Для таго, чый вум неўтаймаваны, самаўсьведамленьне – непасільная праца. Але той, хто скарыў вум і ідзе да мэты пэўным шляхам, абавязкова даб'ецца посьпеху. Такое Мае меркаваньне.
Вярхоўны Госпад кажа тут, што калі мы не скарыстаемся прадпісаным мэтадам лячэньня, што дазваляе ахаваць вум ад матэрыяльнай дзейнасьці, то ня зможам дасягнуць посьпеху ў самаўсьведамленьні. Той, хто спрабуе займацца йогай і ў той жа час аддаецца думкам пра мірскія задавальненьні, падобны да чалавека, які імкнецца распаліць вогнішча і ў той жа час палівае дровы вадой. Для таго, чый вум неўтаймаваны, займаньні йогай робяцца пустым марнаваньнем часу. Такое падабенства йогі можа прынесьці матэрыяльны прыбытак, але яно не дапаможа чалавеку спасьцігнуць сваю духоўную прыроду. Мы павінны падпарадкаваць сабе вум, нястомна займаючыся трансцэндэнтным любоўным служэньнем Госпаду. Калі мы ня будзем дзейнічаць у сьвядомасьці Крышны, то ня зможам увесь час трымаць вум у падпарадкаваньні. Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, без асаблівых высілкаў дасягае вынікаў практыкі йогі, тады як йог ня зможа дасягнуць дасканаласьці, не разьвіўшы ў сабе сьвядомасьці Крышны.