Бг. 5.3

ज्ञेय: स नित्यसन्न्यासी यो न द्वेष्टि न काङ्‍क्षति ।
निर्द्वन्द्वो हि महाबाहो सुखं बन्धात्प्रमुच्यते ॥ ३ ॥
джнейах са нітйа-саннйасі
йо на двешті на канкшаті
нірдвандво хі маха-бахо
сукхам бандхат прамучйате

Паслоўны пераклад

джнейах — той, якога варта лічыць; сах — ён; нітйа — назаўжды; саннйасі — адрокся; йах — які; на — не; двешті — ненавідзіць; на — не; канкшаті — жадае; нірдвандвах — які пераадолеў уплыў дваістасьці; хі — безумоўна; маха-бахо — о магутнарукі; сукхам — шчасьліва; бандхат — з палону; прамучйате — цалкам вызваляецца.

Пераклад

Таго, хто ня грэбуе пладамі сваёй працы, але й не імкнецца да іх, лічаць за таго, хто заўсёды жыве ў адрачэньні ад сьвету. Пераадолеўшы ўплыў дваістасьці, такі чалавек лёгка скідае кайданы матэрыяльнага рабства і атрымлівае поўнае вызваленьне, о магутнарукі Арджуна.

Камэнтар

Той, хто цалкам разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, заўсёды жыве ў адрачэньні ад сьвету, паколькі не адчувае ані прыхільнасьці, ані непрыязнасьці да пладоў сваёй працы. Такі чалавек, які прысьвяціў сябе трансцэндэнтнаму любоўнаму служэньню Госпаду, валодае дасканалым веданьнем, бо разумее сваю ролю ў адносінах з Крышнам. Ён дасканала ведае, што Крышна – гэта цэлае, а ён сам – неад'емная часьцінка Крышны. Такое веданьне зьяўляецца дасканалым, паколькі дае дакладнае ўяўленьне пра якаснае адзінства і колькаснае адрозьненьне індывідуальнай душы і Ўсявышняга, тады як уяўленьні пра тоеснасьць звычайнай істоты з Крышнам памылковыя, таму што частка ня можа быць роўная цэламу. Канцэпцыя якаснай тоеснасьці й колькаснага адрозьненьня правільна адлюстроўвае сапраўднае становішча справаў і зьяўляецца трансцэндэнтным веданьнем, якое дапамагае чалавеку стаць самадастатковым і ўлагоджаным, пазбаўляючы яго ад жаданьняў і смутку. Вум такога чалавека вольны ад дваістасьці, бо ўсе ягоныя дзеяньні прысьвечаны Крышне. Пераадолеўшы такім чынам уплыў дваістасьці, чалавек атрымлівае вызваленьне, нават знаходзячыся яшчэ ў матэрыяльным сьвеце.

Навігацыя галоўнага мэню