Жывыя істоты ў матэрыяльным сьвеце – Мае вечныя адлучаныя часьцінкі. Апынуўшыся ў абумоўленым стане, яны змушаны весьці суровае змаганьне з шасьцю пачуцьцямі, да якіх належыць вум.
У гэтым вершы ясна апісана прырода жывой істоты. Жывая істота вечна застаецца аддзеленай часьцінкай Вярхоўнага Госпада. Ня трэба думаць, быццам яна валодае індывідуальнасьцю толькі ў абумоўленым жыцьці, а атрымаўшы вызваленьне, зьліваецца зь Вярхоўным Госпадам. Яна вечна застаецца аддзеленай часьцінкай Усявышняга. Тут ясна сказана: санатанах. Паводле Ведаў, Вярхоўны Госпад праяўляе Сябе ў Сваіх незьлічоных экспансыях. Яго першасныя экспансыі называюць вішну-таттвай, а другасныя – жывымі істотамі. Інакш кажучы, вішну-таттва – гэта асобавыя экспансыі Госпада, а жывыя істоты – Яго аддзеленыя экспансыі. Да ліку асобавых экспансый Госпада адносяцца Яго разнастайныя формы: Госпад Рама, Нрысімхадэва, Вішнумурці і ўсе валадары плянэтаў Вайкунтхі. Аддзеленыя экспансыі Госпада, жывыя істоты, зьяўляюцца Яго вечнымі слугамі. Асобавыя экспансыі Вярхоўнага Госпада, Яго індывідуальныя праявы, існуюць вечна. І гэтаксама аддзеленыя экспансыі Ўсявышняга, жывыя істоты, заўсёды захоўваюць сваю індывідуальнасьць. Будучы часьцінкамі Вярхоўнага Госпада, жывыя істоты надзелены часткай Ягоных якасьцяў, адной зь якіх зьяўляецца незалежнасьць. Кожная духоўная іскра – жывая істота – зьяўляецца індывідуальнай асобай і мае нейкую долю незалежнасьці. Злоўжыўшы сваёй незалежнасьцю, вечная душа робіцца абумоўленай, а распарадзіўшыся ёю належным чынам, застаецца ў вызваленым стане. Ва ўсялякім разе жывая істота зьяўляецца вечнай, гэтак жа як і Сам Вярхоўны Госпад. У вызваленым стане жывая істота, не абумоўленая матэрыяльнай прыродай, служыць Госпаду ў трансцэндэнтнай сьвядомасьці, а калі абумоўліваецца, то трапляе пад уплыў матэрыяльных гунаў і забывае пра трансцэндэнтнае любоўнае служэньне. З прычыны гэтага ёй даводзіцца весьці суровае змаганьне за існаваньне ў матэрыяльным сьвеце.
Усе жывыя істоты, ня толькі людзі, каты ці сабакі, але й вялікія ўладары матэрыяльнага сьвету – Брахма, Госпад Шыва і нават Вішну, – зьяўляюцца неад'емнымі часьцінкамі Вярхоўнага Госпада. Усе яны існуюць ня нейкі адведзены ім тэрмін, а вечна. Вялікае значэньне мае ўжытае ў дадзеным вершы слова каршаті («суровае змаганьне, сутычка»). Абумоўленая душа нібы закута ў жалезныя кайданы. Яна закута ў кайданы падманнага эга, і галоўнай сілай, якая кіруе яе дзеяньнямі ў матэрыяльным сьвеце, зьяўляецца вум. Калі вум знаходзіцца ў гуне даброці, дзеяньні жывой істоты дабратворныя для яе, вум у гуне жарсьці прымушае яе дзейнічаць, наклікаючы на сябе турботы, а вум у гуне невуцтва прыводзіць да дэградацыі ў ніжэйшыя формы жыцьця. Аднак з дадзенага верша вынікае, што матэрыяльнае цела, а таксама вум і пачуцьці – гэта ўсяго толькі абалонкі абумоўленай душы; калі яна атрымлівае вызваленьне, матэрыяльныя абалонкі спадаюць, але яе духоўнае цела па-ранейшаму захоўвае індывідуальнасьць. У «Мадх'яндзінаяна-шруці» гаворыцца: са ва эша брахма-ніштха ідам шарірам мартйам атісріджйа брахмабхісампадйа брахмана пашйаті брахмана шріноті брахманаіведхам сарвам анубхаваті. Тут сказана, што, вызваліўшыся з матэрыяльнага палону, жывая істота ўваходзіць у духоўны сьвет, дзе адраджаецца яе духоўнае цела, якое дае ёй магчымасьць сузіраць Вярхоўную Асобу Бога. Там мы можам чуць Госпада, гаварыць зь Ім і спасьцігнуць Яго такім, які Ён ёсьць. З смріті мы таксама даведваемся: васанті йатра пурушах сарве ваікунтха-муртайах – усе насельнікі духоўных плянэтаў маюць такі ж выгляд, як і Вярхоўная Асоба Бога, то бок будова цела аддзеленых часьцінак Госпада, жывых істотаў, і экспансый вішну-мурті на духоўных плянэтах аднолькавая. Іншымі словамі, вызваліўшыся з матэрыяльнага палону, жывая істота з ласкі Вярхоўнай Асобы Бога атрымлівае духоўнае цела.
Асаблівай увагі заслугоўваюць таксама ўжытыя тут словы мамаівамшах («фрагмэнтарныя неад'емныя часьцінкі Вярхоўнага Госпада»). Калі гаворыцца пра часьцінку Вярхоўнага Госпада, ня маецца на ўвазе, што яна адкалолася ад Яго, як адколваюцца часткі матэрыяльнага прадмета. Мы ўжо даведаліся з другой часткі пра тое, што душу немагчыма разрэзаць на часткі. Духоўная часьцінка ня мае аналягаў у матэрыяльным сьвеце. Дух адрозны ад матэрыі, якую можна падзяліць на часткі, а потым злучыць ізноў. Да дадзенага выпадку падобныя ўяўленьні недастасоўныя, на што паказвае ўжытае тут санскрыцкае слова санатана («вечны»). Часьцінка Вярхоўнага Госпада вечна застаецца часьцінкай. Напачатку другой часткі таксама сказана, што ў кожным матэрыяльным целе знаходзіцца аддзеленая часьцінка Вярхоўнага Госпада (дехіно 'смін йатха дехе). Калі гэта аддзеленая часьцінка вызваляецца з матэрыяльнага палону, яе спрадвечнае духоўнае цела адраджаецца і яна трапляе на адну з плянэтаў духоўнага сьвету, дзе можа цешыцца зносінамі з Усявышнім. Аднак з дадзенага верша таксама вынікае, што жывая істота, зьяўляючыся аддзеленай часьцінкай Вярхоўнага Госпада, якасна неадрозная ад Яго, таксама як дробка золата – ад залатога зьлітка.