Бг. 1.1

धृतराष्ट्र उवाच
धर्मक्षेत्रे कुरुक्षेत्रे समवेता युयुत्सव: ।
मामका: पाण्डवाश्चैव किमकुर्वत सञ्जय ॥ १ ॥
дхрітараштра увача
дхарма-кшетре куру-кшетре
самавета йуйутсавах
мамаках пандаваш чаіва
кім акурвата санджайа

Паслоўны пераклад

дхрітараштрах увача — цар Дхрытараштра сказаў; дхарма-кшетре — у месцы паломніцтва; куру-кшетре — у месцы пад назвай Курукшэтра; самаветах — прысутныя; йуйутсавах — жадаючыя ўступіць у бой; мамаках — тыя, хто на маім баку (мае сыны); пандавах — сыны Панду; ча — і; эва — безумоўна; кім — што; акурвата — зрабілі; санджайа — о Санджая.

Пераклад

Дхрытараштра спытаў: О Санджая, што сталі рабіць мае сыны й сыны Панду, калі, палаючы жаданьнем уступіць у бой, сабраліся ў месцы паломніцтва, на полі Курукшэтры?

Камэнтар

«Бхагавад-гіта» – гэта папулярны багаслоўскі твор, сутнасьць якога выкладзена ў «Гіта-махатм'і» («Услаўленьні „Гіты”»). Там, у прыватнасьці, гаворыцца, што вывучаць «Бхагавад-Гіту» трэба вельмі ўважліва, з дапамогай чалавека, адданага Шры Крышне. У спробах зразумець яе сэнс вельмі важна пазьбягаць прадузятых тлумачэньняў, прадыктаваных карысьлівымі матывамі. Прыклад таго, як трэба разумець «Бхагавад-Гіту», мы знаходзім у самой «Гіце»: так зразумеў яе Арджуна, які пачуў гэты твор з вуснаў Самога Госпада. Калі чалавеку пашчасьціць пачуць «Бхагавад-Гіту» ад сапраўднага прадстаўніка Госпада і зразумець яе непрадузята, так, як зразумеў яе Арджуна, можна лічыць, што ён спасьціг усю мудрасьць, заключаную ў Ведах ды іншых сьвятых пісаньнях сьвету. У «Бхагавад-гіце» чытач знойдзе ўсё, што зьмяшчаецца ў іншых пісаньнях, а таксама тое, чаго няма ні ў адной іншай кнізе. У гэтым унікальнасьць «Бхагавад-гіты». Яна ўяўляе сабой дасканалае тэістычнае вучэньне, бо яе распавёў Сам Госпад Шры Крышна, Вярхоўная Асоба Бога.

Размова Дхрытараштры й Санджаі, прыведзеная ў «Махабхараце», складае канву гэтага вялікага філязофскага твору. Як вядома, «Бхагавад-Гіта» была распаведзена на полі бітвы Курукшэтра, якое з спрадвечных часоў, з часоў ведычнай цывілізацыі, зьяўляецца месцам паломніцтва. Яе распавёў Сам Госпад, калі Ён прыйшоў на нашу плянэту, каб паказаць людзям шлях да спасьціжэньня ісьціны.

У гэтым вершы ключавым зьяўляецца слова дхарма-кшетре (месца, дзе выконваюцца рэлігійныя абрады), бо падчас бітвы на Курукшэтры Вярхоўны Госпад прыняў бок Арджуны. Дхрытараштра, бацька Каўраваў, глыбока сумняваўся ў тым, што ягоным сынам пашчасьціць атрымаць перамогу ў маючай адбыцца бітве. Гэтыя сумневы прымусілі яго зьвярнуцца да свайго міністра Санджаі з пытаньнем: «Што яны сталі рабіць?» Ён выдатна ведаў, што ягоныя сыны й сыны яго малодшага брата Панду сабраліся на Курукшэтры, каб уступіць у бой, і тым ня менш ягонае пытаньне не пазбаўлена сэнсу. Ён не хацеў, каб стрыечныя браты заключылі перамір'е, але, у той жа час, турбаваўся за лёс сваіх сыноў і за зыход бітвы. Паколькі полем бітвы выбралі Курукшэтру, месца, якое, згодна зь Ведамі, зьяўляецца сьвятым нават для жыхароў неба, Дхрытараштра баяўся, што сьвятое месца можа паўплываць на зыход бітвы. Ён выдатна разумеў, што гэты ўплыў будзе дапамагаць Арджуне і іншым сынам Панду, бо ўсе яны былі праведныя ад нараджэньня. Санджая быў вучнем В'ясы й з ласкі В'ясы, нават знаходзячыся ў пакоях Дхрытараштры, мог бачыць усё, што адбывалася на полі бітвы Курукшэтра. Таму Дхрытараштра спытаў яго пра тое, што робіцца на месцы бітвы.

Сыны Панду й сыны Дхрытараштры належалі да аднаго роду, але пытаньне Дхрытараштры выдае яго стаўленьне да пляменьнікаў. Ён наўмысна прылічае да роду Куру толькі сваіх сыноў, тым самым пазбаўляючы сыноў Панду іх спадчынных правоў. Гэта сьведчыць пра нелюбоў Дхрытараштры да сыноў Панду.

Такім чынам, з самага пачатку апавяданьня становіцца відавочна, што на сьвятым полі Курукшэтра, дзе знаходзіцца Сам айцец рэлігіі, Шры Крышна, будзе, нібы на рысавым полі падчас праполкі, вырвана ўсё пустазельле (сын Дхрытараштры Дур'ёдхана і іншыя) і што перамогу па волі Госпада атрымаюць сапраўды праведныя людзі на чале зь Юдхіштхірам. Такі сэнс словаў дхарма-кшетре і куру-кшетре, акрамя іх значэньня ў кантэксьце ведычнае культуры й гісторыі.

Навігацыя галоўнага мэню