Такія цары, як Джанака, дасягнулі дасканаласьці толькі дзякуючы таму, што выконвалі свае абавязкі. Гэтак і ты павінен займацца сваёй справай хаця б для таго, каб падаць прыклад астатнім.
Такія цары, як Джанака, зьяўляліся асобамі, якія ўсьвядомілі сябе як душы, таму ім было не абавязкова выконваць прадпісаньні Ведаў. І ўсё ж яны строга кіраваліся гэтым наказам, каб падаць прыклад простым людзям. Джанака быў бацькам Сіты й цесьцем Госпада Шры Рамы. Як вялікі адданы Госпада, ён быў вышэй усіх прадпісаньняў, але як цар Мітхілы*, ён павінен быў вучыць сваіх падданых таму, як належыць выконваць прадпісаныя шастрамі абавязкі. Госпаду Крышне й Яго вечнаму сябру Aрджуне не было патрэбы браць удзел у бітве на Курукшэтры, але яны ўступілі ў бітву, жадаючы паказаць людзям, што гвалт таксама бывае патрэбны ў тых выпадках, калі вычарпаны ўсе мірныя сродкі. Яшчэ да пачатку бітвы на Курукшэтры Пандавы і нават Сам Госпад Крышна прыклалі ўсе намаганьні да таго, каб пазьбегнуць вайны, але іхныя супернікі былі непахісныя. У такіх выпадках, каб аднавіць справядлівасьць, бывае трэба ўступіць у бой і ваяваць за правую справу. Хаця чалавеку, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, нічога не патрэбна ў гэтым сьвеце, ён усё адно працягвае працаваць, каб сваім прыкладам навучыць людзей таму, як трэба жыць і дзейнічаць. Дасьведчаныя адданыя, якія валодаюць сьвядомасьцю Крышны, заўсёды ведаюць, як паступаць, каб весьці за сабой іншых. Пра гэта гаворыцца ў наступным вершы.
* Частка правінцыі Біхар у Індыі. (Заўв. рэдактара.)