О сын Бхараты, знаходзячыся пад пераважным уплывам адной з матэрыяльных гунаў, жывая істота атрымлівае адпаведны тып веры. Гаворыцца, што характар яе веры вызначаецца тым, якія гуны на яе ўплываюць.
Кожны чалавек, кім бы ён ні быў, у нешта верыць. Але, у залежнасьці ад прыроды чалавека, яго вера можа адносіцца да гуны даброці, жарсьці ці невуцтва. І вера, у сваю чаргу, вызначае кола яго зносінаў. Насамрэч кожная жывая істота, як было сказана ў пятнаццатай частцы, па прыродзе сваёй зьяўляецца маленькай часьцінкай Вярхоўнага Госпада. Таму спрадвечна ўсе душы знаходзяцца па-за ўплывам гунаў матэрыяльнай прыроды. Аднак, калі жывая істота забывае пра свае стасункі зь Вярхоўнай Асобай Бога і, прыходзячы ў судотык з матэрыяльнай прыродай, пачынае абумоўленае існаваньне, яна сама вызначае сваё становішча ў гэтым сьвеце, аддаючы перавагу таму ці іншаму спалучэньню матэрыяльных гунаў. У выніку ў яе фармуецца штучная матэрыяльная вера і пачынаецца штучнае матэрыяльнае жыцьцё. Пры гэтым жывая істота паводзіцца нейкімі ўяўленьнямі і ў яе ўзьнікае нейкая канцэпцыя жыцьця, але спрадвечна яна зьяўляецца ніргунай, то бок трансцэндэнтнай. Таму ёй трэба ачысьціцца ад набытай матэрыяльнай гнюсі – толькі ў гэтым выпадку яна зможа аднавіць узаемаадносіны з Усявышнім. Гэта адзіная дарога назад, па якой можна ісьці, ня ведаючы страху: сьвядомасьць Крышны. Той, хто разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, абавязкова дасягне дасканаласьці. Калі ж чалавек адмаўляецца ўступіць на гэты шлях самаўсьведамленьня, ён гэтак і застанецца пад уладай трох гунаў матэрыяльнай прыроды.
Вельмі важным у дадзеным вершы зьяўляецца слова шраддха («вера»). Шраддха, вера, заўсёды ўзьнікае з гуны даброці. Чалавек можа верыць у нейкага напаўбога, у прыдуманага Бога ці ва ўласныя выдумкі. Аднак ва ўсялякім выпадку моцная вера павінна прыводзіць яго да дзейнасьці ў матэрыяльнай гуне даброці. Але ў матэрыяльным абумоўленым жыцьці ніводнае дзеяньне ня можа быць абсалютна чыстым, у ім заўсёды ёсьць нейкія дамешкі. У матэрыяльным сьвеце няма даброці ў чыстым выглядзе. Чыстая даброць трансцэндэнтная, і толькі на гэтым узроўні душа здольная спасьцігнуць сапраўдную прыроду Вярхоўнай Асобы Бога. Пакуль наша вера не знаходзіцца цалкам у чыстай даброці, яна заўсёды будзе апаганена ўплывам іншых матэрыяльных гунаў. Апаганьваючы ўплыў гунаў прыроды закранае сэрца жывой істоты. Таму вера жывой істоты залежыць ад таго, пад уплывам якой з гунаў знаходзіцца яе сэрца. Той, чыё сэрца знаходзіцца ў гуне даброці, валодае верай у гуне даброці. Калі сэрца чалавека апаганена ўплывам гуны жарсьці, яго вера набывае якасьці жарсьці. A той, чыё сэрца апанавалі цемра й невуцтва, валодае верай, апаганенай невуцтвам. Такім чынам у матэрыяльным сьвеце ўзьнікаюць розныя віды веры, якія ляжаць у аснове розных рэлігійных сыстэмаў. Сапраўдная рэлігія і вера знаходзяцца ў гуне чыстай даброці, але, паколькі сэрцы людзей закрануты забруджвальным узьдзеяньнем матэрыяльных гунаў, яны вызнаюць розныя рэлігіі. Так розныя тыпы веры прыводзяць да ўзьнікненьня розных формаў пакланеньня.