Вярхоўны Госпад сказаў: О Aрджуна, гэтая сіла ні што іншае, як пажадлівасьць, якая ўзьнікае пад уплывам гуны жарсьці, а потым ператвараецца ў гнеў. Пажадлівасьць – усёпажыральны, грэшны вораг усіх істотаў у гэтым сьвеце.
Калі жывая істота трапляе ў матэрыяльны сьвет, яе вечная любоў да Крышны пад уплывам гуны жарсьці ператвараецца ў пажадлівасьць. Гэта можна прыраўнаць да таго, як малако пры даданьні ў яго кіслага тамарынду ператвараецца ў сыраватку. Не атрымаўшы задавальненьня, пажадлівасьць пераходзіць у гнеў, а гнеў спараджае ілюзію, якая трымае жывую істоту ў палоне матэрыяльнага жыцьця. Таму пажадлівасьць – люты вораг жывой істоты; менавіта яна робіць чыстую жывую істоту палоннай матэрыяльнага сьвету. Гнеў зьяўляецца спараджэньнем гуны невуцтва, і ўсе ягоныя наступствы таксама ўзьнікаюць з гэтай гуны. Таму, калі, выконваючы прадпісаньні шастраў, чалавек не дазваляе гуне жарсьці, якая ўплывае на яго, ператварацца ў гуну невуцтва, а замест гэтага падымаецца на ўзровень гуны даброці, ён разаўе ў сабе духоўныя прыхільнасьці і тым самым выратуе сябе ад гневу й яго разбуральных наступстваў.
Вярхоўны Госпад пашырыў Сябе ў мноства праяваў у імя Сваёй вечна нарастальнай духоўнай асалоды, і жывыя істоты зьяўляюцца неад'емнымі часьцінкамі гэтай асалоды. Яны валодаюць некаторай доляй незалежнасьці, але, калі яны надужываюць ёю, іхнае жаданьне служыць Госпаду ператвараецца ў жаданьне задавальняць патрэбы ўласных пачуцьцяў, і яны апынаюцца пад уладай пажадлівасьці. Госпад стварыў матэрыяльны сьвет для таго, каб даць абумоўленым душам магчымасьць паспрабаваць задаволіць сваю пажадлівасьць; але, калі ўсе іхныя спробы сканчаюцца няўдачай, жывыя істоты пачынаюць запытваць пра тое, якая іх сапраўдная прырода.
З гэтага пытаньня пачынаецца «Веданта-сутра»: атхато брахма-джіджнаса – «надышоў час запытваць пра Ўсявышняга». Пра таго, хто такі Ўсявышні, гаворыцца ў «Шрымад-Бхагаватам»: джанмадй асйа йато 'нвайад ітараташ ча – «Вярхоўны Брахман ёсьць крыніцай усяго існага». Значыць, крыніца пажадлівасьці таксама знаходзіцца ва Ўсявышнім. Калі мы здолеем ператварыць пажадлівасьць у любоў да Бога, то бок у сьвядомасьць Крышны, і зьвязаць з Крышнам усе свае жаданьні, мы адухавім і пажадлівасьць, і гнеў. Хануман, вялікі слуга Госпада Рамы, угневаўшыся, спаліў дашчэнту залаты горад дэмана Раваны, але дзякуючы гэтаму, ён уславіўся як вялікі адданы Госпада. Падобна гэтаму, у «Бхагавад-гіце» Госпад загадвае Aрджуне зьвярнуць свой гнеў на ворага, каб даставіць Госпаду задавальненьне. Таму, калі мы выкарыстоўваем пажадлівасьць і гнеў для служэньня Крышне, яны з ворагаў ператвараюцца ў нашых сяброў.