Заўсёды думаючы пра Мяне, ты па Маёй міласьці пераадолееш усе перашкоды абумоўленага жыцьця. Калі ж ты будзеш дзейнічаць так, як падахвочвае цябе падманнае эга, ня слухаючы Маіх указаньняў і ня памятаючы пра Мяне, то страціш сябе.
Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, не турбуецца пра задавальненьне сваіх фізычных патрэбаў. Невукам ніколі не зразумець таго, як можна быць вольным ад усіх турботаў. Для таго, хто дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, Госпад Крышна робіцца самым блізкім сябрам. Госпад Сам клапоціцца пра дабрабыт Свайго сябра і аддае Сябе яму, бачачы, як адданы бяз стомы служыць Яму, імкнучыся даставіць Яму задавальненьне. Таму мы не павінны паводзіцца падманным эгам, якое вырастае з матэрыяльных уяўленьняў пра жыцьцё. Ніхто не павінен лічыць сябе незалежным ад законаў матэрыяльнай прыроды і думаць, што валодае поўнай свабодай дзеяньняў. Кожны чалавек знаходзіцца пад уладай няўмольных законаў прыроды. Але як толькі чалавек пачынае дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны, як ён адразу ж вызваляецца і пазбаўляецца ад матэрыяльных цяжкасьцяў. Неабходна зьвярнуць увагу на словы Крышны: той, хто ня дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, губляецца ў віры матэрыяльнага сьвету, у акіяне нараджэньняў і сьмерцяў. Ніводная абумоўленая душа насамрэч ня ведае, што можна рабіць і чаго рабіць нельга, аднак чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, можа не баяцца дзейнічаць, бо Сам Крышна, які знаходзіцца ў яго сэрцы, падказвае яму знутры, што рабіць, а духоўны настаўнік пацьвярджае ўказаньні Крышны.