую адданыя адчуваюць адзін да аднаго.

Камэнтар

У гэтым вершы Шрыла Рупа Госвамі тлумачыць, якія формы прымае адданае служэньне ў зносінах адданых паміж сабой. Яно ўключае ў сябе шэсьць відаў дзейнасьці: 1) прыносіць дары адданым; 2) прымаць ад адданых усё, што яны дораць у адказ; 3) павяраць ім свае думкі; 4) пытацца ў іх пра патаемнае ў служэньні Госпаду; 5) ужываць прасад – духоўную ежу, якой частуюць адданыя, і 6) частаваць адданых прасадам. Дасьведчаны адданы тлумачыць, а навічкі, слухаючы, вучацца ў яго. Такі сэнс словаў гухйам акхйаці прыччхаці. Калі хтосьці з адданых, жадаючы падтрымаць наш дух адданага служэньня, раздае прасад – рэшткі ежы, прапанаванай Вярхоўнай Асобе Бога, мы павінны прымаць гэты прасад, бачачы ў ім міласьць Госпада, атрыманую з рук чыстых адданых. Варта таксама запрашаць чыстых адданых у сваю хату, частаваць іх прасадам і імкнуцца ўсяляк дагадзіць ім. Гэта называецца бхунктэ бходжайатэ чайва.

Нават звычайныя людзі робяць тое ж самае, калі жадаюць праявіць да каго-небудзь сваю любоў і сяброўства. Напрыклад, бізнэсовец, жадаючы завязаць адносіны зь іншым бізнэсоўцам, запрашае яго ў які-небудзь гатэль на бяседу, падчас якой адкрывае яму свае пляны. Затым ён раіцца з партнёрам адносна сваіх далейшых дзеяньняў, і часам яны абменьваюцца падарункамі. Такім чынам, прыці, любоўныя ўзаемаадносіны блізкіх людзей, заўсёды выяўляюцца ў гэтых шасьці формах. У папярэднім вершы Шрыла Рупа Госвамі раіў пазьбягаць мірскіх зносінаў і мець зносіны толькі з адданымі (санга-тйагат сато врыттэх). Міжнароднае супольніцтва сьвядомасьці Крышны было заснавана менавіта для таго, каб даць адданым магчымасьць будаваць свае зносіны на пералічаных вышэй прынцыпах. Ствараючы гэтае супольніцтва, я дзейнічаў у адзіночку, аднак дзякуючы таму, што людзі, праяўляючы ініцыятыву, прапануюць свае паслугі і атрымліваюць нешта ўзамен, наш рух шырыцца, ахопліваючы сваёй дзейнасьцю ўвесь сьвет. Мы рады таму, што людзі даюць шчодрыя ахвяраваньні на разьвіцьцё супольніцтва і ахвотна прымаюць любы наш сьціплы дар у выглядзе кніг і часопісаў, якія распавядаюць толькі пра сьвядомасьць Крышны. Часам мы праводзім сьвяты Харэ Крышна, запрашаем туды ўсіх свабодных чальцоў і сяброў нашага супольніцтва і частуем іх прасадам. Нягледзячы на тое, што ў большасьці сваёй гэтыя людзі належаць да вышэйшых слаёў грамадзтва, яны прыходзяць да нас і прымаюць прасад, якім бы сьціплым ён ні быў. Час ад часу члены супольніцтва і людзі, якія сымпатызуюць яму, даверліва пытаюцца ў нас пра мэтады адданага служэньня, і мы імкнемся расказаць ім пра іх. Так наш рух шырыцца, распаўсюджваючыся па ўсім сьвеце, і адукаваныя людзі ўсіх краінаў паступова пачынаюць разумець значэньне дзейнасьці супольніцтва сьвядомасьці Крышны. Жыцьцё супольніцтва сьвядомасьці Крышны сілкуюць шэсьць тыпаў любоўных узаемаадносінаў паміж адданымі, і ўсе людзі павінны мець магчымасьць стасункаў з адданымі ІСККОН, бо, проста падтрымліваючы зь імі шэсьць тыпаў пералічаных вышэй любоўных узаемаадносінаў, звычайны чалавек можа абудзіць сваю дрымотную сьвядомасьць Крышны. Сангат санджайатэ камах, – сказана ў «Бхагавад-гіце» (2.62): жаданьні і памкненьні чалавека вызначаюцца колам ягоных зносінаў. Як гаворыцца, скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты, таму калі звычайны чалавек будзе мець зносіны з адданымі, ён абавязкова абудзіць сваю дрымотную сьвядомасьць Крышны. Сьвядомасьць Крышны закладзена ў кожнай жывой істоце, і да некаторай ступені яна праяўляецца ўжо тады, калі жывая істота атрымлівае чалавечае цела. У «Чайтанья-чарытамрыце» (Мадх’я, 22.107) гаворыцца:

нітйа-сіддха крышна-прэма ‘садхйа’ кабху найа
шраванадзі-шуддха-чыттэ карайе удайа

«Чыстая любоў да Крышны вечна жыве ў сэрцах усіх жывых істотаў. Яе не атрымліваюць звонку. Калі ў працэсе слуханьня і паўтарэньня сьвятых імёнаў сэрца ачышчаецца, жывая істота адразу абуджаецца ад сну». Сьвядомасьць Крышны ўласьціва ўсім жывым істотам, і таму кожны павінен мець магчымасьць пачуць пра Крышну. Аднаго толькі слуханьня і паўтарэньня сьвятых імёнаў – шраванам кіртанам – дастаткова, каб ачысьціць сэрца і абудзіць у ім сьвядомасьць Крышны. Сьвядомасьць Крышны не прыўносіцца ў сэрца штучна, яна ўжо там. Паўтараючы сьвятое імя Вярхоўнай Асобы Бога, чалавек ачышчае сваё сэрца ад усёй мірскай гнюсі. У першай страфе «Шры Шыкшаштакі» Госпад Шры Чайтанья Махапрабху кажа:

чэто-дарпана-марджанам
бхава-маха-давагні-нірвапанам
шрэйах-кайрава-чандрыка-вітаранам
відйа-вадху-джыванам
анандамбудхі-вардханам пратыпадам
пурнамрытасваданам
сарватма-снапанам парам віджайатэ
шры-крышна-санкіртанам

«Слава санкіртане Шры Крышны, якая ачышчае сэрца ад пылу, які назапасіўся ў ім за доўгія гады, і гасіць пажар абумоўленага жыцьця, паўтаральных нараджэньняў і сьмерцяў. Рух санкіртаны – найвышэйшае дабраславеньне ўсяму чалавецтву, бо ён распаўсюджвае прамяні даруючага дабраславеньне месяца. У ім – душа трансцэндэнтных ведаў. Ён павялічвае акіян трансцэндэнтнай асалоды і дае магчымасьць у поўнай меры атрымаць асалоду ад смаку нэктара, якога мы заўсёды так прагнем».

Ачышчаецца ня толькі той, хто паўтарае маха-мантру, але і сэрцы ўсіх, каму давялося пачуць трансцэндэнтныя гукі: Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Нават душы, зьмешчаныя ў целах ніжэйшых жывёлаў, казурак, дрэваў і г. д., таксама ачышчаюцца і, слухаючы трансцэндэнтныя гукі, рыхтуюць сябе да таго, каб калі-небудзь атрымаць поўную сьвядомасьць Крышны. Пра гэта казаў Харыдас Тхакур, адказваючы на пытаньне Чайтаньі Махапрабху пра тое, як можна вызваліць з матэрыяльнага палону жывыя істоты, якія знаходзяцца на ніжэйшым, чым людзі, узроўні разьвіцьця. Харыдас Тхакур сказаў Яму, што паўтарэньне сьвятых імёнаў настолькі магутнае, што прамаўляючы іх нават у глухіх джунглях, можна дапамагчы дрэвам і жывёлам, якія слухаюць гэтыя гукі, разьвіць у сабе сьвядомасьць Крышны. Гэта прадэманстраваў Сам Шры Чайтанья Махапрабху. Калі Ён праходзіў празь лес Джхарыкханда, тыгры, зьмеі, алені і іншыя жывёлы, забыўшыся пра сваю адвечную варожасьць, прымаліся сьпяваць і танцаваць, далучаючыся да санкіртаны. Мы, зразумела, ня можам пераймаць Шры Чайтаньі Махапрабху, але павінны ісьці па Ягоных стопах. Мы недастаткова магутныя, каб, зачараваўшы тыграў, зьмеяў, катоў і сабакаў, прымусіць іх танцаваць, але, даючы людзям магчымасьць пачуць сьвятыя імёны Госпада, мы можам навярнуць у сьвядомасьць Крышны шматлікіх людзей ва ўсім сьвеце. Распаўсюджваньне сьвятога імя Госпада – гэта ўзьнёслая форма ахвяраваньня або дару (прынцып дадаці). Акрамя таго, мы павінны прытрымлівацца прынцыпу працігрыхнаці: з гатоўнасьцю і жаданьнем прымаць трансцэндэнтныя дары. Імкнучыся спасьцігнуць матэрыяльны сьвет, мы павінны задаваць пытаньні пра рух сьвядомасьці Крышны і павяраць свае думкі адданым. Так мы ажыцьцявім на практыцы прынцып гухйам акхйаці прыччхаці.

Адданыя, сябры Міжнароднага супольніцтва сьвядомасьці Крышны, робячы ў сваіх цэнтрах нядзельныя пачастункі, запрашаюць на іх чальцоў супольніцтва і ягоных сяброў. Каб пакаштаваць прасад, там зьбіраецца шмат зацікаўленых людзей, якія затым, калі ім падаецца магчымасьць, запрашаюць адданых да сябе і частуюць іх багатым прасадам. Гэта прыносіць карысьць як адданым, так і звычайным людзям. Людзям варта пазьбягаць зносінаў з так званымі ёгамі, джняні, кармі і філянтропамі, паколькі такія зносіны нікому не прыносяць карысьці. Той, хто сапраўды жадае дасягнуць мэты чалавечага жыцьця, павінен мець зносіны з адданымі з руху сьвядомасьці Крышны, таму што толькі гэты рух вучыць, як разьвіць у сабе любоў да Бога. Рэлігія – прывілей чалавека, менавіта яна адрозьнівае грамадзтва людзей ад грамадзтва жывёлаў. У жывёлаў няма ні цэркваў, ні мячэцяў, ні рэлігійных вучэньняў. Але людзі, дзе б яны ні жылі і на якой бы ступені разьвіцьця ні знаходзіліся, абавязкова вызнаюць тую ці іншую рэлігію. Нават у дзікіх плямёнаў, якія насяляюць джунглі, ёсьць свая рэлігія. Калі рэлігія, разьвіваючыся, ператвараецца ў любоў да Бога, яна дасягае мэты. Як сказана ў Першай песьні «Шрымад-Бхагаватам» (1.2.6):

са вай пумсам паро дхармо
йато бхакцір адхокшаджэ
ахайтукй апратыхата
йайатма супрасідаці

«Вышэйшым заняткам [дхармай] усіх людзей зьяўляецца той, які прыводзіць іх да любоўнага адданага служэньня трансцэндэнтнаму Госпаду. Каб цалкам задаволіць душу, такое адданае служэньне павінна быць бескарысьлівым і бесьперапынным». Калі члены чалавечага грамадзтва сапраўды жадаюць здабыць мір і спакой і ўсталяваць сяброўскія адносіны паміж людзьмі і народамі, яны павінны прытрымлівацца рэлігійнага вучэньня сьвядомасьці Крышны, якое дапаможа ім абудзіць у сабе дрымотную любоў да Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога. І як толькі людзі зробяць гэта, у іхных розумах запануюць мір і спакой.

У сувязі з гэтым Шрыла Бхакцісіддханта Сарасваці Тхакур перасьцерагае ўсіх адданых, якія прапаведуюць сьвядомасьць Крышны, ад зносінаў з імпэрсаналістамі-маявадзі, заўсёды настроенымі супраць тэістычных рухаў. Сьвет наводнены маявадзі і атэістамі, і палітычныя партыі бяруць на ўзбраеньне іхную філязофію для прапаганды матэрыялізму. Часам маявадзі і атэісты нават выкарыстоўваюць якую-небудзь уплывовую партыю для барацьбы з рухам сьвядомасьці Крышны. Яны імкнуцца не дапусьціць распаўсюджваньня гэтага руху, паколькі ён вучыць людзей сьвядомасьці Бога. Такія мэтады атэістаў. Колькі ні кармі зьмяю малаком і бананамі, яна ўсё роўна ня будзе задаволена. Наадварот, ад малака і бананаў зьмяя становіцца яшчэ больш атрутнай (кевалам віша-вардханам). Калі паіць зьмяю малаком, у яе толькі дадасца яду. Па аналёгіі з гэтым, ня варта давяраць свае думкі зьмеепадобным маявадзі і кармі. Такая даверлівасьць ні да чаго добрага не прывядзе. Лепш адмовіцца ад усякіх зносінаў зь імі і ніколі не пытацца ў іх ні пра што патаемнае – яны ўсё роўна ня здольныя даць добрую параду. Больш за тое, нам ня трэба ні запрашаць маявадзі да сябе, ні прымаць іхныя запрашэньні, таму што, маючы зносіны зь імі, можна патрапіць пад уплыў іхных атэістычных поглядаў (сангат санджайатэ камах). Гэты верш забараняе нам даваць штосьці маявадзі і атэістам, роўна як і прымаць штосьці ад іх. Шры Чайтанья Махапрабху таксама перасьцярог нас: вішайіра анна кхайле душта хайа мана – «Ежа, прыгатаваная кармі, апаганьвае розум таго, хто яе есьць». Толькі той, хто дасягнуў высокага ўзроўню дасканаласьці, здольны выкарыстоўваць любое ахвяраваньне для разьвіцьця руху сьвядомасьці Крышны, таму трэба зрабіць сваім прынцыпам ніколі не прымаць ахвяраваньні ад маявадзі ці атэістаў. Больш за тое, Шры Чайтанья Махапрабху забараніў адданым мець зносіны нават са звычайнымі людзьмі, якія залішне прывязаныя да матэрыяльных пачуцьцёвых асалодаў.

Такім чынам, мы павінны заўсёды трымацца супольніцтва адданых, прытрымлівацца рэгулявальных прынцыпаў адданага служэньня, ісьці шляхам ачар’яў і бесьпярэчна выконваць усе ўказаньні духоўнага настаўніка. Дзейнічаючы такім чынам, мы зможам пасьпяхова займацца адданым служэньнем і абудзіць нашу дрымотную сьвядомасьць Крышны. Адданы, які ўжо не зьяўляецца нэафітам, але яшчэ не дасягнуў узроўню маха-бхагаваты (дасканалага адданага), займаючы прамежкавае становішча, павінен зь любоўю ставіцца да Вярхоўнай Асобы Бога, сябраваць з адданымі, праяўляць міласэрнасьць да простых людзей і пазьбягаць стасункаў з зайздроснымі і дэманічнымі людзьмі. У гэтым вершы дадзена кароткае апісаньне мэтаду, з дапамогай якога можна ўсталяваць любоўныя ўзаемаадносіны зь Вярхоўнай Асобай Бога і сяброўскія адносіны з адданымі. У адпаведнасьці з прынцыпам дадаці, дасьведчаны адданы павінен па меншай меры палову сваіх даходаў выдаткоўваць на служэньне Госпаду і Ягоным адданым. Прыклад гэтага падаў Шрыла Рупа Госвамі. Вырашыўшы сысьці ў адстаўку, ён ахвяраваў палову сваіх зьберажэньняў на служэньне Крышне, чвэрць аддаў сваякам, а астатнюю чвэрць адклаў на выпадак непрадбачаных выдаткаў. Ягоным прыкладам павінны кіравацца ўсе адданыя. Якімі б сродкамі вы ні валодалі, пяцьдзесят працэнтаў гэтых сродкаў трэба выкарыстоўваць для Крышны і Ягоных адданых. Такім чынам будзе выкананы прынцып дадаці.

У наступным вершы Шрыла Рупа Госвамі распавядае, якіх адданых мы павінны выбіраць сабе ў сябры і як трэба служыць вайшнавам.

Навігацыя галоўнага мэню