О сын Прытхі, ва ўсіх трох сьветах няма такое справы, якой Я абавязаны быў бы займацца. Я ні ў чым ня маю патрэбы й ні да чаго не імкнуся, – і ўсё ж Я заўсёды выконваю Свой абавязак.
У Ведах Вярхоўны Госпад апісаны наступным чынам:
«Вярхоўны Госпад – валадар усіх валадароў, найвялікшы сярод валадароў усіх плянэтаў. Кожны знаходзіцца ў Яго ў падначаленьні. Якой бы магутнасьцю ні валодалі жывыя істоты, яны атрымліваюць яе ад Вярхоўнага Госпада. Ніхто зь іх не зьяўляецца незалежным валадаром. Госпад, якому пакланяюцца ўсе напаўбагі, – вярхоўны валадар, а ўсе астатнія валадары падначаленыя Яму. Ён вышэй за ўсіх уладцаў гэтага сьвету і годны ўсеагульнае глыбокае пашаны. Ніхто ня можа перасягнуць Вярхоўнага Госпада, вышэйшую прычыну ўсіх прычын.
Цела Госпада не падобнае да цела звычайнай істоты. Ягонае цела неадрозьніваецца ад Ягонай душы. Ён абсалютны, і ўсе Ягоныя пачуцьці духоўныя. Кожны зь Ягоных ворганаў пачуцьцяў можа выконваць функцыі любога іншага воргана. Таму ў цэлым сьвеце няма нікога роўнага Яму ці больш вялікага, чым Ён. Ягоная энэргія бясконцая й шматстайная, таму ўсе Ягоныя дзеяньні робяцца самі сабой, натуральным чынам» (Шветашватара-ўпанішад, 6.7 – 8).
Бог, Вярхоўная Асоба, напоўніцу валодае ўсімі дасканаласьцямі, якія зьяўляюцца абсалютнай рэальнасьцю, таму ў Яго няма ніякіх абавязкаў. Той, хто імкнецца да пладоў сваёй працы, павінен выконваць пэўныя абавязкі, але ў таго, хто не жадае нічога ўва ўсіх трох сьветах, ня можа быць абавязкаў. І ўсё ж Госпад Крышна ўдзельнічаў у бітве на Курукшэтры як правадыр кшатрыяў, бо абавязак кшатрыяў – бараніць тых, хто апынуўся ў бядзе. Хоць Госпад стаіць вышэй за ўсе прадпісаньні шастраў, Ён ніколі не парушае іх.