Альбо [калі йог сышоў з духоўнага шляху, пройдучы большую яго частку] ён зьяўляецца на сьвет у сям'і людзей, якія глыбока спасьціглі духоўную навуку. Рэдка каму ў гэтым сьвеце выпадае такая ўдача.
У гэтым вершы гаворыцца, што зьявіцца на сьвет у сям'і людзей, якія глыбока спасьціглі духоўную навуку, – вялікі посьпех, бо ў такой сям'і чалавека адпачатку жыцьця прылучаюць да духоўнай практыкі. Гэта асабліва тычыцца сем'яў ачарйаў і госвамі. Чальцы такіх сем'яў беражліва захоўваюць традыцыі і даюць дзецям належнае выхаваньне. Яны абазнаныя ў духоўнай навуцы, адданыя Госпаду і таму робяцца духоўнымі настаўнікамі. У Індыі жыве шмат сем'яў ачарйаў, аднак у наш час амаль усе яны зьвяліся з-за нястачы духоўнае адукацыі і выхаваньня. Але ўсё ж з ласкі Госпада яшчэ захаваліся сем'і, якія з пакаленьня ў пакаленьне выхоўваюць адданых Госпада. Нарадзіцца ў такой сям'і, бяз сумневу, вялікі посьпех. На шчасьце, мой духоўны настаўнік, Ом Вішнупада Шры Шрымад Бхакцісіддханта Сарасваці Госвамі Махараджа, а таксама ваш пакорлівы слуга з ласкі Госпада атрымалі магчымасьць нарадзіцца ў такіх сем'ях, дзе зь першых дзён жыцьця нас вучылі зь любоўю й адданасьцю служыць Госпаду. Пазьней мы сустрэліся па волі Ўсявышняга.