Бг. 13.17

अविभक्तं च भूतेषु विभक्तमिव च स्थितम् ।
भूतभर्तृ च तज्ज्ञेयं ग्रसिष्णु प्रभविष्णु च ॥ १७ ॥
авібхактам ча бхутешу
вібхактам іва ча стхітам
бхута-бхартрі ча тадж джнейам
грасішну прабхавішну ча

Паслоўны пераклад

авібхактам — непадзельны; ча — таксама; бхутешу — ува ўсіх жывых істотах; вібхактам — падзеленая; іва — нібы; ча — таксама; стхітам — зьмешчаны; бхута-бхартрі — захоўнік усіх жывых істотаў; ча — таксама; тат — тое; джнейам — варта ведаць; грасішну — які паглынае; прабхавішну — які праяўляе; ча — таксама.

Пераклад

Хоць Звышдуша здаецца падзеленай паміж жывымі істотамі, Яна адзіная і непадзельная. Яна захоўвае ўсе жывыя істоты, але трэба ведаць, што Яна таксама паглынае і праяўляе іх усе.

Камэнтар

Госпад у вобразе Звышдушы знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Ці значыць гэта, што Ён падзяліўся на часткі? Не. Госпад заўсёды застаецца адзіным. Ён падобны да сонца. Калі сонца ў зяніце, яно знаходзіцца ў адным месцы, але, калі спытаць розных людзей у радыюсе пяці тысяч кілямэтраў, дзе знаходзіцца сонца, кожны скажа, што сонца сьвеціць у яго над галавой. Ведычныя пісаньні прыводзяць гэты прыклад, каб паказаць, што, хоць Госпад непадзельны, Ён здаецца падзеленым на часткі. У ведычных пісаньнях сказана, што адзін Вішну, будучы ўсемагутным, знаходзіцца ўсюды, падобна таму як сонца адначасова сьвеціць над галавой мноства людзей, якія знаходзяцца ў розных месцах. Апроч таго, хоць Вярхоўны Госпад – захоўнік усяго жывога, Ён паглынае ўсё існае падчас разбурэньня сусьвету. Пра гэта ўжо казалася ў адзінаццатай частцы «Бхагавад-гіты», дзе Госпад сказаў, што Ён зьявіўся для таго, каб паглынуць усіх ваяроў, якія сабраліся на Курукшэтры. І Госпад дадаў, што ў вобразе часу Ён таксама паглынае ўсё. Ён нясе згубу й разбурэньне ўсяму жывому. Падчас стварэньня матэрыяльнага сьвету Госпад дапамагае жывым істотам праявіцца зь іх спрадвечнага стану, а падчас разбурэньня сусьвету паглынае іх. У ведычных гімнах таксама гаворыцца, што Госпад – крыніца і месца заспакаеньня ўсяго існага. Стварыўшы матэрыяльны сьвет, Ён падтрымлівае яго Сваёй бязьмежнай магутнасьцю, а пасьля зьніштажэньня матэрыяльнага сусьвету ўсё зноў пагружаецца ў Яго. Пра гэта сьведчаць ведычныя гімны: йато ва імані бхутані джайанте йена джатані джіванті йат прайантй абхісамвішанті тад брахма тад віджіджнасасва (Тайцірыя-ўпанішад, 3.1).

Навігацыя галоўнага мэню