Бг. 13.22

पुरुष: प्रकृतिस्थो हि भुङ्क्ते प्रकृतिजान्गुणान् ।
कारणं गुणसङ्गोऽस्य सदसद्योनिजन्मसु ॥ २२ ॥
пурушах пракріті-стхо хі
бхункте пракріті-джан гунан
каранам гуна-санго 'сйа
сад-асад-йоні-джанмасу

Паслоўны пераклад

пурушах — жывая істота; пракріті-стхах — знаходзячыся ў матэрыяльнай энэргіі; хі — безумоўна; бхункте — цешыцца; пракріті-джан — створанымі матэрыяльнай прыродай; гунан — гунамі прыроды; каранам — прычына; гуна-сангах — сувязь з гунамі прыроды; асйа — жывой істоты; сат-асат — у добрых і дрэнных; йоні — відах жыцьця; джанмасу — у жыцьцях.

Пераклад

Так жывая істота, якая апынулася ў матэрыяльным сьвеце, ідзе дарогамі жыцьця і цешыцца трыма гунамі прыроды. Яна датыкаецца з матэрыяй і ў выніку сустракаецца з дабром і злом у розных формах жыцьця.

Камэнтар

Гэты важны верш дапамагае зразумець, якім чынам жывыя істоты перасяляюцца з аднаго цела ў іншае. У другой частцы «Бхагавад-гіты» гаварылася, што жывая істота зьмяняе целы, як адзеньне. Прычынай таму яе прыхільнасьць да матэрыяльнага існаваньня. Пакуль жывая істота не расчаруецца ў гэтым ілюзорным сьвеце, яна будзе змушана перасяляцца з аднаго цела ў іншае. Яна апынулася ў гэткім жаласным становішчы з-за свайго жаданьня панаваць над матэрыяльнай прыродай. Яе матэрыяльныя жаданьні прыводзяць да таго, што жывая істота нараджаецца то напаўбогам, то чалавекам, то зьверам, то птушкай, то чарвяком, то рыбай, то праведнікам, то казуркай. Гэта паўтараецца зноў і зноў. І штораз жывая істота лічыць сябе стваральніцай свайго лёсу, хоць насамрэч заўсёды знаходзіцца пад уладай матэрыяльнай прыроды.

Тут тлумачыцца, якім чынам жывая істота трапляе ў розныя матэрыяльныя целы. Прычынай таму – судотык жывой істоты з рознымі гунамі матэрыяльнай прыроды. Адгэтуль вынікае, што чалавек павінен падняцца над матэрыяльнымі гунамі і дасягнуць трансцэндэнтнага ўзроўня. Гэта называецца сьвядомасьцю Крышны. Пакуль чалавек не разаўе ў сабе сьвядомасьць Крышны, матэрыяльная сьвядомасьць будзе прымушаць яго перасяляцца зь цела ў цела, паводзячыся матэрыяльнымі жаданьнямі, якія жывуць у ягоным сэрцы са спрадвечных часоў. Таму трэба зьмяніць сваю сьвядомасьць. Зрабіць гэта можна, толькі слухаючы тых, хто абазнаны ў духоўнай навуцы. Лепшы прыклад таму – Aрджуна, які пачуў выклад навукі пра Бога ад Самаго Крышны. Той, хто слухае аўтарытэтных настаўнікаў, можа паступова пазбавіцца неадчэпнага жаданьня панаваць над матэрыяльнай прыродай, і, па меры таго як гэтае звыклае жаданьне будзе слабець, ён пачне ўсё выразьней адчуваць смак трансцэндэнтнай асалоды. У адной зь ведычных мантраў гаворыцца, што ў зносінах зь Вярхоўнай Асобай Бога жывая істота паступова набывае веданьне і адначасова з гэтым усё больш і больш цешыцца смакам вечнага, споўненага асалоды быцьця.

Навігацыя галоўнага мэню