Бг. 6.11-12

श‍ुचौ देशे प्रतिष्ठाप्य स्थिरमासनमात्मन: ।
नात्युच्छ्रितं नातिनीचं चैलाजिनकुशोत्तरम् ॥ ११ ॥
तत्रैकाग्रं मन: कृत्वा यतचित्तेन्द्रियक्रिय ।
उपविश्यासने युञ्‍ज्याद्योगमात्मविश‍ुद्धये ॥ १२ ॥
шучау деше пратіштхапйа
стхірам асанам атманах
натй-уччхрітам наті-нічам
чаіладжіна-кушоттарам

татраікаграм манах крітва
йата-чіттендрійа-крійах
упавішйасане йунджйад
йогам атма-вішуддхайе

Паслоўны пераклад

шучау — у чыстым; деше — месцы; пратіштхапйа — усталяваўшы; стхірам — цьвёрдае; асанам — сядзеньне; атманах — сваё; на — не; аті — занадта; уччхрітам — высокае; на — не; аті — занадта; нічам — нізкае; чаіла-аджіна — мяккай тканінай і аленевай шкурай; куша — і травой куша; уттарам — пакрытае; татра — там; эка-аграм — засяроджаны; манах — вум; крітва — зрабіўшы; йата-чітта — кантраляваны вум; індрійа — пачуцьці; крійах — той, чыя дзейнасьць; упавішйа — усеўшыся; асане — на сядзеньні; йунджйат — хай займаецца; йогам — йогай; атма — сэрца; вішуддхайе — для ачышчэньня.

Пераклад

Для заняткаў йогай трэба знайсьці чыстае самотнае месца, паслаць на зямлю цыноўку з травы куша, пакрыўшы яе аленевай шкурай і мяккай тканінай. Сядзеньне не павінна быць завысокім ці, наадварот, занізкім. Усеўшыся як сьлед, можна прыступіць да практыкі йогі. Утаймаваўшы вум і пачуцьці, кантралюючы дзейнасьць цела і засяродзіўшы ўяўны позірк у адной кропцы, йог павінен ачысьціць сэрца ад матэрыяльнай гнюсі.

Камэнтар

Пад чыстым месцам тут маецца на ўвазе месца паломніцтва. У Індыі йогі, ці адданыя, пакідаюць свае дамы і пасяляюцца ў сьвятых месцах, такіх як Праяг, Матхура, Врындаван, Хрышыкеш і Хардвар. Там, на берагах сьвятых рэк Гангі ці Ямуны, яны ў адзіноце займаюцца йогай. Аднак часта гэта бывае немагчымым, асабліва для тых, хто жыве за межамі Індыі. Так званыя суполкі йогі, створаныя ў вялікіх гарадах, могуць прыносіць прыбыткі іх заснавальнікам, але не даюць людзям магчымасьці па-сапраўднаму займацца йогай. Той, хто ня здольны кіраваць сваімі пачуцьцямі і вумом, ня можа займацца мэдытацыяй. Таму ў «Брыхан-нарадыя-пуране» сказана, што ў цяперашні век, Калі-югу, калі людзі жывуць мала, марудна рухаюцца шляхам духоўнага разьвіцьця і ўвесь час адчуваюць мноства турботаў, самым лепшым мэтадам духоўнага дасканаленьня зьяўляецца паўтарэньне сьвятога імя Госпада:

харер нама харер нама
харер намаіва кевалам
калау настй эва настй эва
настй эва гатір анйатха

«У гэты век варожасьці й крывадушнасьці адзіны шлях да вызваленьня – гэта паўтарэньне сьвятога імя Бога. Няма іншага шляху, няма іншага шляху, няма іншага шляху».

Навігацыя галоўнага мэню