Бг. 3.3

श्रीभगवानुवाच
लोकेऽस्मिन्द्विविधा निष्ठा पुरा प्रोक्ता मयानघ ।
ज्ञानयोगेन सांख्यानां कर्मयोगेन योगिनाम् ॥ ३ ॥
шрі-бхагаван увача
локе 'смін дві-відха ніштха
пура прокта майанагха
джнана-йогена санкхйанам
карма-йогена йогінам

Паслоўны пераклад

шрі-бхагаван увача — Вярхоўны Госпад сказаў; локе — у сьвеце; асмін — у гэтым; дві-відха — якая ўключае два віды; ніштха — вера; пура — якая была раней; прокта — апісана; майа — Мной; анагха — о бязгрэшны; джнана-йогена — сувязным мэтадам спазнаньня; санкхйанам — філёзафаў-імпэрсаналістаў; карма-йогена — сувязным мэтадам адданага служэньня; йогінам — адданых.

Пераклад

Вярхоўны Госпад сказаў: О бязгрэшны Aрджуна, як Я ўжо казаў, ёсьць два тыпы людзей, якія імкнуцца спазнаць сваё «я». Адны прысьвячаюць сябе філязофскім разважаньням, а другія аддана служаць Госпаду.

Камэнтар

У другой частцы «Бхагавад-гіты» (верш 39) Госпад назваў два мэтады духоўнага самапазнаньня: санкхйа-йогу й карма-йогу, ці буддхі-йогу. Тут Ён расказвае пра іх больш дэталёва: санкхйа-йогай, аналітычным вывучэньнем прыроды духу і матэрыі, займаюцца людзі, схільныя да разважаньняў і якія імкнуцца спазнаць навакольны сьвет праз пачуцьцёвы досьвед і філязофскі роздум, а трансцэндэнталісты другога тыпу ідуць шляхам сьвядомасьці Крышны, які быў апісаны ў шэсьцьдзесят першым вершы другой часткі. У трыццаць дзявятым вершы другой часткі Госпад таксама казаў, што, ідучы шляхам буддхі-йогі, ці сьвядомасьці Крышны, чалавек вызваляецца ад путаў дзеяньняў і іх наступстваў, а ў саракавым вершы – што гэты мэтад ня мае заганаў. Пра тое ж самае, толькі больш дакладна, сказана ў шэсьцьдзесят першым вершы другой часткі: займацца буддхі-йогай – значыць цалкам спадзявацца на Ўсявышняга (Крышну); так чалавек зможа бязь цяжкасьцяў утаймаваць свае пачуцьці. На самой справе, абодва гэтыя мэтады йогі ўзаемазалежныя, як рэлігія й філязофія. Рэлігія, пазбаўленая філязофскага грунту, ператвараецца ў сэнтыменты ці нават фанатызм, а філязофія без рэлігіі застаецца на ўзроўні абстрактных разважаньняў.

Вышэйшай мэтай усіх трансцэндэнталістаў зьяўляецца Крышна. Філёзафы, якія шчыра й сур'ёзна шукаюць Aбсалютную Ісьціну, у канчатковым рахунку таксама прыходзяць да сьвядомасьці Крышны. Пра гэта сказана ў «Бхагавад-гіце» (7.19). Мэта самаўсьведамленьня – зразумець сапраўднае становішча душы ў яе адносінах са Звышдушой. Шлях, якім ідуць філёзафы-гйані, абыходны: ён таксама можа прывесьці чалавека да сьвядомасьці Крышны, але не адразу, а празь некаторы час, тады як другі мэтад – гэта наўпростая практыка сьвядомасьці Крышны. З гэтых двух мэтадаў лепшым зьяўляецца мэтад сьвядомасьці Крышны, бо ён не патрабуе ачышчэньня пачуцьцяў з дапамогай філязофскіх разважаньняў. Мэтад сьвядомасьці Крышны сам сабою ачышчае чалавека ад матэрыяльнае гнюсі. Зьяўляючыся непасрэдным служэньнем Госпаду, ён адначасова просты і ўзьнёслы.

Навігацыя галоўнага мэню