Бг. 5.18

विद्याविनयसम्पन्ने ब्राह्मणे गवि हस्तिनि ।
श‍ुनि चैव श्वपाके च पण्डिता: समदर्शिन: ॥ १८ ॥
відйа-вінайа-сампанне
брахмане гаві хастіні
шуні чаіва шва-паке ча
пандітах сама-даршінах

Паслоўны пераклад

відйа — адукаванасьць; вінайа — і выхаванасьць; сампанне — у тым, чыё багацьце; брахмане — у брахмане; гаві — у карове; хастіні — у слане; шуні — у сабаку; ча — і; эва — безумоўна; шва-паку — у сабакаедзе (недатыкальным); ча — таксама; пандытах — мудрацы; сама-даршінах — тыя, якія бачаць аднолькава.

Пераклад

Пакорлівыя мудрацы, якія валодаюць сапраўдным веданьнем, аднолькава глядзяць на вучонага й выхаванага брахмана, карову, слана, сабаку й сабакаеда [недатыкальнага].

Камэнтар

Чалавек, які валодае сьвядомасьцю Крышны, не праводзіць разьмежаваньняў паміж жывымі істотамі, што належаць да розных формаў жыцьця, роўна як і паміж прадстаўнікамі розных кастаў. Хай брахман і недатыкальны стаяць на розных ступенях сацыяльнай лесьвіцы, а сабака, карова й слон адносяцца да розных відаў, – для мудраца, які спазнаў Aбсалютную Ісьціну, адрозьненьні паміж целамі ня маюць ніякага значэньня. Ён разумее, што ўсе жывыя істоты зьвязаныя з Усявышнім, паколькі Госпад у выглядзе адной са Сваіх поўных экспансый, Параматмы, знаходзіцца ў сэрцы кожнага. Такое разуменьне Ўсявышняга і ёсьць сапраўднае веданьне. Госпад аднолькава добры й міласьцівы да ўсіх жывых істотаў, незалежна ад іх касты ці формы жыцьця, бо лічыць кожную зь іх Сваім сябрам і ў вобразе Параматмы заўсёды суправаджае жывую істоту, у якіх бы ўмовах яна ні апынулася. Госпад у вобразе Параматмы знаходзіцца ў сэрцы недатыкальнага і ў сэрцы брахмана, хоць яны маюць розныя целы. Цела – гэта спараджэньне гунаў матэрыяльнай прыроды, але душа й Звышдуша, зьмешчаныя ў целе, маюць адну, духоўную прыроду. Аднак якасная тоеснасьць душы і Звышдушы ня робіць іх роўнымі ў колькасным дачыненьні, таму што індывідуальная душа можа знаходзіцца толькі ў адным целе, тады як Параматма знаходзіцца ўва ўсіх целах. Чалавек, які разьвіў у сабе сьвядомасьць Крышны, ясна разумее гэта, таму ён валодае сапраўдным веданьнем і аднолькава ставіцца да ўсіх жывых істотаў. Душу й Звышдушу яднае тое, што абедзьве яны валодаюць сьвядомасьцю, існуюць вечна і споўненыя асалоды. Аднак сьвядомасьць індывідуальнай душы абмежаваная межамі аднаго цела, тады як сьвядомасьць Звышдушы распаўсюджваецца на ўсе целы. Звышдуша прысутнічае ў целе кожнай істоты, да якой бы формы жыцьця яна ні адносілася.

Навігацыя галоўнага мэню