А.Ч. Бхакціведанта Свамі

Нэктар настаўленьняў (пераклад 2022)

Прадмова : Настаўленьні Шрылы Рупы Госвамі складаюць аснову, на якой будуецца дзейнасьць руху сьвядомасьці Крышны.

ТЭКСТ 1 : Ураўнаважаны чалавек, здольны кантраляваць сваю мову і розум, стрымліваць гнеў і ўтаймоўваць пабуджэньні языка, страўніка і геніталіяў, варты прымаць вучняў паўсюль у сьвеце.

ТЭКСТ 2 : Шэсьць відаў дзейнасьці згубна адбіваюцца на адданым служэньні. Адданае служэньне пакутуе, калі чалавек: 1) есьць занадта многа і назапашвае больш, чым неабходна, рэчаў і грошай; 2) прыкладае празьмерныя намаганьні дзеля ажыцьцяўленьня цяжкадасягальных мірскіх мэтаў; 3) вядзе пустыя размовы на мірскія тэмы; 4) выконвае правілы і прадпісаньні шастраў толькі дзеля вонкавага прытрымліваньня, а не ў імя духоўнага прагрэсу, ці не выконвае ніякіх правілаў і прадпісаньняў, дзейнічае, не прызнаючы аўтарытэтаў, як яму заманецца; 5) мае зносіны зь людзьмі мірскага складу, далёкімі ад сьвядомасьці Крышны; 6) прагне мірскіх посьпехаў.

ТЭКСТ 3 : Ёсьць шэсьць прынцыпаў, выкананьне якіх спрыяе прагрэсу ў чыстым адданым служэньні. Чалавек павінен: 1) дзейнічаць з энтузіязмам; 2) быць упэўненым у сваіх дзеяньнях; 3) праяўляць цярпеньне; 4) кіравацца рэгулявальнымі прынцыпамі (такімі, як шраванам кіртанам вішнох смаранам – слуханьне аповедаў пра Крышну, апяваньне Яго і памятаньне пра Яго); 5) адмовіцца ад зносінаў зь неадданымі, 6) ісьці па стапах вялікіх ачар’яў мінулага. Прытрымліваючыся гэтых шасьці прынцыпаў, чалавек, несумненна, даб’ецца посьпеху ў чыстым адданым служэньні.

ТЭКСТ 4 : Прыносіць дары і прымаць дары, павяраць свае думкі і пытацца пра патаемнае, прымаць прасад і частаваць прасадам – такія шэсьць праяваў любові, якую адданыя адчуваюць адзін да аднаго.

ТЭКСТ 5 : Адданаму, які паўтарае сьвятое імя Госпада Крышны, варта аказваць пашану ў думках; перад адданым, які атрымаў духоўнае пасьвячэньне [дыкшу] і пакланяецца Боству, трэба пакорліва схіляцца, а з чыстым адданым, які дасягнуў вышынь у няўхільным адданым служэньні і ў чыім сэрцы не засталося й сьледу жаданьня крытыкаваць іншых, неабходна мець зносіны і імкнуцца служыць яму зь верай і адданасьцю.

ТЭКСТ 6 : Чысты адданы, які ўсьведамляе Крышну, знаходзіцца ў сваім першапачатковым стане і таму не атаясамлівае сябе зь целам. Аб ім нельга меркаваць з матэрыяльнага пункту гледжаньня. Ня варта зьвяртаць увагі на нізкае паходжаньне адданага, колер ягонай скуры, на тое, што ягонае цела выродлівае, паражанае хваробай ці нямоглае. Такія недахопы, магчыма, кінуцца ў вочы звычайнаму чалавеку, але нягледзячы на ўсе ўяўныя заганы нішто і ніколі не апаганіць цела чыстага адданага. Яно падобна да водаў Гангі, якія ў сэзон дажджоў нясуць часам бурбалкі, пену і бруд. Нішто і ніколі не апаганіць вады Гангі. Людзі, якія валодаюць разьвітым духоўным розумам, зьдзяйсьняюць абмываньне ў Ганзе, не зважаючы на стан вады.

ТЭКСТ 7 : Сьвятое імя, якасьці, гульні і дзеяньні Крышны трансцэндэнтныя і салодкія, нібы лядзяшы. Хоць язык хворага на жаўтуху авідзьі [невуцтва] ня здольны адчуваць смак салодкага, самае дзіўнае ў тым, што калі кожны дзень уважліва паўтараць гэтыя салодкія імёны, да языка вернецца натуральная здольнасьць цешыцца салодкім, і з часам хвароба будзе вырваная з коранем.

ТЭКСТ 8 : Усе настаўленьні зводзяцца да наступнага: неабходна імкнуцца ўвесь час – дваццаць чатыры гадзіны ў суткі – засяроджана паўтараць боскае імя Госпада, апяваць Ягоны трансцэндэнтны вобраз, якасьці і вечныя гульні, і заўсёды памятаць пра іх, паступова займаючы імі свой язык і розум. Для гэтага трэба пасяліцца ў Враджы і служыць Крышне, выконваючы ўказаньні адданых. Неабходна ісьці па сьлядох умілаваных адданых Госпада, якія вельмі прывязаны да адданага служэньня Яму.

ТЭКСТ 9 : З духоўнага пункту гледжаньня сьвятое месца, званае Матхурай, вышэй за Вайкунтху, трансцэндэнтнага сьвету, паколькі там зьявіўся Госпад. Вышэй за Матхура-пуры – трансцэндэнтны лес Врындавана, таму што ў ім праходзілі гульні раса-лілы Крышны. Але ўзгорак Говардхана вышэй за Врындаван, бо ён быў падняты боскай рукой Шры Крышны і зьяўляўся сьведкам Ягоных разнастайных любоўных гульняў. Аднак нішто не параўнаецца зь непераўзыдзенай Шры Радха-кундай, затопленай амброзіяй і нэктарам прэмы Ўладара Гокулы, Шры Крышны. Які разумны чалавек, ведаючы гэта, адмовіцца служыць боскай Радха-кундзе, разьмешчанай ля падножжа ўзгорка Говардхана?

ТЭКСТ 10 : У шастрах сказана, што з усіх, хто займаецца кармічнай дзейнасьцю, Вярхоўны Госпад Хары аддае перавагу таму, каму вядомыя вышэйшыя каштоўнасьці жыцьця. З мноства людзей, якія спасьціглі вышэйшую мудрасьць [джняні], той, каму ягоныя веды дапамаглі атрымаць вызваленьне, зьвяртаецца да адданага служэньня. Ён стаіць вышэй за ўсіх астатніх. Аднак яго пераўзыходзіць той, хто сапраўды здабыў прэму, чыстую любоў да Крышны. А самымі ўзвышанымі з усіх вялікіх адданых зьяўляюцца гопі, якія заўсёды і ва ўсім залежаць ад Шры Крышны, трансцэндэнтнага пастушка. З усіх гопі найбольш дарагая Крышне Шрымаці Радхарані. Ейная кунда [возера] гэтак жа бясконца дарагая Крышне, як і гэтая самая любімая Ім гопі. Хто ж адмовіцца пасяліцца ля Радха-кунды і ў духоўным целе, споўненым экстатычных эмоцыяў [апракрыта-бхава], зь любоўю служыць боскай пары Шры Шры Радха-Говіндзе, якая штодня яўляе Свае аштакалія-лілы (восем відаў вечных гульняў). Тыя, хто займаецца адданым служэньнем на берагах Радха-кунды, – сапраўды, найшчасьлівыя людзі ў сусьвеце.

ТЭКСТ 11 : З многіх упадабаных аб’ектаў асалоды і з усіх цудоўных дзяўчат Враджабхумі Шрымаці Радхарані, вядома ж, найбольш дарагая Крышне і найбольш любімая Ім. Вялікія мудрацы кажуць, што гэтак жа дарагая Яму і Ейная боская кунда. Безумоўна, берагоў Радха-кунды рэдка дасягаюць нават вялікія адданыя; яшчэ цяжэй дасягнуць яе звычайным адданым. У тым, хто хоць бы раз выкупаўся ў ейных сьвятых водах, абуджаецца чыстая любоў да Крышны.

Навігацыя галоўнага мэню