Бг. 7.23

अन्तवत्तु फलं तेषां तद्भ‍वत्यल्पमेधसाम् ।
देवान्देवयजो यान्ति मद्भ‍क्ता यान्ति मामपि ॥ २३ ॥
антават ту пхалам тешам
тад бхаватй алпа-медхасам
деван дева-йаджо йанті
мад-бхакта йанті мам апі

Паслоўны пераклад

анта-ват — недаўгавечны; ту — але; пхалам — плод; тешам — іх; тат — то; бхаваті — робіцца; алпа-медхасам — неразумных людзей; деван — да напаўбагоў; дева-йаджах — тыя, хто пакланяецца напаўбагам; йанті — ідуць; мат — Мне; бхактах — адданыя; йанті — ідуць; мам — да Мяне; апі — таксама.

Пераклад

Недалёкія людзі пакланяюцца напаўбагам, аднак плады, якія яны атрымліваюць, мізэрныя і часовыя. Тыя, хто пакланяецца напаўбагам, трапляюць на плянэты напаўбагоў, але тыя, хто адданыя Мне, дасягаюць Маёй вышэйшай абіцелі.

Камэнтар

Некаторыя камэнтатары «Бхагавад-гіты» сьцьвярджаюць, што, ушаноўваючы напаўбагоў, можна дасягнуць абіцелі Вярхоўнага Госпада, аднак у гэтым вершы ясна сказана, што тыя, хто шануе напаўбагоў, адпраўляюцца на плянэты гэтых напаўбагоў: прыхільнікі бога Сонца трапляюць на Сонца, прыхільнікі бога Месяца – на Месяц, а той, хто ўшаноўвае Індру, можа трапіць на плянэту Індры. Няправільна думаць, што, ушаноўваючы напаўбагоў, можна дасягнуць абіцелі Вярхоўнай Асобы Бога. Тут Крышна аспрэчвае гэта сьцьверджаньне, кажучы, што прыхільнікі напаўбагоў трапляюць на іхныя плянэты ў матэрыяльным сьвеце, тады як адданыя Вярхоўнага Госпада дасягаюць вышэйшай плянэты, дзе жыве Сам Госпад.

Нам могуць запярэчыць, што паколькі напаўбагі зьяўляюцца рознымі часткамі цела Вярхоўнага Госпада, то тыя, хто пакланяецца ім, павінны дасягнуць той жа мэты, што і адданыя Госпада. Аднак такое пярэчаньне толькі даказвае, што прыхільнікі напаўбагоў і сапраўды ня надта разумныя, бо ня ведаюць, якой частцы цела патрэбна даваць ежу. Некаторыя зь іх настолькі неразумныя, што заяўляюць, быццам ежу можна прымаць любой часткай цела. Такую ідэю нельга назваць здаровай. Хто з нас можа есьці вушамі ці вачамі? Гэтыя людзі ня ведаюць, што напаўбагі – часткі сусьветнага цела Госпада, і з-за невуцтва думаюць, што кожны напаўбог зьяўляецца незалежным Богам, нароўні зь Вярхоўным Госпадам. Ня толькі напаўбагі, але і звычайныя істоты зьяўляюцца часткамі сусьветнага цела Вярхоўнага Госпада. У «Шрымад-Бхагаватам» сказана, што брахманы – гэта галава Вярхоўнага Госпада, кшатрыі – Ягоныя рукі, вайшйі – жывот, а шудры – ногі, і ўсе яны выконваюць розныя функцыі. Але кім бы ні быў чалавек, калі ён ведае, што і напаўбагі, і ён сам зьяўляюцца неад'емнымі часьцінкамі Вярхоўнага Госпада, ён валодае дасканалым веданьнем. Той жа, хто не разумее гэтага, адпраўляецца на плянэты напаўбагоў, у адрозьненьне ад адданых Госпада, якія дасягаюць іншай, вышэйшай мэты.

Плады пакланеньня напаўбагам часовыя, бо ў матэрыяльным сьвеце і самі напаўбагі, і іхныя прыхільнікі, і нават усе плянэты асуджаныя на згубу. Вось чаму ў гэтым вершы ясна сказана, што напаўбагам пакланяюцца толькі недалёкія людзі. Але чысты адданы, які валодае сьвядомасьцю Крышны, дасягае зусім іншых вынікаў: служачы Вярхоўнаму Госпаду, ён атрымлівае вечнае жыцьцё, споўненае асалоды і веданьня. Вярхоўны Госпад бязьмежны, і Яго міласьць і прыхільнасьць таксама бязьмежныя. Міласьці, якую Госпад разьлівае на Сваіх чыстых адданых, няма межаў.

Навігацыя галоўнага мэню