Aрджуна сказаў: Дарагі Крышна, о бязгрэшны, усе мае аблуды зараз расьсеяліся, і Тваёй міласьцю да мяне вярнулася памяць. Сумневы пакінулі мяне, і я перапоўнены рашучасьці дзейнічаць так, як Ты загадваеш.
Прызначэньне жывых істотаў, якіх увасабляе Aрджуна, складаецца ў тым, каб выконваць волю Вярхоўнага Госпада. Жывыя істоты створаны для служэньня. Шры Чайтанья Махапрабху кажа, што па сваёй прыродзе жывая істота зьяўляецца вечнай слугой Вярхоўнага Госпада. Забываючы пра гэта, жывая істота трапляе пад уладу матэрыяльнай прыроды, але служэньне Госпаду дапамагае ёй выйсьці з-пад яе ўлады і стаць вольным слугой Госпада. Жывая істота створана для таго, каб служыць, таму яна служыць або ілюзорнай энэргіі, майі, або Вярхоўнаму Госпаду. Служачы Ўсявышняму, яна знаходзіцца ў натуральным для сябе стане, але калі яна аддае перавагу служыць вонкавай, ілюзорнай энэргіі Госпада, то неўнікнёна трапляе ў рабства. Жывая істота, якая заблыталася, служыць у матэрыяльным сьвеце. Зьвязаная путамі цялесных жаданьняў, яна тым ня менш лічыць сябе валадаром сьвету. Гэта называецца ілюзіяй. Атрымліваючы вызваленьне, чалавек вырываецца з палону ілюзіі і дабравольна падначальваецца Вярхоўнаму Госпаду, каб выконваць Ягоную волю. Апошняй ілюзіяй, апошняй пасткай, якую расстаўляе на шляху чалавека майа, зьяўляецца ўяўленьне пра тое, што ён – Бог. Той, хто патрапіў у гэту пастку лічыць, што ён ужо не абумоўленая душа, а Сам Вярхоўны Госпад. Яму не хапае розуму нават на тое, каб задацца пытаньнем: «Калі я Бог, то чаму я апынуўся ў палоне сумневаў?» Гэта не прыходзіць яму ў галаву. Такім чынам, гэта апошняя пастка, падрыхтаваная для яго ілюзорнай энэргіяй. Каб па-сапраўднаму вызваліцца ад уплыву ілюзіі, неабходна спасьцігнуць Крышну, Вярхоўную Асобу Бога, і пагадзіцца выконваць Яго волю.
Вельмі важным зьяўляецца ўжытае ў дадзеным вершы слова моха. Моха – гэта антонім слова «веданьне». Атрымаць сапраўднае веданьне – значыць зразумець, што кожная жывая істота зьяўляецца вечнай слугой Госпада, але, замест таго каб лічыць сябе слугой, усе ў матэрыяльным сьвеце ўяўляюць сябе яго гаспадарамі, таму што хочуць панаваць над матэрыяльнай прыродай. З гэтага складаецца наша ілюзія. Расьсеяць гэту ілюзію можна толькі з ласкі Госпада ці з ласкі Яго чыстага адданага. І калі чалавек выходзіць з-пад яе ўлады, ён пагаджаецца дзейнічаць дзеля Крышны.
Знаходзіцца ў сьвядомасьці Крышны – значыць дзейнічаць па волі Крышны. Уведзеная ў зман вонкавай матэрыяльнай энэргіяй, абумоўленая душа не разумее, што Вярхоўны Госпад – споўнены веданьня валадар усіх жывых істотаў і ўсяго існага. Ён можа надарыць Сваіх адданых усім, чым пажадае; Ён сябар кожнай жывой істоты, але асабліва Ён мае ласку да Сваіх адданых. Ён – валадар матэрыяльнай прыроды і ўсіх жывых істотаў. Яму падуладны невычарпальны час, усе багацьці і энэргіі. Свайму адданаму Вярхоўны Госпад можа аддаць нават Самога Сябе. Той, хто ня ведае Яго, знаходзіцца ў палоне ілюзіі; замест таго каб займацца адданым служэньнем, ён служыць майі. Аднак Aрджуна, выслухаўшы «Бхагавад-гіту», якую распавёў яму Сам Госпад, цалкам вызваліўся ад ілюзіі. Ён зразумеў, што Крышна ня проста ягоны сябар, Ён – Вярхоўная Асоба Бога. Aрджуна спасьціг Крышну такім, які Ён ёсьць. Калі гэтыя веды цалкам адкрываюцца чалавеку, ён ня можа не скарыцца Крышне. Калі Aрджуна зразумеў задуму Крышны, які хацеў скараціць надмерна пабольшанае насельніцтва Зямлі, ён пагадзіўся ўдзельнічаць у бітве, выконваючы волю Крышны. Ён ізноў узяў у рукі зброю – свой лук і стрэлы, – каб змагацца, выконваючы волю Вярхоўнай Асобы Бога.