ТЭКСТ 10

कर्मिभ्यः परितो हरेः प्रियतया व्यक्तिं ययुर्ज्ञानिन-
स्तेभ्यो ज्ञानविमुक्तभक्तिपरमाः प्रेमैकनिष्ठास्ततः ।
तेभ्यस्ताः पशुपालपङ्कजदृशस्ताभ्योऽपि सा राधिका
प्रेष्ठा तद्वदियं तदीयसरसी तां नाश्रयेत्कः कृती ॥ १० ॥
кармібхйах парыто харэх прыйатайа
вйакцім йайур джнянінас
тэбхйо джняна-вімукта-бхакці-парамах
прэмайка-ніштхас татах
тэбхйас тах пашу-пала-панкаджа-дрышас
табхйо ‘пі са радхіка
прэштха тадвад ійам тадыйа-сарасі
там нашрайет ках крыці

Паслоўны пераклад

— .

Пераклад

У шастрах сказана, што з усіх, хто займаецца кармічнай дзейнасьцю, Вярхоўны Госпад Хары аддае перавагу таму, каму вядомыя вышэйшыя каштоўнасьці жыцьця. З мноства людзей, якія спасьціглі вышэйшую мудрасьць [джняні], той, каму ягоныя веды дапамаглі атрымаць вызваленьне, зьвяртаецца да адданага служэньня. Ён стаіць вышэй за ўсіх астатніх. Аднак яго пераўзыходзіць той, хто сапраўды здабыў прэму, чыстую любоў да Крышны. А самымі ўзвышанымі з усіх вялікіх адданых зьяўляюцца гопі, якія заўсёды і ва ўсім залежаць ад Шры Крышны, трансцэндэнтнага пастушка. З усіх гопі найбольш дарагая Крышне Шрымаці Радхарані. Ейная кунда [возера] гэтак жа бясконца дарагая Крышне, як і гэтая самая любімая Ім гопі. Хто ж адмовіцца пасяліцца ля Радха-кунды і ў духоўным целе, споўненым экстатычных эмоцыяў [апракрыта-бхава], зь любоўю служыць боскай пары Шры Шры Радха-Говіндзе, якая штодня яўляе Свае аштакалія-лілы (восем відаў вечных гульняў). Тыя, хто займаецца адданым служэньнем на берагах Радха-кунды, – сапраўды, найшчасьлівыя людзі ў сусьвеце.

Камэнтар

У нашы дні практычна кожны заняты тым ці іншым відам кармічнай дзейнасьці. Тых, хто, працуе ў надзеі атрымаць матэрыяльны прыбытак, называюць кармі – то бок, тымі, хто працуюць дзеля асалоды пладамі сваёй працы. У матэрыяльным сьвеце ўсе жывыя істоты зачараваныя маяй. Пра гэта гаворыцца ў «Вішну-пуране» (6.7.61):

вішну-шакціх пара прокта
кшэтраджнякхйа татха пара
авідйа-карма-самджнянйа
трыційа шакцір ішйатэ

Мудрацы падзялілі энэргіі Вярхоўнай Асобы Бога на тры катэгорыі: духоўную, памежную і матэрыяльную. Матэрыяльную энэргію лічаць энэргіяй трэцяга гатунку (трыція-шакці). Жывыя істоты, якія знаходзяцца ва ўладзе матэрыяльнай прыроды, часам, падобна сабакам і сьвіньням, працуюць да сёмага поту, толькі каб задаволіць свае пачуцьці. Аднак у выніку сваёй мінулай набожнай дзейнасьці некаторыя кармі ў гэтым жыцьці ці ў наступным пачынаюць цікавіцца рознага роду ахвярапрынашэньнямі, пра якія гаворыцца ў Ведах. Так дзякуючы набожнай дзейнасьці яны паднімаюцца на райскія плянэты. Тыя, хто зьдзяйсьняе ахвярапрынашэньні, строга прытрымліваючыся прадпісаньняў Ведаў, трапляюць на Месяц або плянэты больш высокага ўзроўню. У «Бхагавад-гіце» (9.21) сказана: кшынэ пунйе мартйа-локам вішанці вычарпаўшы рэзультаты сваёй так званай набожнай дзейнасьці, яны зноў вяртаюцца на Зямлю, якую называюць марцья-локай, прыстанкам сьмерці. Нават калі такія людзі ў выніку сваёй набожнай дзейнасьці дасягаюць райскіх плянэтаў і на працягу тысячагодзьдзяў цешацца там жыцьцём, вычарпаўшы запас пладоў набожнай дзейнасьці, яны ўсё роўна будуць вымушаны вярнуцца на гэтую плянэту.

Такая доля кармі – і праведнікаў, і грэшнікаў. На нашай плянэце жывуць тысячы бізнэсоўцаў, палітыкаў і падобных да іх людзей, якіх цікавіць толькі матэрыяльнае шчасьце. У пагоні за прыбыткам яны ня грэбуюць ніякімі сродкамі, ня думаючы пра тое, набожна або ненабожна яны паступаюць. Такіх людзей называюць кармі, ці вульгарнымі матэрыялістамі. Вікармі, людзей, якія не абапіраюцца ў сваіх дзеяньнях на ведычную мудрасьць, таксама адносяць да кармі. Тыя, хто ў сваёй дзейнасьці кіруецца Ведамі, зьдзяйсьняюць ахвярапрынашэньні, імкнучыся задаволіць Госпада Вішну і атрымаць Ягонае багаславеньне. Так яны паднімаюцца на вышэйшыя плянэтныя сыстэмы. Такія кармі стаяць вышэй за вікармі, паколькі строга прытрымліваюцца ўказаньняў Ведаў, і яны, безумоўна, дарагія Крышне. У «Бхагавад-гіце» (4.11) Крышна кажа: йе йатха мам прападйантэ тамс татхайва бхаджамй ахам – «Як чалавек аддаецца Мне, так Я і ўзнагароджваю яго». Крышна настолькі міласьцівы, што выконвае жаданьні кармі і джняні, ня кажучы ўжо пра бхактаў. І хоць кармі часам паднімаюцца на вышэйшыя плянэтныя сыстэмы, але датуль, пакуль у іх захоўваецца прыхільнасьць да кармічнай дзейнасьці, яны будуць змушаныя паміраць і атрымліваць новыя матэрыяльныя целы. Чалавек, які зьдзяйсьняе набожныя ўчынкі, у наступным жыцьці можа нарадзіцца сярод напаўбагоў на вышэйшых плянэтах або заняць нейкае іншае становішча, якое дае яму больш магчымасьцяў атрымліваць асалоду ад матэрыяльнага шчасьця. Тыя ж, хто займаецца грахоўнай дзейнасьцю, дэградуюць і нараджаюцца жывёламі, дрэвамі і расьлінамі. Таму мудрацы і сьвятыя асуджаюць тых кармі, якія ігнаруюць указаньні Ведаў (вікармі). У «Шрымад-Бхагаватам» (5.5.4) сказана:

нунам праматтах курутэ вікарма
йад індрыйа-прытайа апрыноці
на садху манйе йата атмано ‘йам
асанн апі клешада аса дэхах

«Матэрыялісты, якія толькі дзеля задавальненьня сваіх пачуцьцяў працуюць, выбіваючыся зь сілаў, як сабакі і сьвіньні, насамрэч зьяўляюцца вар’ятамі. Яны імкнуцца да аднаго – задавальненьня ўласных пачуцьцяў, і дзеля гэтага гатовыя на любыя, самыя агідныя ўчынкі. Разумнаму чалавеку ня варта займацца матэрыяльнай дзейнасьцю, бо ў выніку ён атрымае новае матэрыяльнае цела, споўненае пакутаў». Мэта чалавечага жыцьця – пазбавіцца ад траістых пакутаў – абавязковых спадарожнікаў матэрыяльнага існаваньня. На жаль, кармі памяшаныя на грошах і часовых матэрыяльных выгодах і дзеля гэтага гатовыя на ўсё. У выніку яны рызыкуюць дэградаваць у ніжэйшыя формы жыцьця. Імкнучыся да шчасьця ў матэрыяльным сьвеце, яны будуюць разнастайныя недарэчныя пляны. Ім некалі спыніцца і задумацца над тым, што ў іх у запасе засталося ня так шмат часу, большую частку якога ім давядзецца выдаткаваць на здабываньне грошай для задавальненьня сваіх пачуцьцяў, пакуль сьмерць не пакладзе канец усёй іхнай дзейнасьці. Матэрыялісты не задумваюцца пра тое, што, пакінуўшы сваё цяперашняе цела, яны могуць атрымаць целы ніжэйшых жывёлаў, дрэваў або расьлінаў. Такім чынам, яны робяць усё магчымае для таго, каб не дасягнуць сапраўднай мэты жыцьця. Яны ня толькі нараджаюцца ў невуцтве, але і дзейнічаюць у невуцтве, лічачы, што хмарачосы, раскошныя аўтамабілі, высокія пасты і г. д. зьяўляюцца залогам іхнага матэрыяльнага дабрабыту. Матэрыялістам няўцям, што ў наступным жыцьці іх чакае дэградацыя і што ўся іхная дзейнасьць не прынясе ім нічога, акрамя парабхавы (паразы). Такое заключэньне «Шрымад-Бхагаватам» (5.5.5): парабхавас тавад абодха-джатах.

Вось чаму неабходна імкнуцца спасьцігнуць навуку пра душу (атма-таттву). Датуль, пакуль чалавек не дасягне ўзроўня атма-таттвы і не зразумее, што па сваёй сутнасьці ён – душа, а ня цела, ён будзе знаходзіцца ў невуцтве. З тысячаў і нават мільёнаў неадукаваных людзей, якія марнуюць час на пачуцьцёвыя асалоды, наўрад ці адзін можа атрымаць веды і спасьцігнуць вышэйшыя каштоўнасьці жыцьця. Такога чалавека называюць джняні. Джняні разумее, што кармічная дзейнасьць толькі прывязвае яго да матэрыяльнага існаваньня і зьяўляецца прычынай ягонага пераходу з аднаго цела ў іншае. Тэрмін шарыра-бандха (прыкаваны да цялеснага існаваньня), які ўжываецца ў «Шрымад-Бхагаватам», паказвае, што пакуль чалавек у той ці іншай форме прывязаны да пачуцьцёвых асалодаў, ягоныя думкі будуць паглынуты толькі кармай, дзейнасьцю дзеля ейных пладоў, і гэта прымусіць яго перасяляцца з аднаго цела ў іншае.

Такім чынам, джняні стаіць вышэй за кармі, таму што ён па меншай меры не прымае ўдзелу ў сьляпой пагоні за пачуцьцёвымі асалодамі. Так сьцьвярджае Вярхоўная Асоба Бога. Аднак пакуль джняні, які пазбавіўся ад невуцтва, уласьцівага кармі, не дасягне ўзроўню адданага служэньня, ён будзе заставацца ў невуцтве (авідзьі). Нават калі яго лічаць джняні дасягнуўшым вышыняў веданьня, ягонае веданьне застаецца нячыстым, паколькі, ня ведаючы пра адданае служэньне, ён не пакланяецца непасрэдна лотасавым стопам Вярхоўнай Асобы Бога.

Джняні, які зьвяртаецца да адданага служэньня, узьнімаецца над узроўнем звычайных джняні. Такога ўзвышанага чалавека апісваюць словамі джняна-вімукта-бхакці-парама. Пра тое, як джняні пачынае адданае служэньне, распавядаецца ў «Бхагавад-гіце» (7.19), дзе Крышна гаворыць:

бахунам джанманам антэ
джнянаван мам прападйатэ
васудэвах сарвам іці
са махатма судурлабхах

«Пасьля шматлікіх нараджэньняў і сьмерцяў той, хто сапраўды знаходзіцца ў веданьні, аддаецца Мне, ведаючы, што Я – прычына ўсіх прычын, Я – усё існае. Але рэдка сустракаецца такая вялікая душа». Па-сапраўднаму мудры толькі той, хто аддаецца лотасавым стопам Крышны, але такая вялікая душа, махатма, сустракаецца вельмі рэдка.

Займаючыся адданым служэньнем у адпаведнасьці з рэгулявальнымі прынцыпамі, чалавек можа дасягнуць узроўню спантаннай любові да Бога, прытрымліваючыся прыкладу такіх вялікіх адданых, як Нарада або Санака і Санатана. Тады Вярхоўная Асоба Бога прызнае яго вялікім адданым. Адданыя, якія разьвілі ў сабе любоў да Бога, без усялякага сумненьня, знаходзяцца на вельмі высокім узроўні.

Аднак вышэй за ўсіх адданых стаяць гопі, якія ня маюць ніякіх іншых жаданьняў, акрамя жаданьня дастаўляць задавальненьне Крышне, і пры гэтым не чакаюць ад Крышны нічога ўзамен. Крышна, час ад часу пакідаючы гопі, прычыняе ім невыносныя пакуты. Але яны тым ня менш ня могуць забыць Яго. Калі Крышна зьехаў з Врындавана ў Матхуру, гопі пагрузіліся ў глыбокі смутак і правялі рэшту сваіх дзён у сьлязах з-за расстаньня з Крышнам. Гэта значыць, што ў нейкім сэнсе яны ніколі не разьлучаліся зь Ім. Бо памятаць пра Крышну – усё роўна што мець зносіны зь Ім. Больш за тое, віпраламбха-сэва – разважаць пра Крышну ў расстаньні зь Ім, як рабіў гэта Шры Чайтанья Махапрабху, – значна лепш, чым непасрэдна служыць Крышне. Такім чынам, з усіх адданых, якія разьвілі ў сабе бездамешкавую любоў да Крышны, самымі ўзвышанымі зьяўляюцца гопі, і лепшая сярод іх – Шрымаці Радхарані. Ніхто ня можа перасягнуць Шрымаці Радхарані ў адданым служэньні Госпаду. Нават Сам Крышна ня ў стане зразумець адносіны да Яго Шрымаці Радхарані, вось чаму Ён, імкнучыся зразумець Ейныя трансцэндэнтныя эмоцыі, заняў Ейнае становішча і зьявіўся ў вобразе Шры Чайтаньі Махапрабху.

Такім чынам, Шрыла Рупа Госвамі паступова падводзіць нас да высновы, што Шрымаці Радхарані зьяўляецца самай узвышанай з усіх адданых Крышны, а Ейная кунда (возера), Шры Радха-кунда, – самым узвышаным з усіх месцаў на зямлі. Гэта пацьвярджае цытата з «Лагху-бхагаватамрыты» (Утара-кханда, 45), прыведзеная ў «Чайтанья-чарытамрыце»:

йатха радха прыйа вішнос
тасйах кундам прыйам татха
сарва-гопішу сайвайка
вішнор атйанта-валлабха

«Як дарагая Вярхоўнаму Госпаду Крышне [Вішну] Шрымаці Радхарані, так дорага Яму і месца Ейнага купаньня [Радха-кунда]. Яна – першая і самая любімая Госпадам гопі».

Таму кожны, каго прыцягвае сьвядомасьць Крышны, павінен пасяліцца ля Радха-кунды і рэшту жыцьця прысьвяціць адданаму служэньню на ейных берагах. Такую выснову робіць Рупа Госвамі ў дзясятым вершы «Ўпадэшамрыты».

Навігацыя галоўнага мэню