Йог павінен цалкам спыніць дзейнасьць пачуцьцяў. Закрыўшы ўсе дзьверы цела, засяродзіўшы вум на сэрцы і падняўшы жыцьцёвае паветра ў верхнюю частку галавы, ён павінен увайсьці ў стан трансу.
Каб займацца апісаным у гэтых вершах відам йогі, трэба перш за ўсё закрыць пачуцьцям доступ да любых задавальненьняў. Гэтая ступень называецца пратйахара, адхіленьне пачуцьцяў ад іх аб'ектаў. Йог павінен навучыцца кіраваць ворганамі спазнаньня – вачамі, вушамі, носам, языком і ворганамі дотыку – і ніколі не дазваляць ім дзейнічаць дзеля ўласнае асалоды. Тады ён зможа засяродзіць вум на Звышдушы ў сэрцы і падняць жыцьцёвую сілу ў верхнюю частку галавы. Гэта практыка йогі была дэталёва апісана ў шостай частцы. Але, як ужо было сказана, ёй немагчыма па-сапраўднаму займацца ў цяперашні век. Зараз самым лепшым мэтадам утаймаваньня вума зьяўляецца мэтад сьвядомасьці Крышны. Калі чалавек аддана служыць Крышне і можа трымаць вум засяроджаным на Ім, ён натуральным чынам увойдзе ў стан духоўнага трансу (самадхі) і будзе знаходзіцца ў ім увесь час.