Веданьне, аб'ект спазнаньня і той, хто спазнае, – такія тры фактары, што падахвочваюць да дзейнасьці, а ворганы пачуцьцяў, самі дзеяньні і іх выканаўца зьяўляюцца яе складнікамі.
У кожнай дзейнасьці ёсьць тры стымулы: веданьне, аб'ект спазнаньня і той, хто спазнае. Прылады дзейнасьці, самі дзеяньні і іх выканаўца зьяўляюцца складнікамі дзейнасьці. Любая дзейнасьць, якой займаюцца людзі, складаецца з гэтых элемэнтаў. Перад тым як чалавек пачне дзейнічаць, у яго павінен зьявіцца стымул, які называюць падахвочваньнем да дзейнасьці. Любое вырашэньне, прынятае да пачатку дзеяньняў, зьяўляецца тонкай формай дзейнасьці. Потым яна ўжо праяўляецца ў выглядзе канкрэтных дзеяньняў. Іх апераджаюць працэсы, якія адбываюцца ў вуме: чалавек разважае, перажывае і адчувае нейкае жаданьне. У сукупнасьці яны складаюць падахвочваньне да дзейнасьці. Такі ж імпульс да дзейнасьці можна атрымаць зь сьвятых пісаньняў ці з указаньняў духоўнага настаўніка. Пры наяўнасьці падахвочваньня і выканаўцы дзеяньняў пачынаецца само дзеяньне, якое ажыцьцяўляецца з дапамогай ворганаў пачуцьцяў і вума, які знаходзіцца ў цэнтры ўсіх пачуцьцяў. Усе гэтыя элемэнты, разам узятыя, складаюць сукупную карціну дзеяньня.