Рост колькасьці нежаданых дзяцей непазьбежна прыводзіць да таго, што чальцы сям'і і людзі, якія разбураюць сямейныя традыцыі, трапляюць у пекла. З выраджэньнем роду, продкаў такіх сем'яў чакае падзеньне, бо нашчадкі перастаюць падносіць ім ежу і ваду.
Згодна з прадпісаньнямі карма-канды, памерлым чальцам сям'і неабходна пэрыядычна падносіць ежу і ваду. Гэты абрад непарыўна зьвязаны з пакланеньнем Вішну: пакаштаваўшы ежы, прапанаванай Вішну, душа вызваляецца ад усіх наступстваў сваіх грахоў. Часам памерлыя чальцы сям'і пакутуюць, пажынаючы плады сваіх грахоўных учынкаў, – некаторыя зь іх нават ня могуць атрымаць грубае матэрыяльнае цела й вымушаныя заставацца ў тонкіх целах прывідаў. Але той, хто падносіць сваім продкам прасад, дапамагае ім вызваліцца ад гэтых і многіх іншых пакутаў. Такая дапамога продкам зьяўляецца адной зь сямейных традыцыяў, і тыя, хто не займаецца адданым служэньнем Богу, павінны абавязкова выконваць такія абрады. Аднак адданаму неабавязкова рабіць гэта. Проста займаючыся адданым служэньнем, ён можа пазбавіць сотні й тысячы сваіх продкаў ад любых матэрыяльных пакутаў. У «Бхагаватам»(11.5.41) гаворыцца:
«Той, хто схаваўся пад шатамі лотасавых стопаў Мукунды, Які даруе вызваленьне, хто пакінуў усе мірскія абавязкі й зь непахіснай рашучасьцю крочыць шляхам адданага служэньня, вызваляецца ад усіх даўгоў перад напаўбагамі, мудрацамі, звычайнымі жывымі істотамі, чальцамі сваёй сям'і, усім чалавецтвам ды продкамі» (Бхаг., 11.5.41). Служачы Вярхоўнай Асобе Бога, чалавек тым самым выконвае забавязаньні перад усімі астатнімі.