Але калі жывая істота атрымлівае веданьне, сьвятло гэтага веданьня расьсейвае цемру недасьведчанасьці і адкрывае ёй сапраўдную прыроду рэчаў, падобна таму як сонца, падымаючыся над гарызонтам, азарае ўсё вакол.
Жывыя істоты, што забыліся Крышну, ня могуць пазьбегнуць ілюзіі, аднак яна ня ўладная над тымі, хто валодае сьвядомасьцю Крышны. У «Бхагавад-гіце» (4.36 – 38) гаворыцца: сарвам джнана-плавена, джнанагніх сарва-кармані і на хі джнанена садрішам. Веданьне – гэта неацэнны дар. Што ж яно сабой уяўляе? Дасканалым веданьнем валодае той, хто аддаўся Крышне: бахунам джанманам анте джнанаван мам прападйате (Б.-г., 7.19). Калі, пражыўшы ў гэтым сьвеце мноства жыцьцяў, чалавек уручае сябе Крышне, трэба разумець, што ён знайшоў дасканалае веданьне; іншымі словамі, калі чалавек знаходзіць сьвядомасьць Крышны, яму адкрываецца ўсё, гэтак жа як усё вакол адкрыта нашаму позірку пры сьвятле сонца. Ілюзія, пад уладай якой знаходзіцца жывая істота, шматаблічная. Напрыклад, калі жывая істота па глупству аб'яўляе сябе Богам, яна насамрэч трапляе ў апошнюю пастку ілюзіі. Але калі жывая істота – Бог, то як яна магла апынуцца пад уладай недасьведчанасьці? Хіба можа Бог апынуцца пад уладай недасьведчанасьці? Калі так, то недасьведчанасьць, ці Сатана, магутней за Бога.
Сапраўдныя веды можна атрымаць толькі ад таго, хто ў поўнай меры валодае сьвядомасьцю Крышны. Таму трэба знайсьці сапраўднага духоўнага настаўніка і пад ягоным кіраўніцтвам авалодаць навукай сьвядомасьці Крышны, бо сьвядомасьць Крышны расьсейвае цемру недасьведчанасьці, падобна таму як сонца расьсейвае начную цемру. Нават той, хто ўсьвядоміў сваё адрозьненьне ад матэрыяльнага цела і сваю духоўную прыроду, можа ня бачыць розьніцы паміж душой і Звышдушой. Аднак гэтае веданьне адкрыецца яму, калі ён прыме заступніцтва сапраўднага духоўнага настаўніка, які валодае сьвядомасьцю Крышны. Спасьцігнуць Бога і свае адносіны зь Ім можна толькі з дапамогай Яго прадстаўніка. Прадстаўнік Госпада ніколі не аб'яўляе сябе Богам, хоць яго шануюць нароўні з Богам за тое, што ён валодае веданьнем пра Бога. Кожны павінен зразумець розьніцу паміж Богам і звычайнай істотай. У другой частцы «Бхагавад-гіты» (Б.-г., 2.12) Госпад Шры Крышна кажа, што ўсе жывыя істоты зьяўляюцца індывідуальнымі асобамі, гэтак жа як і Сам Госпад. Яны валодалі індывідуальнасьцю ў мінулым, валодаюць ёю ў сучаснасьці і захаваюць сваю індывідуальнасьць у будучыні, нават пасьля таго, як атрымаюць вызваленьне. У начной цемры ўсё здаецца аднастайным, але, калі ўзыходзіць сонца, мы атрымліваем здольнасьць ясна адрозьніваць усе прадметы. Разуменьне таго, што ў духоўным быцьці жывая істота захоўвае сваю індывідуальнасьць, і ёсьць сапраўднае веданьне.